Сельма Лагерлёф - Вайна сусветаў. Чалавек-невідзімка. Пярсцёнак Лёвеншольдаў стр 12.

Шрифт
Фон

— Вы шукаеце, дзе б схавацца?

— Так.

— Зайдзіце ў дом, — сказаў я.

Я сышоў уніз, адчыніў дзверы, потым зноў запёр іх. Я не мог разгледзець салдацкага твару. Ён быў без фуражкі, мундзір быў расшпілены.

— О божа! — сказаў ён, калі я яго ўпусціў.

— Што здарылася? — спытаў я.

— Не пытайцеся. — Нягледзячы на цемру, я ўбачыў, што ён безнадзейна махнуў рукою. — Яны змялі нас, проста змялі, — паўтарыў ён.

Амаль машынальна ён увайшоў за мною ў сталовую.

— Выпіце віскі, — прапанаваў я, наліваючы яму добрую порцыю.

Ён выпіў. Потым сеў у крэсла ля стала, схіліў на рукі галаву і расплакаўся, як дзіця. Забыўшы пра свой нядаўні прыступ адчаю, я здзіўлена глядзеў на яго.

Прайшло даволі часу, пакуль ён супакоіўся і змог адказваць на мае пытанні. Ён гаварыў адрывіста і блытана. Ён быў ездавым у артылерыі і прыняў удзел у баі толькі каля сямі гадзінаў вечара. У гэты час страляніна на пустцы была ў поўным разгары; гаварылі, што першая партыя марсіянаў паволі паўзе да другога цыліндра пад прыкрыццем металічнай брані.

Потым гэта металічная браня ператварылася ў трыножак, відаць, у тую першую ваенную машыну, якую я ўбачыў. Зброя, пры якой знаходзіўся мой госць, была ўстаноўлена бліз Хорсела для абстрэлу пясчанага кар'ера, і гэта паскорыла падзеі. Калі ездавыя з лафетам ад'язджалі ўбок, яго конь спатыкнуўся і ўпаў, скінуўшы яго. У тую ж хвіліну пушка ўзляцела ў паветра разам са снарадамі; усё было ахоплена агнём, і ён апынуўся пад кучай абгарэлых трупаў людзей і коней.

— Я ляжаў ціха, — расказваў ён, — ледзь не мёртвы ад страху. На мяне навалілася пярэдняя частка каня. Яны нас змялі. А пах, божа мой! Як прыгарэлая смажаніна. Я выцяў спіну пры падзенні. Так я ляжаў, пакуль мне не стала крыху лепш. Толькі хвіліну назад мы ехалі, як на парад, — і раптам разбітыя, змеценыя, знішчаныя.

— Нас змялі! — паўтарыў ён.

Ён доўга хаваўся пад тушай каня, крадком паглядваючы на пустку. Кардыганскі полк спрабаваў кінуцца ў штыкі — яго мігам знішчылі. Пасля пачвара паднялася на ногі і пачала расхаджваць па пустцы, праследуючы некаторых з тых, хто ўцякаў. Каўпак, які круціўся на ёй, напамінаў галаву чалавека ў капюшоне. Нешта падобнае на руку трымала вельмі мудрагелістую металічную скрынку, з якой выляталі зялёныя іскры і біў цеплавы прамень.

Праз некалькі хвілінаў на пустцы, наколькі ён мог бачыць, не засталося ніводнай жывой істоты; кусты і дрэвы гарэлі. Гусары стаялі пры дарозе ў лагчынцы, і ён іх бачыў. Ён чуў, як застракаталі кулямёты, затым усё сціхла. Гігант доўгі час не чапаў станцыю Ўокінг і вакольныя дамы. Потым слізгануў цеплавы прамень, і гарадок ператварыўся ў кучу палымнеючых развалінаў. Пасля гэтага пачвара выключыла цеплавы прамень і, павярнуўшыся спіною да артылерыста, пакрочыла ў бок дымнага сасновага лесу, дзе ўпаў другі цыліндр. У наступны момант з ямы падняўся другі зіхатлівы тытан.

Другая пачвара пасунулася за першай. Артылерыст асцярожна папоўз па гарачых дагарках верасу к Хорселу. Яму ўдалося дапаўзці да канавы, што цягнулася ўздоўж дарогі, і такім чынам ён дабраўся да Ўокінга. Далейшы аповяд артылерыста быў амаль з выклічнікаў. Праз Уокінг нельга было прайсці. Нямногія ацалелыя жыхары, здавалася, страцілі розум; іншыя згарэлі зажыва ці атрымалі апёкі. Ён павярнуў у бок ад пажару і схаваўся ў закапцелых развалінах; тут ён убачыў, што пачвара вяртаецца. Яна дагнала аднаго з уцекачоў, схапіла яго сваім стальным шчупальцам і размажджэрыла яму галаву аб сасновы пень. Калі сцямнела, артылерыст папоўз далей і дабраўся да чыгуначнага насыпу.

Потым ён, крадучыся, накіраваўся праз Мэйбэры ў бок Лондана, думаючы, што там будзе бяспечней. Людзі хаваліся ў скляпах, канавах, і многія з уцалеўшых беглі к Уокінгу і Сэнду. Яго мучыла смага. Каля чыгуначнай аркі ён убачыў разбіты вадаправод: вада біла фантанам з лопнутай трубы.

Вось і ўсё, што я мог у яго выпытаць. Ён крыху супакоіўся, расказаўшы мне пра ўсё, што яму давялося бачыць. З апоўдня ён нічога не еў; ён напомніў мне аб гэтым у пачатку сваёй гаворкі; я знайшоў у кладоўцы крыху бараніны, хлеба і прынёс яму паесці. Мы не запальвалі лямпу, баючыся прыцягнуць увагу марсіянаў, і нашы рукі часта судакраналіся, намацваючы яду. Пакуль ён расказваў, вакольныя прадметы сталі выступаць з цемры, за акном ужо можна было адрозніць вытаптаную траву і зламаныя кусты ружаў. Здавалася, па лагчынцы праімчаўся натоўп людзей ці статак жывёлаў. Цяпер я мог разгледзець твар артылерыста, замурзаны, бледны, — такі ж, магчыма, быў у мяне.

Наеўшыся, мы асцярожна падняліся ў мой кабінет, і я зноў выглянуў у адчыненае вакно. За адну ноч квітнеючая даліна ператварылася ў папялішча. Пажар затухаў. Там, дзе раней бушавала полымя, цяпер чарнелі клубы дыму. Разбураныя і разварочаныя дамы, паваленыя, абвугленыя дрэвы — уся гэта страшная, злавесная карціна, скрытая да гэтага часу начной цемраю, цяпер, у перадсвітальных прыцемках, наглядна паўстала перад намі. Што-нішто цудам уцалела сярод усеагульнага разбурэння: белы чыгуначны семафор, частка аранжарэі, зелянеючай сярод развалінаў. У гісторыі войнаў не было такога няшчаднага ўсеагульнага разбурэння. Пабліскваючы ў ранішнім святле, тры металічныя гіганты стаялі каля ямы, іх каўпакі паварочваліся, як быццам яны любаваліся сваім апусташэннем.

Мне падалося, што яма стала шырэйшая. Спіралі зялёнага дыму няспынна ўзляталі насустрач ранішняй зары — падымаліся, клубіліся, падалі і знікалі.

Каля Чобхема ўзнімаліся слупы полымя. Яны ператвараліся ў слупы крывавага дыму пры першых сонечных промнях.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора