Крутагорскія казкі - Глобус Адам

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу Крутагорскія казкі файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

Шрифт
Фон

Адам Глобус

Крутагорскія казкі

© Адам Глобус, 2010

© Выдавец Логвінаў І., 2010

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

1. Казка пра Члiпеня i Злiпеня

Аўторак. Ты выходзiш на вулiцу, каб iсцi на працу, i раптам бачыш натоўпы i сцягi. Тутака ты i даведваешся, што ёсць такi Злiпень. Аказваецца, яго ўсе любяць i шануюць. Куды не кiнеш вокам – паўсюль плакаты пра Злiпеня. А калi ў цябе кепска са зрокам, тады табе праз гучнагаварыльнiкi распавядуць пра Злiпеня. Ты зразумееш, што нiчога не зразумеў. Але ты паверыш, што ў Злiпеня можна верыць, бо тысячы i тысячы людзей будуць iсцi са сцягамi i шарыкамi. І ксяндзы ў пурпуровых шапачках будуць iсцi, i амерыканскi амбасадар будзе ехаць у чорнай машыне, i генералы будуць пазвоньваць залатымi ордэнамi, i дзецi будуць памахваць кветкамi, i прэзiдэнт будзе ўсмiхацца тым дзецям. І ты захочаш быць разам з усiмi, i нават паспрабуеш сказаць добрыя словы пра Злiпеня. Толькi язык твой – вораг твой. Замест «злiпень» ён скажа «злы-пень». І ты прыкусiш язык свой, i цiха пойдзеш на працу. Там ты сядзеш на канапу i прыдумаеш сабе свята Члiпеня, ты прызначыш сабе iндывiдуальнае свята. І ты падрыхтуешся, i адсвяткуеш яго ў сераду.

2. Казка пра Чарнату i Бiблiятэку

«Гульнi з вечнасцю скончылiся…» – так падумала сама сабе Бiблiятэка. Яна састарэла. Пыл накрыў яе кнiгi. Папера зжоўкла. Бiблiятэкары пасыходзiлi на пенсiю. Памяшканне зачынiлася. Бiблiятэка засталася ў самоце. Яна спрабавала нешта-нейкае чакаць, але нiчога не праглядалася нi ў блiзкай, нi ў аддаленай перспектыве. У будучынi бачылася адна Чарната. Раней Бiблiятэка любiла Чарнату, калi тая цiшком прыходзiла ўначы. Цяпер, калi Чарнаты стала шмат, Бiблiятэка ставiлася да яе з насцярогаю i недаверам. Толькi, акрамя Чарнаты, у Бiблiятэкi нiкога не засталося. Таму i размовы даводзiлася весцi з Чарнатою, каб хоць словы не пазабывацца. «Спiш?» – спытала Чарната. «А што рабiць?» – «Несцi святло. Ты мусiш несцi асвету! Наканаванасць твая такая…» – «Як i каму я павiнна несцi святло, калi нiхто не разгортвае маiх кнiжак?» – «Ты павiнна гарэць i ззяць!» За такую жорсткую прапанову Бiблiятэка пакрыўдзiлася на Чарнату. Крыўдавала яна доўга, але нарэшце пагадзiлася з Чарнатою. Бiблiятэка гарэла цяжка i доўга. Яна гiнула ў зыркiм полымi. Яна пакутавала, знiкала i радавалася свайму светладайнаму знiкненню. Бiблiятэка згарэла, i Чарната яе шчыра аплакала i ў тым плачы сказала: «Гульнi з вечнасцю твае толькi пачалiся, мая ты Бiблiятэка…»

3. Шэры доктар

Мiнi Маўс закахаўся ў Максi Маўса, а той палюбiў яго, i яны пайшлi ў бальнiцу. Яны прыйшлi да Шэрага доктара шукаць дапамогi. Максi Маўс хацеў, каб Мiнi Маўс стаў Максi Маўсам, а Мiнi Маўс жадаў, каб Максi Маўс зрабiўся Мiнi Маўсам. Доктар узяў нож i адрэзаў ад цела Максi Маўса цэлае Максi, а ад цела Мiнi Маўса ён адхапiў цэлае Мiнi. І тады адзiн Маўс палюбiў другога Маўса, як самога сябе, i зажылi яны простым i шчаслiвым жыццём, душа ў душу.

