Абое рабое - Дземідовіч Таццяна страница 2.

Шрифт
Фон

Пляваліся, вядома ж, жыхары ад такой яе ініцыятывы, але аслухацца ні ў чым не асмеліліся. Бо для ўсіх яна ў памяці была строгай, патрабавальнай настаўніцай.

 Калісьці яна майго Сярожаньку закатавала сваёй матэматыкай,  абуралася суседка Галіна,  а цяпер яшчэ за мужа ўзялася буклет вось прынесла Але, з іншага боку, можа, яно і да лепшага Лайдак мяне не слухае, дык хоць суседка розуму навучыць.

 Вядома, да лепшага!  згаджалася суседка з другога паверха.  Вось і ў падвале прыбралі, і каля дома зараз чысціня І за маім чатырнаццацігадовым неслухам яна сочыць Толькі ён за цыгарэту возьмецца а яна тут як тут. Раз і за вуха яго! Мяне сынуля не баіцца, а яе як убачыць адразу па стойцы смірна.

За кароткі час Алена Пятроўна навяла ў панэльнай пяціпавярхоўцы ўзорны парадак. А энергіі ў яе па-ранейшаму хоць адбаўляй!

 Будзем пляцоўку дзіцячую і рамонт у двары рабіць!  вырашыла пенсіянерка.

Прайшлася яна па кватэрах і сабрала з усіх подпісы ў падтрымку дваровага рамонту. Потым адправіла патрэбныя паперы і ў мясцовую ЖКГ, і ў гарвыканкам, аблвыканкам Хадзіла Алена Пятроўна па кабінетах, вяла доўгую перапіску з чыноўнікамі! І ўсё-такі дамаглася свайго!

Напачатку лета разгарнулася ў двары грандыёзная будоўля. Паставілі рабочыя і новыя лавачкі, і дзіцячы гарадок зрабілі, і сучасныя ліхтары запалілі, і на дарожках плітку замянілі, і дрэвы пасадзілі. Словам, стаў двор узорна-паказальным. Нават тэлебачанне прыязджала сюды перадачу здымаць!

Не нарадуюцца жыхары дома, і пры сустрэчы энтузіастцы словы ўдзячнасці гавораць, здароўя ёй жадаюць

Ды раптам Алену Пятроўну зноў на працу паклікалі. Праўда, у іншую школу звычайную і за горадам, дзе настаўнікаў не хапае. Прыйшлося жанчыне пераехаць жыць на сваю дачу, каб бліжэй да пасялковай школы дабірацца

 Паехала Пятроўна?  у той жа дзень шэптам спытаў у суседкі Грыша Канаплянік.

 Угу,  буркнула ў адказ Надзька Шастапёрава.  Сабрала манаткі і сёння раніцай адчаліла! Хоць уздыхнем спакойна

Узняла Надзька з падлогі свае цяжкія тазы і пайшла на вуліцу бялізну развешваць.

Грышка Канаплянік гучна пацягнуўся, смачна плюнуў на бліскучую плітку лесвічнай пляцоўкі і пайшоў следам за суседкай. На ганку ён яшчэ раз плюнуў, попел на лавачку строс:

 Слава Богу, паехала! Эх, свабода!

 Свабода!  пацвердзіла Надзька Шастапёрова.  Не паспела Пятроўна зехаць, а ўжо хтосьці вяроўку бялізнавую зняў.

 Свабода!  паўтаралі адзін за другім жыхары старой пяціпавярхоўкі, і дзень за днём мяняўся двор. У ліхтарах выкручвалі лямпачкі, ламалі дзіцячыя арэлі, спраўлялі патрэбу каты ў закінутай пясочніцы, выкарчоўвалі кусты руж і агрэсту.

 Свабода!  цынічна ўсміхаўся раздзяўбанымі дзвярыма і пагнутымі парэнчамі былы ўзорна-паказальны падезд.

Зоркi ў вушах

Дарослыя цётачкі дакладна ведаюць, што такое прыгажосць, і так не хочацца іх расчароўваць. У дзесяць гадоў мне падарылі на дзень нараджэння залатыя завушніцы. Вядома ж, я хацела ровар, альбо кацяня, альбо рубель на марожанае, кіно і каруселі. Але ў дарослых за святочным сталом пры поглядзе на аксамітную скрыначку з дзвюма маленькімі зорачкамі былі такія захопленыя вочы!

І я змірылася з важнасцю падарунка. Калі пілі за маё здароўе, мама, між іншым, паведаміла, што заўтра мы пойдзем у касметычны салон праколваць вушы! Настрой прапаў. У цацкі не гулялася, з сябрамі не бегалася. Але я была вельмі паслухмяным дзіцём і на наступны дзень паныла паплялася ў храм прыгажосці.

Жанчына ў белым халаце і марлевай масцы нагадала ўсе выпадкі пабітых каленак, пякучых прышчэпак, балючага лячэння малочных зубоў. Я схапілася за вушы і падалася назад. Мама паглядзела сурова, і я зразумела, што не пашкадуе. Касметычная фея незадаволена хмыкнула і строга вымавіла:

 Калі хочаш быць прыгожай і падабацца хлопчыкам, трэба крыху пацярпець!

