Сельма Лагерлёф - Вайна сусветаў. Чалавек-невідзімка. Пярсцёнак Лёвеншольдаў стр 4.

Шрифт
Фон

Верхняя частка цыліндра адкручвалася знутры. Было відаць каля двух футаў вінтавой бліскучай нарэзкі. Нехта, спатыкнуўшыся, адштурхнуў мяне, я пахіснуўся, і мяне ледзь не скінулі на накрыўку, якая круцілася. Я павярнуўся, і, пакуль глядзеў у другі бок, вінт тым часам, выкруціўся ўвесь — і накрыўка цыліндра са звонам упала на жвір. Я штурхнуў локцем некага ззаду мяне і зноў павярнуўся да цыліндра. Круглая пустая адтуліна здавалася абсалютна чорнаю. Вечаровае сонца біла мне прама ў вочы.

Усе, відаць, чакалі, што з адтуліны пакажацца чалавек; можа, не зусім падобны да нас, зямных людзей, але ўсё ж падобны. Па крайняй меры, я чакаў гэтага. Але, зірнуўшы, я ўбачыў нешта вірлівае ў цемнаце — шэраватае, хвалепадобнае, рухомае; бліснулі два дыскі, падобныя на вочы, затым штосьці накшталт шэрай гадзюкі, таўшчынёй з трысціну, пачало выпаўзаць кольцамі з адтуліны і рухацца, віючыся, у мой бок — адно, потым другое.

Мяне ахапіў жах. Ззаду закрычала жанчына. Я крыху павярнуўся, не спускаючы вачэй з цыліндра, адкуль высоўваліся новыя шчупальцы, і пачаў прасоўвацца далей ад ямы. Людзі, якія мяне акружалі, змяніліся ў твары ад здзіўлення. Адусюль пачуліся перапалоханыя крыкі. Натоўп падаўся назад. Прыказчык усё яшчэ не мог выкарабкацца з ямы. Неўзабаве я застаўся адзін і бачыў, як уцякалі людзі, што былі па другі бок ямы, з імі быў і Стэнт. Я зноў глянуў на цыліндр і анямеў ад жаху. Я стаяў як укапаны і глядзеў.

Вялікая шэраватая круглая туша, відаць, велічынёй з мядзведзя, паволі, з цяжкасцю вылазіла з цыліндра. Высунуўшыся на святло, яна заільснілася, бы вільготная папруга. Два вялікія цёмныя вокі пільна глядзелі на мяне. Страшыдла мела круглую галаву і, калі можна так сказаць, твар. Пад вачыма быў рот, ускрайкі якога рухаліся і дрыжэлі, выпускаючы сліну. Страшыдла цяжка дыхала і ўсё яе цела сутаргава пульсавала. Адно яе тонкае шчупальца ўпіралася ў край цыліндра, другім яна размахвала ў паветры.

Той, хто не бачыў жывога марсіяніна, наўрад ці можа ўявіць сабе яго страхатлівую, пачварную знешнасць. Трохвугольны рот, з адтапыранай верхняй губою, поўная адсутнасць ілба, ніякіх адзнак падбародка пад клінападобнай ніжняю губою, няспыннае паторгванне іртом, шчупальцамі, як у Гаргоны, шумнае дыханне ў нязвыклай атмасферы, непаваротлівасць і абцяжаранасць у рухах — вынік вялікай сілы прыцяжэння Зямлі, — і асабліва ж вялізныя зыркія вочы — усё гэта было праціўным і агідным. Масляністая цёмная скура напамінала слізкую паверхню грыба, няўклюдныя, павольныя рухі наганялі невыказны жах. Ужо пры першым уражанні, у момант беглага знаёмства я адчуў смяртэльны страх і нянавісць.

Раптам страшыдла знікла. Яно перавалілася цераз край цыліндра і ўпала ў яму, пляснуўшыся, бы вялікі скураны цюк. Я пачуў своеасаблівы глухі гук, і следам за першым страшыдлам у цёмнай адтуліне паявілася другое.