4. Чырвоныя яблычкi-1

У мястэчку жыла старая па мянушцы Крывая Бяроза. Яна магла хадзiць пад зямлю. Нiхто не ведаў, як тая Крывая Бяроза заходзiць пад зямлю i выходзiць з-пад яе, але некаторыя на свае вочы бачылi тое дзiва, ну а чулi пра яго ўсе. Мястэчка не любiла Крывую Бярозу, ды толькi тая не пераймалася з-за такой драбязы, як нянавiсць. Яна лiчыла, што нянавiсць да яе паходзiць ад чорнай зайздрасцi, бо i напраўду ёй моцна зайздросцiлi. А зайздросцiлi ёй, бо жыла Крывая Бяроза заможна. Пра такiх кажуць, што iм чэрцi грошы носяць. Толькi грошы i золата Крывая Бяроза выносiла з-пад зямлi сама. Там, пад зямлёю, яна наведвала мерцвякоў i частавала iх райскiмi яблычкамi. А за тыя яблычкi мерцвякi аддавалi ўсё: яны аддавалi i грошы, i золата, i праклятыя падземныя скарбы. Яны аддавалi Крывой Бярозе ўсё чыста, бо верылi ёй. А яна казала iм, што райскiя яблычкi не простыя яблычкi, а не простыя яны, бо выраслi не ў звычайным местачковым садзе старой кабеты, а ў сапраўдным Раi тыя яблычкi налiлiся чырванню. Мерцвякi елi Чырвоныя яблычкi i марылi пра светлы Рай. Яны спадзявалiся на Рай доўга, пакуль свежы нябожчык не расказаў iм пра вялiкi дом Крывой Бярозы. І здагадалiся мерцвякi, што дом той збудавала Крывая Бяроза за iх золата. А яшчэ яны зразумелi, што нiколi не трапяць у сапраўдны Рай. Яны азлiлiся на крывую старую i хацелi парваць яе на кавалкi, ды яна паспела выйсцi з-пад зямлi. Тады мерцвякi сталi чакаць смерцi Крывой Бярозы. Яны спадзявалiся, што раней цi пазней яна ўсё адно трапiць пад зямлю. Марныя былi спадзевы, бо абачлiвая старая напiсала запавет, у якiм казалася, што цела яе мусяць спалiць, а жменьку попелу мусяць высыпаць пад райскую яблыню, якая родзiць салодкiя, як мёд, чырвоныя яблычкi.

5. Атут i Атам

Атут забiў Атама, забраў ягоныя грошы i пайшоў да дзевак. Дух Атама не скарыўся i не прыняў лёс пакутнiка. Ён паўстаў з мёртвага цела, пайшоў за сваiм забойцам, выбраў самую вiдную з дзевак i ўсялiўся ў цела яе. Атут запрапанаваў самай вiднай патанчыць. Тая затанчыла яго да паўсмерцi, а натанчыўшыся, зацягнула Атута ў ложак. На шаўковай прасцiне дзеўка залюбошчыла забойцу ўканец. Дух Атута паўстаў з залюбошчанага цела, каб адпомсцiць распуснай дзеўцы за гвалтоўную смерць сваю. Паўстаў дух Атута i пабачыў дух Атама. Пабачыў ён дух ахвяры сваёй i адчуў сорам за ўчынак свой. Атут пачаў каяцца i прасiць прабачэння. Але дух Атама не прыняў прабачэнняў i раскаянняў таксама не прыняў. Ён павярнуўся спiнаю да ката свайго i сышоў у светлае нiкуды. Атут застаўся ў цёмным i ледзяным нiдзе са злачынствам сваiм.

