Яна стаяла каля ўвахода ў пячору i пляткарыла з дагiстарычнымi дамамi, якiя прыйшлi да яе ў госцi на дагiстарычнае снеданне.
Тафi была вельмi падобная на Цешумай, асаблiва вачамi i верхняй часткай твару, таму Незнаёмы - сама сапраўдны цяварац - пачцiва ўсмiхнуўся i ўручыў Цешумай бяросту. Ён гэтак хутка бег па балоце, што засопся, а ногi ў яго былi паабдзiраны калючым цярноўнiкам, але ён усё яшчэ стараўся быць ветлiвым.
Як толькi Цешумай зiрнула на карцiнку, яна заверашчала i рынулася на Незнаёмага. Астатнiя дагiстарычныя дамы разам павалiлi яго на зямлю i ўсе шасцёра ўселiся на яго ў радок, а Цешумай узялася выскубваць у яго з галавы цэлыя жмуты валасоў.
- Усё зусiм зразумела i проста, - сказала яна. - Гэты незнаёмы мужчына праткнуў майго Цегумая дзiдай i гэтак напужаў Тафi, што ў яе валасы сталi дыбам. Але гэтага яму было мала, i ён прынёс мне страшную карцiнку, каб пахвалiцца сваiмi злачынствамi. Глядзiце, - i яна паказала карцiнку ўсiм дагiстарычным дамам, што цярплiва сядзелi на Незнаёмым, - вось мой Цегумай, у яго зламаная рука. Вось дзiда, якую ўваткнулi яму ў спiну, а вось чалавек, якi збiраецца кiнуць у Цегумая дзiду, а вось другi чалавек, якi кiдае ў яго дзiду з пячоры. А вось тут цэлая шайка лiхадзеяў (Тафi намалявала баброў, але яны былi больш падобныя на людзей) падкрадваецца ззаду да Цегумая... Усё гэта жахлiва, жахлiва!
- Жахлiва! - згадзiлiся дагiстарычныя дамы i выпэцкалi Незнаёмаму ўсю галаву граззю (што вельмi здзiвiла яго) i загрукалi ў баявы барабан.
I на стук барабана прыйшлi ўсе правадыры цегумайскага племенi з усiмi сваiмi гетманамi, даламанамi, негусамi. За iмi крочылi прарокi, знахары, жрацы, шаманы, бонзы - i ўсе яны ў адзiн голас парашылi: адсячы Незнаёмаму галаву, але хай ён спачатку завядзе iх да ракi i пакажа, куды ён схаваў няшчасную Тафi.
Мiж тым Незнаёмы (хоць ён i быў цяварац) вельмi моцна ўзлаваўся на дамаў. Яны панабiвалi яму ў валасы камякоў гразi, яны правалаклi яго па вострых камянях, шасцёра з iх доўга сядзелi на iм; яны бiлi i малацiлi яго так, што ён ледзьве дыхаў, i хоць iхняя мова была яму незразумелая, няцяжка было здагадацца, што яны лаюць яго сама брыдкай лаянкай. I ўсё-такi ён не сказаў нiводнага слова, а калi сабралася цегумайскае племя, ён павёў гэтых людзей да ракi Вагай, i там яны ўбачылi Тафi. Яна сядзела i пляла вянок са стакротак, а бацька яе Цегумай цэлiўся дзiдай, якую яму ўжо ўдалося адрамантаваць, у невялiкага карпа, што плыў у рацэ.
- Хутка ж ты вярнуўся! - усклiкнула Тафi. - Але чаму ты прывёў з сабою гэтулькi народу? Татачка, вось мой сюрпрыз. Праўда, ты здзiўлены?
- Вельмi, - сказаў Цегумай. - Але ўсё маё сённяшняе паляванне прапала. Чаго, чаго, растлумач мне, збеглася сюды ўсё наша слаўнае племя?
I сапраўды, усё племя было тут. Наперадзе крочыла Цешумай Тэвiндра з усiмi сваiмi суседкамi. Яны моцна трымалi Незнаёмага, валасы якога былi густа запэцканы граззю (хоць ён i быў цява рац). За iмi iшоў галоўны правадыр са сваiм намеснiкам, потым мiнiстры i памочнiкi правадыра (узброеныя да самых зубоў), гетманы, сотнiкi, негусы, ваяводы са сваiмi тылавымi атрадамi (таксама ўзброеныя да зубоў). А за iмi бегла ўсё племя з такiм страшэнным лямантам, якi распудзiў усю рыбу ў рацэ на дваццаць кiламетраў - не менш.
Гэта вельмi раззлавала Цегумая, i ён аблаяў усiх, хто прыбег да ракi, сама непрыстойнымi дагiстарычнымi словамi.
Тут Цешумай Тэвiндра падбегла да Тафi i давай цалаваць яе, абдымаць ды песцiць. Але галоўны правадыр цегумайскага племенi схапiў Цегумая за пёры, што тырчалi ў яго ў валасах, i затрос яго з шалёнай лютасцю.
- Гавары! Гавары! Гавары! - закрычала ўсё цегумайскае племя.
- Што за лухта! - сказаў Цегумай. - Пакiньце мае пёры ў спакоi.