Выцягнула нарэшце доўгую цукерку.
— Глянь!
Палавіну адкусіла, а другую важным, поўным даверу рухам падала яму.
— На!
Ён завагаўся, але ўзяў.
Цяпер яны ўжо сядзелі поруч, забыўшыся пра віск бойкі і сярдзіты шум рэчкі, а яна расказвала яму, што завецца Марычкай, што пасе ўжо авечак, што нейкая Марцінова — сляпая на адно вока — пакрала ў іх муку... і падобнае іншае, абаім цікавае, блізкае і зразумелае, а пагляд яе чорных матавых вачэй мякка ныраў у Іванава сэрца...
І трэці раз затрубіла трамбіта пра смерць у самотнай хаціне на высокай кічэры: на другі дзень пасля бойкі памёр стары Палійчук.
Цяжкая пара настала ў Іванавай сям’і пасля смерці гаспадара. Загнездавала бязладдзе, адплывала шчасце, прадаваліся царынкі адна за адной, і скаціна ўбывала так, як на гарах вясною снягі.
Але ў Іванавай памяці татава смерць не так доўга жыла, як знаёмства з нявіннай дзяўчынкай, якую ён пакрыўдзіў і якая поўным даверу рухам падала яму палавіну цукеркі. У яго даўні і беспрычынны смутак улілася новая ручаінка. Яна няўцямна цягнула яго ў горы, насіла па суседніх кічэрах, лясах і далінах, дзе б ён мог сустрэць Марычку. І ён сустрэўся нарэшце з ёю: пасвіла ягнят.
Марычка яго прыняла, як быццам даўно спадзявалася: ён будзе з ёю пасвіць авечак. А і дапраўды! Няхай рыжуня і сівуня б’юць самі сабе ў званочкі ды парыкваюць у лесе, а ён стане з ёю пасвіць ягнят.
І як яны пасвілі!
Ягняты, забіўшыся ў халадок пад елку, дзівіліся дурнымі вачыма, як качаліся па імхах двое дзяцей, звонячы ў цішыні маладым смехам. Натаміўшыся, яны ўскараскваліся на белыя камяні і спужана ўзіраліся адтуль у прорву, з якой строма ўзнімаўся ў неба чорны прывід гары і дыхаў сінечаю, што не хацела раставаць на сонцы. У шчыліне паміж гор ляцеў у даліну паток і трос па камянях сівою барадою. Так было цёпла, самотна і страшна ў векавечнай цішыні, якую сцярог лес, што дзеці чулі сваё дыханне. Але вуха ўпарта лавіла і збольшвала да незвычайнасці кожны гук, які мусіў жыць у лесе, і ім часам здавалася, што яны чуюць чыюсьці асцярожную хаду, глухі стук сякеры, хаканне стомленых грудзей.
— Чуеш, Івась? — шаптала Марычка.
— Чаму не чую? Чую.
Яны абое ведалі, што гэта блукае па лесе нябачная сякера, стукае па дрэвах і хакае стомленымі грудзямі.
Страх праганяў іх адтуль у даліну, дзе паток плыў спакайней. Яны рабілі сабе калдабан у ручаіне і, раздзеўшыся, боўталіся ў ім, як двое лясных зверанят, што не ведаюць, што такое сорам. Сонца спачывала на іх светлых валасках і біла ў вочы, а ледзяная вада з ручая шчыпала за цела.
Марычка першая замярзала і кідалася бегчы.
— Стой, — гукаў яе Іван, — адкуль ты?
— З Я-вар-рова, — стукацела зубамі ссінелая Марычка.
— А чыя ты?
— Кавалёва.
— Бывай здарова, Кавалёва! — шчыпаў яе Іван і пускаўся наўздагон, аж пакуль, натомленыя, але сагрэтыя, яны не падалі на траву.