Нарэшце яны ўехалi ў горы, гiганцкiя, фантастычныя, казачныя. Цягнiк з гулам iшоў у цяснiне памiж высачэнных скал, перасечаных упоперак фiялетавымi, жоўтымi i чырвонымi палосамi. Памiж скал, на палове iх вышынi, доўгаю белаю стужкай вiселi аблокi. На дробных станцыях можна было ўбачыць мексiканцаў у шырокiх капелюшах i вышываных скураных куртках.
- Наступная станцыя - Дымiнг, - папярэдзiў Жана Манье негр, праваднiк спальнага вагона. - Пачысцiць вам чаравiкi, мiстэр?
Француз сабраў свае кнiжкi i зачынiў чамадан. Звычайнасць гэтага, што нi кажы, апошняга падарожжа здзiўляла яго. Ён пачуў шум горнага патока. Заскрыгаталi тармазы. Цягнiк спынiўся.
- У "Танатос", сэр? - аклiкнуў Жана Манье насiльшчык-iндзеец, прабягаючы паўз вагоны. Ён пагрузiў ужо ў сваю каламажку багаж дзвюх маладзенькiх бландзiнак, якiя тупалi за iм услед.
"Няўжо гэтыя дзве мiлыя дзяўчыны прыехалi сюды памiраць?" - падумаў Жан Манье.
Яны зiрнулi на яго засмучанымi вачамi i прашапталi нейкiя словы, якiх ён не разабраў.
Аўтобус гатэля "Танатос" зусiм не быў падобны на катафалк, як некаторыя маглi сабе ўявiць. Пафарбаваны ў ярка-сiнi колер, блакiтны i жоўценькi ўнутры, ён зiхацеў на сонцы сярод абшарпаных i разбiтых аўтамашын, якiя надавалi прывакзальнаму двару, дзе не сцiхала гiшпанская i iндзейская лаянка, выгляд рынка, заваленага жалезным ламаччам. Скалы, што абступалi дарогу, абраслi лiшайнiкам, былi пакрыты блакiтна-шэрай смугой, а вышэй выблiсквалi металiчныя колеры горных парод. Шафёр, тоўсты чалавек з лупатымi вачамi, быў у шэрым форменным адзеннi. Жан Манье з далiкатнасцi сеў побач з iм, каб не дакучаць сваiм спадарожнiцам. Потым, калi машына пачала пятляць, крута падымаючыся ўгору, француз паспрабаваў загаварыць са сваiм маўклiвым суседам:
- Вы даўно працуеце шафёрам "Танатоса"?
- Тры гады, - прабурчаў шафёр.
- Дзiўная, вiдаць, работа.
- Дзiўная? - пацiснуў плячамi шафёр. - Чаму дзiўная? Я ваджу аўтобус. Што ж тут дзiўнага?
- Скажыце, вашы пасажыры калi-небудзь вяртаюцца?
- Не часта, - крыху збянтэжаца адказаў той. - Не часта... Але гэта бывае. Вось, напрыклад, я.
- Вы? Сапраўды? Вы прыехалi сюды як... клiент?
- Вось што, мiстэр, - сказаў шафёр, - я ўзяўся за гэтую работу не для таго, каб у мяне пыталiся, дый павароты тут небяспечныя. Вы ж, мабыць, не хочаце, каб я ўкакошыў вас i гэтых дзяўчынак.
- Вядома, не хачу, - згадзiўся Жан Манье i, зразумеўшы недарэчнасць свайго адказу, усмiхнуўся.
Гадзiны праз дзве шафёр моўчкi паказаў яму пальцам на сiлуэт "Танатоса", якi вырысоўваўся на пласкагор'i.
* * *
Гатэль быў пабудаваны ў гiшпана-iндзейскiм стылi: нiзкi, са ступеньчатым дахам i чырвонымi мураванымi сценамi - грубая iмiтацыя пад глiну. Пакоi выходзiлi на поўдзень, на крытыя веранды, шчодра асветленыя сонцам. Прыезджых сустрэў парцье-iталiец. Яго чыста выбрыты твар адразу ж нагадаў Жану Манье другую краiну, вулiцы вялiкага горада, бульвары ў кветках.
- Чорт вазьмi, дзе я вас бачыў? - запытаў ён у парцье ў той час, як хлопчык-слуга браў яго чамадан.
- У Барселоне, сэр, у гатэлi "Рыц"... Прозвiшча маё - Сарконi... Я выехаў адтуль, калi пачалася рэвалюцыя...
- З Барселоны ў Новую Мексiку! Нiшто сабе махнуў!
- О, сэр, пасада швейцара ўсюды аднолькавая. Толькi карткi, якiя я папрашу вас запоўнiць, тут крыху даўжэйшыя. Вы ўжо, калi ласка, даруйце, сэр.
Ён падаў гасцям друкаваныя бланкi, дзе сапраўды было многа граф, пытанняў i падрабязных тлумачэнняў. Клiентам прапаноўвалася дакладна запiсаць дату i месца свайго нараджэння, а таксама прозвiшчы асоб, якiх трэба апавясцiць у выпадку няшчаснага здарэння.
"Просьба прыкласцi адрасы сваякоў цi сяброў (самае меншае - два) i абавязкова перапiсаць уласнаручна на сваёй роднай мове наступную заяву (форма А):
Я, нiжэйпадпiсаны, ......