Харэзм — магутная дзяржава XII—XIII стагоддзя.
Чаган — палка (ракетка) для выбівання мяча.
Чачнагір — прыдворны віначэрп.
Шаўтэлі — грузінскі паэт XII стагоддзя. Аўтар паэмы «Абдул-Месія».
Эзрас (Эзра) — упамінаецца ў бібліі, аб жыцці яго расказвалася ў апакрыфічных зборніках («Дзіва-нас).
Іван быў дзевятнаццатым дзіцем у гуцульскай сям’і Палійчукоў. Дваццатай і апошняй была Аннычка.
Паволі расло дзіця, ды ўсё ж падрастала, і не заўважылі нават, як давялося шыць яму штаны. Але таксама было дзікаватае. Глядзіць перад сабой, а бачыць штосьці далёкае і нікому не вядомае або без дай прычыны крычма крычыць. Майткі з яго з’язджаюць, а яно стаіць сярод хаты, заплюшчыць вочы, разявіць рот і верашчыць.
Тады маці вымала люльку з зубоў і, замахнуўшыся на яго, злосна крычала:
— Цьфу на цябе! Ты, падкідыш! Згінь, каб вочы мае не бачылі!..
І ён знікаў.
Адсюль дзівіўся на горы, на блізкія і далёкія вяршыні, што ўпіраліся ў блакітнае неба, на яловыя чорныя лясы з іх сінім дыханнем, на светлую зеляніну царынак, якія, нібыта люстэркі, блішчэлі ў рамах дрэў. Пад ім, у даліне, кіпеў халодны Чарамош. На далёкіх узгорках драмалі пад сонцам самотныя хаціны. Было ціха і сумна, чорныя елкі бесперастанку спускалі сум свой у Чарамош, а ён нёс яго долам і расказваў.
Не раз, прахапіўшыся ўночы, сярод варожай цішыні, ён дрыжаў ад жаху.
Увесь свет быў як казка, поўная цудаў, таямнічая, цікавая і страшная.
Цяпер ён ужо меў абавязак — яго пасылалі пасвіць кароў. Гнаў у лес сваіх рыжуню і сівуню, і калі яны патаналі ў хвалях лясных траў і маладых ялінак і ўжо адтуль абзываліся да яго, як з-пад вады, тужлівым звонам сваіх званкоў, ён садзіўся дзе-небудзь на схіле гары, вымаў сапілку і найграваў няхітрыя песні, якія пераняў ад старэйшых. Аднак музыка не ўлагоджвала яго. Са злосцю кідаў сапілку і слухаў іншыя мелодыі, што жылі ў ім, незразумелыя і няўлоўныя.
Знізу ўзнімаўся да Івана і затапляў горы глухі рачны гоман, а ў яго капаў час ад часу празрысты звон. З-за яловых лапак выглядалі журботныя горы, напоеныя сумам ценяў ад хмар, што ўсё сціралі і сціралі бледную ўсмешку царынак. Горы штохвіліны мянялі свой настрой: калі смяялася царынка, хмурыўся лес. І гэтаксама цяжка было ўхапіць зрокам тое рухомае аблічча гор, як нялёгка было дзіцяці злавіць капрызную мелодыю песні, што вілася, трапятала крыльцамі каля самага вуха і не давалася.
Аднаго разу ён пакінуў сваіх кароў і пакараскаўся на самую вяршыню. Ледзь прыкметнай сцежкай падымаўся вышэй і вышэй, сярод густога зарасніку выцвілай папараці, калючых ажын і малін. Лёгка пераскокваў з каменьчыка на каменьчык, пералазіў цераз паваленыя дрэвы, прадзіраўся скрозь голле кустоў. За ім падымаўся з даліны вечны шум рэчкі, раслі горы, і ўжо ўставаў на даляглядзе блакітны прывід Чарнагоры. Доўгія ніцыя травы ўкрывалі цяпер бакі гары, званкі кароў абзываліся, як далёкае ўздыханне, усё часцей трапляліся вялікія камяні, што далей, на самай вяршыні, тварылі хаос пакрышаных скал, спісаных лішаямі, здушаных у змяіных абдымках карэннем ялін. Пад нагамі ў Івана кожны камень укрывалі рудыя імхі, тоўстыя, мяккія, шаўковыя. Цёплыя і пяшчотныя, яны хавалі ў сабе пазалочаную ваду летніх дажджоў, мякка ўгіналіся і абдымалі нагу, як пуховая падушка. Кучаравая зеляніна брусніц і чарніц запусціла сваё карэнне ў глыбіню моху, а зверху сыпанула расою чырвоных і сініх ягад.
Тут Іван сеў адпачыць.
Над ім завіс ласкавы звон хвоі, змешаны з шумам ракі, сонца наліло золатам глыбокую даліну, пазеляніла травы, дзесьці курыўся дымок ад вогнішча, з-за Ігрыца аксамітным гулам каціўся гром.
Іван сядзеў і слухаў, зусім забыўшыся, што трэба глядзець кароў.
Ён памкнуўся ўцякаць — і не мог. Сядзеў, прыкуты на месцы, і нема крычаў ад халоднага жаху, а калі нарэшце прарваўся голас, зніч прапаў раптам у скале, а казлы зрабіліся карэннем дрэў, паваленых ветрам.
Іван нёсся цяпер уніз, без памяці, усляпую, ірваў здрадлівыя абдымкі ажын, ламаў сухое голле, каціўся па слізкіх імхах і з жахам чуў, што за ім штосьці гоніцца. Нарэшце ўпаў. Колькі ляжаў, не помніць.
Апамятаўшыся і ўбачыўшы знаёмыя мясціны, ён крыху супакоіўся. Здзіўлены, нейкі час прыслухоўваўся. Песня, здавалася, гучала ўжо ў ім самім. Ён дастаў сапілку. Адразу ў яго не выходзіла, мелодыя не давалася. Пачынаў іграць спачатку, напружваў памяць, лавіў нейкія гукі, і калі ўрэшце знайшоў, што доўга шукаў, што не давала яму спакою, і лесам паплыла дзіўная, не вядомая яшчэ песня, — радасць уварвалася ў яго сэрца, заліла сонцам горы, лес і траву, заклекатала ў ручаях, ускінула Іванавы ногі, і ён, шпурнуўшы сапілку ў траву і ўзяўшыся ў бокі, закружыўся ў танцы. Перабіраў нагамі, станавіўся лёгка на пальцы, біў босымі пятамі аб зямлю, выкідваў каленцы, круціўся і прысядаў. «Ёсць мае козы... Ёсць мае козы...» — штосьці спявала ў ім. На сонечнай пляме палянкі, што схавалася ў пахмурным царстве ялін, скакаў беленькі хлопчык, нібы матылёк пырхаў з сцяблінкі на сцяблінку, а абедзве каровы — рыжуня і сівуня, прасунуўшы галовы паміж ялін, ветліва глядзелі на яго, жуючы жуйку, ды зрэдку званілі ў такт.