Я паспрабавала ўспомніць, ці ёсць у нашай школьнай прыгажуні Волечкі зорачкі ў вушах, але перад вачыма стаялі толькі яе падрапаныя рукі і атласная стужачка ў тонкай кароткай косцы. Потым мяне ўціснулі ў крэсла, і скрозь боль я адчула, як знаёмыя галасы аддаляюцца рэхам. У вачах пабялела, ногі і рукі не слухаліся, здаваліся бязважкімі. Так я страціла прытомнасць І на зло ўсім хацела яшчэ доўга ляжаць няшчаснай, але медсястра паднесла да носа нашатыр.

 Малайчына! Герой!  усміхнулася «Касметычка».  Затое цяпер будзеш моднічаць!

І з той хвіліны я так намоднічалася! Калі сядзела на ўроках, дык у цяжкіх роздумах намацвала вострыя вуглы зорачак, нервова скубла завушніцы, адцягвала мочкі вушэй Але больш за ўсё баялася іх згубіць! Бывала, зайграюся на вуліцы, а потым раз і ўспомню пра залаты хамут. Сэрца ёкне, па спіне халадок прабяжыць, у горле затрымаецца камяк. Схаплюся дзвюма рукамі за вушы цьфу ты! Зоркі на месцы!

Але аднойчы завушніца выслізнула, бразнула аб пыльны, гарачы асфальт і знікла. Увесь двор, уключаючы дваровую сабаку Альму, шукаў маю завушніцу, а я, абхапіўшы калені рукамі, сядзела на лаўцы і ціха ўсхліпвала. І было моташна і страшна. Не зберагла

Зорку знайшла наша дворнічыха. Яна бліснула радком залатых зубоў і злосна вымавіла:

 Трымай, неахайніца! Мамкі вам накупляюць дарагіх цацак, а вы вось з імі як няўдзячныя!

 Дзякуй!  разгублена прашаптала я і падумала, што залатыя зубы гэта, мабыць, яшчэ больш прыгожа і надзейна. Не тое што завушніцы. Але, напэўна, вельмі балюча. Можна тысячу разоў прытомнасць страціць.

У пятнаццаць гадоў спяшалася на першае спатканне. Апранала сукенку, зачапілася зоркай за маланку вуха закрывавіла, запякло. Раззлавалася. Зняла завушніцы і паклала ў скрыначку.

Як аказалася, назаўсёды! Мы сядзелі на даху старога гаража, елі марожанае, балбаталі ні пра што

 Твае валасы пахнуць летам!  сказаў ён і ўсміхнуўся роўнымі белымі зубамі. Вось табе і першы ў жыцці камплімент. Шчокі запалымнелі, я збянтэжана адвярнулася, накруціла кудзерку на палец.

«Валасы пахнуць летам»,  у думках паўтарала я, калі ўзлятала па лесвіцы ўверх, каб дома хутчэй паставіць у вазачку першыя ў маім жыцці кветкі. Шчасце аказалася зусім не залатым, бязважкім, непатрабавальным

Падарунак

 З Новым годам, дарагая!  пяшчотна прамовіў Іван і працягнуў жонцы канверцік, міла ўпрыгожаны пунсовымі сэрцайкамі.

 Нічога сабе!  разгарнуўшы яго, усклікнула Ліда.

 Гэта табе на новую сукенку! Вось так Уся мая заначка,  пераступаючы з нагі на нагу, збянтэжана прамовіў Іван.

 Трэба ж!  ад нечаканасці ў Ліды перахапіла дыханне. І яе заўсёды спакойны, сурёзны погляд раптам стаў наіўна-радасным, як у сямнаццацігадовай дзяўчыны.

Ліда адразу прадставіла сябе ў доўгай серабрыстай сукенцы, упрыгожанай тонкім залатым паяском. І ад блізкасці гэтай мары ў яе па-вясноваму прыемна закружылася галава.

 Усё! Бягу ў краму! Адразу!

Некалькі разоў яна прымяралася да новай яркай сукенкі, сарамліва перабірала спатнелымі далонямі хвалі яго мяккай тканіны, прыкладвала да плячэй лёгкі прахалодны матэрыял. І вось зараз яна магла купіць жаданую рэч! Гэта здавалася сапраўдным жаночым шчасцем!

 Сто рублёў! Не кожны мужчына вырашыцца на такі падарунак. Які ж мой Іван усё-такі выдатны  па дарозе ў краму разважала Ліда.  А сам, глядзіш, цэлы год з адным гальштукам ходзіць Трэба было б і яму абноўку купіць.

І Ліда, нядоўга думаючы, спынілася ў аддзеле з мужчынскай вопраткай. Там яна набыла каханаму мужу і новы гальштук, і чарговую пару шкарпэтак.

 Усё добра  яшчэ раз гаспадарскім поглядам ацаніўшы свае пакупкі, пры выхадзе з аддзела падумала Ліда.  Толькі вось пра Ярынку я забылася. Атрымліваецца, мужу купіла, а дачцэ нічога. А яна, між іншым, даўно прасіла новы берэт.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке