— Каб не сурочылі. Каб малако ня скісла, вымя ў каровы ня высахла. Калі ў вас благое вока.
— Паліна, я хачу сказаць, — усё, што здавалася самым важным, раптам перастала нешта значыць, — я хачу… папярэдзіць. Блягі чалавек прыйшоў ужо, вам усім будзе бляга.
На Франца ўмольна глядзяць вялікія чорныя вочы: гэта няпраўда? Я ня так зразумела? Ты абароніш!..
— Трэба вам… я ня ведаю што… — сказаў і азірнуўся на дзьверы, на вароты. Раптам гучна зарагатаў, гучна вымавіў: — Малако гут? Малако карашо!
Як бы перакрыўляючы Ота. Паліна на яго глядзіць у зваротнай надзеі, а можа яна ня так зразумела яго? I ўсё ня так страшна. Пайшла дахаты, а Франц, трымаючы аўтамат ля пояса, усьлед.
I пастаяльцы-немцы, і старая — усе ўважліва пазіраюць (гэта заўсёды заварожвае), як малако льецца і пеніцца ў шкляным збане. Старая ўжо накрыла на стол: нязьменная бульба, кавалачкі сала, сьмятана, кансэрвы (відаць, Ота расшчодрыўся і адкрыў бляшанку).
Паліна ўзяла другі, непразрысты збан, гліняны, накрыла марляй і цэдзіць малако ў яго. 3 выразам смутку і асуджанасьці на твары: Францу прыгадаліся такія твары ў музэі, куды яго часта вадзіў бацька — на карцінах з выяваю мадонаў. Ота выразна, не сьпяшаючыся, каб другія не зьвярнулі ўвагі, дастаў свой вялікі срэбны гадзіньнік і, шчоўкнуўшы вечкам, паглядзеў на стрэлкі. Заўважылі аднак усе: яшчэ б, такі гадзіньнік, старадаўні, такі гук. Кучарыха нават пацягнулася разгледзець яго бліжэй. Як да ляза сякеры ў руках ката: ці вострае? Жах скаваў галаву Франца жалезным абручом, сталі раптам балець вочы, нават сьлязіцца ад болю.
Міжволі зірнуў на свой гадзіньнік, наручны, падарунак маці: безь пяці хвілін восем! Заўважыў, што міжволі ўслухоўваецца, што адбываецца за вакном: ц і не пачалося?І ў жоўтых (якія яны жоўтыя ў яго!) вачах, на зрэзаным глыбокімі змаршчакамі твары Ота такое ж чаканьне. Змаршчакаватая шыя сьцярвятніка… Абодва заварожана глядзяць, як льецца пеністае малако, быццам і гэта зьвязана з чаканьнем: скончыцца і… пачнецца.
— Вы сьнедайце, а я набяру бульбы, абед варыць трэба, — раптам пачуўся голас старой гаспадыні. Спалох н а твары Ота: сытуацы я ўскладняецца! Кабета за кольца ўзяла вечка падполу, у другой руцэ трымае пусты кош.
— Dorthin darf man nicht, — памкнуўся да яе Ота, падхопліваючы вінтоўку, што стаяла ля сьценкі. Старая, не разумеючы, што немец мае на ўвазе, перадала яму з рукі ў руку вечка склепа, і Ота, як дурань, прыняў яго, трымае.
А старая, усё ўсьміхаючыся, спускаецца ў склеп. I тут глуха застукалі за акном, недзе ў суседзяў, стрэлы.
— Komm raus, — закрычаў Ота.
Франц глядзіць на Паліну, што, уставіўшыся ў вакно, прыслухоўваецца. Твар яе такі ж белы, як малако, што сьцякае, ужо льецца цераз край чорнага збана, хлюпае на падлогу. Старая з склепу ані гуку, быццам і няма яе там. Ота ў адчаі кінуў вечка, якое да таго бязглузда трымаў, на падлогу і, пасьпешліва зарадзіўшы вінтоўку, грымнуў у падпольле стрэлам. Франц ад нечаканасьці (усё-ткі) падскочыў з табурэту, і цяпер Ота, ашчэрыўшы пракураныя жоўтыя зубы, яму крыкнуў:
— Was steckst du da, Scheisser?
I скіраваў вінтоўку на Паліну. Але Паліна за сьпінай у Франца, і Ота ня можа стрэліць. Стрэліў Франц. Ён і не заўважыў, як рука ўскінула затвор аўтамата, апамятаўся толькі, калі аўтамат забіўся ў яго руках. Скрозь чад, што запоўніў пакой, лёгкія, вочы, сьвядомасьць, Франц бачыць, як Ота, узмахнуўшы рукой і як бы адкідваючы вінтоўку, якая стукнулася аб кухонную шафу, хіліцца да печкі, хапаецца рукамі за яе, быццам узьлезьці на яе хоча. Спаўзае на падлогу, а белая бакавіна печкі заплывае чырвонай, крывавай плямай, што шырыцца на вачах у Франца (і ў вачах Франца).
Нейк адчужана ён пачуў гук свайго аўтамата, што ўпаў пад ногі. Нехта яго штурхае ззаду (Паліна), ён пераступіў аўтамат і апынуўся ля ямы, што вяла пад падлогу. Паліна трымае яго за плечы, нахіляе:
— Туды! Там ёсьць ход! Туды!
Франц паспрабаваў нешта растлумачыць, спытаць, павярнуцца да яе, але чужыя рукі ўчэпіста і ўпарта скіроўваюць яго некуды. Толькі б далей ад гэтага жаху: Франц ступіў на лесьвічку, адразу ж нязграбна сьлізгануў зь яе і ўпаў каленьмі на нешта сьлізкае, коўзкае. Рукі загрузьлі ў бульбе, мокрай, падгнілай.
— О Божа! О Божа! О Госпад Бог!
Старая тут, жывая, але яе не відно. А Паліна закрывае за сабою вечка падпольля. Шэпча:
— У цябе ліхтарык, запалі ліхтарык!
Дзейнічае надзіва ўпэўнена, з разьлікам, быццам ня раз зь ёю такое адбывалася. Гэта прымушае падпарадкавацца і чакаць яе распараджэньняў. Праціснулася каля Франца, скіравала прамень ліхтарыка ў руцэ Франца на патрэбную ёй сьценку і адразу стала зрываць, здымаць зь яе драўляны шчыт.