6. Розныя пальчаткi

Сябра паведамiў навiну: на праспекце Незалежнасцi ён знайшоў скураную мужчынскую пальчатку. Яна выглядала на новую, таму мой таварыш i вырашыў прымераць яе. Калi ён амаль нацягнуў яе на сваю руку, тады i пабачыў, што Чорную пальчатку пашылi на руку з чатырма пальцамi. Навiна распавядалася, калi мы ўдвух пiлi каву ў саюздрукаўскiм кафэ «Глобус», а выйшаўшы з яго, каля Галоўпаштамта мы пабачылi на зямлi Ружовую пальчатку. На шэрым ходнiку ляжала новая жаночая пальчатка, якую пашылi для чалавека з шасцю пальцамi.

7. Чорныя крылы

Выходжу ў двор i на поўныя грудзi ўдыхаю п’янкае восеньскае паветра. Такое адчуванне, нiбыта я, не адрываючыся, выпiў шклянку яблычнага вiна. Іду пад залатымi каштанамi паўз блакiтныя дамкi-вагончыкi будаўнiкоў. У маiм двары дабудоўваецца вялiкi дом, палова двара пазастаўляна гэтымi вагончыкамi-дамкамi. За адным з iх i бачу пару вялiкiх Чорных крылаў. Бяру левае крыло, прымерваю. Крыло сядае на руку, як маё. Узмахваю. Бог мой, якое шчыльнае паветра! Як шархацяць пёры ў той дрогкай шчыльнасцi! Слоў няма… Спрабую прымераць-прыладзiць правае крыло, а яно – чужое. Не падыходзiць яно, а я не адступаюся. Тут голас: «Нiчога ў цябе не атрымаецца з Чорнымi крыламi!!!» Уздымаю вочы. На будаўнiчым буданчыку сядзiць чорт. Апранахi скураныя з безлiччу замкоўмаланак, чаравiкi важкiя, рогi залацiста-лакавыя, скронi паголеныя, вочы чорна-сiнiя, твар сур’ёзны. Злосць мяне ўзяла: «Ідзi ты да д’ябла!!!» І прапаў чорт разам з Чорнымi крыламi, адно боль застаўся ў маёй правай руцэ, нiбыта я яе чымсьцi намуляў.

8. Рыжы кот

Мужчына ўсунуў жанчыне ў рот палец. А тая ўзяла ды пракусiла яго. Чаго толькi не здараеццца падчас гарачых любошчаў.

«Што я жонцы скажу?» – заныў падкалечаны каханак. «Скажаш: ваш Рыжы кот хапануў!» – каханка хутка знайшла выйсце. Мужчына так i зрабiў. Жонка, не вагаючыся, прапанавала забiць ката. Муж спрабаваў абаранiць нi ў чым не вiнаватую жывёлiну, але не змог. Жонка занесла ката да ветэрынара, i той яго ўсыпiў. Выпручаны труп паклаўся ў скрынку з-пад ботаў i закапаўся каля сметнiка. Здавалася, гiсторыi канец. Ды не… У самую чорную сярэдзiну ночы кот-нябожчык выпаўз з каробкi, прыбег да сваiх былых гаспадароў i перакусiў гаспадынi сонную артэрыю. Гаспадар прахапiўся ад перадсмяротных енкаў i спрабаваў злавiць Рыжага, але кот уцёк. Ён не наталiўся адным забойствам, ён прабраўся ў кватэру iлжывай каханкi i перагрыз ёй белае горла. На гэтым кату можна было б спынiцца, але ён не спынiўся. Ён разгульваў у свеце жывых i назiраў, як мужчыну арыштавалi i абвiнавацiлi ў падвоеным забойстве, як суд прызнаў яго вiнаватым у жорсткiм злачынстве. Толькi калi мужчыну пакаралi смерцю, Рыжы кот вярнуўся на сметнiк, залез у каробку з-пад ботаў i салодка заснуў з пачуццём выкананага абавязку.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке