– Такая казка таксама ёсць! – закрычала Аленка.
– Ну? – сказаў Ваня і паклаў аловак.
– Дык вось, – сказала Аленка, – жыў-быў каваль. Каваў ён аднойчы падкову і так замахнуўся малатком, што малаток сарваўся з дзяржальна, вылецеў у акно, забіў чатырох галубоў, стукнуўся аб пажарную вежу, адляцеў убок, разбіў акно ў дамку брандмайстра і вылецеў на вуліцу, зваліў на зямлю ліхтарны слуп, збіў з ног прадаўца марозіва і стукнуў па галаве Карла Іванавіча Шустэрлінга, які на хвілінку зняў капялюш, каб праветрыць сваю патыліцу. Стукнуўшыся аб галаву Карла Іванавіча Шустэрлінга, малаток паляцеў назад, зноў збіў з ног прадаўца марозіва, скінуў з даху двух катоў, што зацята біліся, перавярнуў карову, забіў чатырох вераб'ёў і зноў заляцеў у кузню, і сеў наўпрост на сваё дзяржальна, якое каваль яшчэ працягваў трымаць у правай руцэ. Усё гэта адбылося так хутка, што каваль нічога не заўважыў і працягваў далей каваць падкову.
– Ну, значыцца, калі пра каваля казку ўжо напісалі, тады я напішу казку пра самога сябе, – сказаў Ваня і напісаў:
“Жыў-быў хлопчык Ваня...”
– Пра Ваню таксама ёсць казка, – сказала Аленка. – Жыў-быў хлопчык Ваня, і вось аднойчы пайшоў ён да...
– Чакай, – сказаў Ваня, – я хацеў напісаць казку пра самога сябе.
– І пра цябе ўжо казку напісалі, – сказала Аленка.
– Не можа быць! – сказаў Ваня.
– А я табе кажу, што ёсць, – сказала Аленка.
– Ды дзе ж яна ёсць? – здзівіўся Ваня.
– А вось купі часопіс “Чыж” нумар сем і там прачытаеш казку пра самога сябе, – сказала Аленка.
Ваня купіў “Чыжа” №7 і прачытаў вось гэтую самую казку, якую толькі што прачытаў ты.
Па-першае, заспяваў я песеньку і пайшоў.
Па-другое, падыходзіць да мяне Пецька і кажа: “Я з табой пайду”. І мы абодва пайшлі, прыпяваючы песенькі.
Па-трэцяе, ідзем мы і бачым – стаіць на дарозе чалавек, ростам з вядро.
“Ты хто такі?” – спыталі мы яго. – “Я самы маленькі чалавек у свеце”. – “Хадзем з намі”. – “Хадзем”.
Ідзем мы далей, але маленькі чалавек не можа за намі ўгнацца. Бегма бяжыць, а ўсё адно адстае. Тады мы яго ўзялі за рукі. Пецька за правую, а я за левую. Маленькі чалавек павіс у нас на руках, ледзь нагамі зямлі кранаецца. Пайшлі мы гэтак далей. Ідзем усе ўтрох і песенькі насвістваем.
Па-чацвертае, ідзем мы і бачым – ляжыць ля гасцінца чалавек, галаву на пянёк паклаў, а сам такі доўгі, што не відаць, дзе ногі заканчваюцца. Падышлі мы да яго бліжэй, а ён як ускочыць на ногі ды як стукне кулаком па пяньку, дык пянёк пад зямлю і пайшоў. А доўгі чалавек азірнуўся навокал, убачыў нас і кажа: “Вы, – кажа, – хто такія, каб мой сон трывожыць?” – “Мы, – кажам мы, – вясёлыя рабяты. Хочаш з намі?” – “Добра”, – кажа доўгі чалавек ды як ступіць адразу метраў на дваццаць. “Эй, – крычыць яму маленькі чалавек. – Пачакай нас трошкі!” Схапілі мы маленькага чалавека і пабеглі за доўгім. “Не, – кажам мы, – так нельга, ты маленькімі крокамі хадзі”.
Пайшоў доўгі чалавек маленькімі крокамі, а сэнсу? Дзесяць крокаў зробіць і знікае з вачэй. “Тады, – кажам мы, – няхай маленькі чалавек табе на плячо сядзе, а нас ты пад пахі вазьмі”. Пасадзіў доўгі чалавек маленькага сабе на плячо, а нас пад пахі ўзяў і пайшоў. “Табе зручна?” – кажу я Пецьку. “Зручна, а табе?” – “Мне таксама зручна”, – кажу я. І засвісталі мы вясёлыя песенькі. І доўгі чалавек ідзе і песенькі насвіствае, і маленькі чалавек у яго на плячы сядзіць і таксама свішча-заліваецца.
Па-пятае, ідзем мы і бачым – стаіць у нас на дарозе асёл. Узрадаваліся мы і надумалі на асле ехаць. Першым паспрабаваў доўгі чалавек. Перакінуў ён нагу праз асла, а асёл яму ніжэй за калена. Толькі хацеў доўгі чалавек на асла сесці, а асёл узяў ды пайшоў, і доўгі чалавек з усяго размаху на зямлю сеў. Паспрабавалі мы маленькага чалавека на асла пасадзіць. Ды толькі асёл некалькі крокаў зрабіў – маленькі чалавек не ўтрымаўся і зваліўся на зямлю. Потым устаў і кажа: “Няхай доўгі чалавек мяне зноў на плячы панясе, а ты з Пецькам на асле едзь”. Селі мы, як маленькі чалавек сказаў, і паехалі. І ўсім добра. І ўсе мы песні насвістваем.
Па-шостае, прыехалі мы да вялікага возера. Бачым, ля берагу човен стаіць. “Ну што, паедзем на чоўне?” – сказаў Пецька. Я з Пецькам добра ў чоўне ўсеўся, а вось доўгага чалавека з цяжкасцю пасадзілі. Скурчыўся ён увесь, каленкі да самага падбароддзя падняў.