Мая здранцвеласць адразу знікла, я павярнуўся і з усіх ног пусціўся пад дрэвы, што знаходзіліся якіх-небудзь ярдаў за сто ад цыліндра; але бег я бокам і час ад часу спатыкаўся, бо не мог адарваць вачэй ад гэтых пачвараў.

Там, сярод маладых соснаў і кустоў жаўтазелля, я спыніўся, задыхаючыся, і пачаў чакаць, што будзе далей. Пустка вакол пясчанай ямы была ўсеяна людзьмі, якія гэтак жа, як і я, з цікаўнасцю і страхам назіралі за страшыдламі, а больш дакладна — за кучаю жвіру на беразе ямы, у якой яны ляжалі. Нечакана я з жахам заўважыў, як з ямы высоўвалася нешта круглае і цёмнае. Гэта была галава прадаўца, які зваліўся туды; на фоне захаду яна здавалася чорнаю. Вось паказаліся яго плечы і калена, але ён зноў сарваўся ўніз, відаць была толькі галава. Потым ён знік, і я пачуў слабы крык. Я быў памкнуўся вярнуцца і памагчы яму, але не мог пераадолець страху.

Больш я нічога не ўбачыў, усё схавалася ў глыбокай яме і за грудамі пяску. Кожны, хто ішоў бы па дарозе з Чобхема ці Ўокінга, дзівіўся б такім незвычайным відовішчам: каля сотні людзей рассыпаліся ў канавах, за кустамі, за варотамі і агароджай і моўчкі, зрэдку абменьваліся адрывістымі воклічамі, не зводзячы вачэй з пясчаных кучаў. На фоне палымнеючага неба чарнеў кінуты кімсьці бітончык з імбірным ліманадам, а каля пясчанага кар'ера стаялі запрэжаныя экіпажы; коні елі авёс з аброчных мяшкоў і заграбалі капытамі зямлю.

Здавалася, мяне зачараваў і нават паралізаваў выгляд марсіянаў, што выпаўзалі з цыліндра, на якім яны прыляцелі на Зямлю са сваёй планеты. Стоячы па калені сярод верасовых кустоў, я доўга глядзеў на груды пяску. Ува мне змагаліся страх і цікаўнасць.

Я баяўся зноў наблізіцца да ямы, але мне вельмі ж хацелася туды зазірнуць. Таму я пачаў кружыць, вышукваючы больш прыдатны назіральны пункт і не спускаючы вачэй з груды пяску, за якой таіліся прышэльцы з Марса. Аднойчы ў яркіх фарбах захаду паказаліся тры якіясьці чорныя канечнасці, накшталт шчупальцаў васьмінога, але тут жа зніклі; потым узвысілася тонкая каленчатая мачта з нейкім круглым дыскам наверсе, які круціўся і злёгку вагаўся. Што яны там робяць?

Гледачы разбіліся на дзве групы: адна, большая, — бліжэй да Ўокінга, другая, меншая, — да Чобхема. Безумоўна, яны, як і я, былі ў нерашучасці. Побач са мною стаялі некалькі чалавек. Я падышоў да аднаго — гэта быў мой сусед, я не ведаў яго імя, але паспрабаваў з ім перакінуцца словам. Але момант для гэтага быў не з лепшых.

— Што за пачвара! — сказаў ён. — Божа, якія яны страшэнныя! — Ён паўтарыў гэта некалькі разоў.

— Вы бачылі чалавека ў яме? — спытаў я, але ён прамаўчаў.

Мы моўчкі стаялі побач і пільна назіралі, адчуваючы ўдвух большую ўпэўненасць. Затым я ступіў на бугарок вышынёю каля ярда, каб зручней было назіраць. Аглянуўшыся, я ўбачыў, што мой сусед пайшоў у бок Уокінга.

Сонца села, згусціліся прыцемкі, а нічога новага не адбывалася. Натоўп злева, ад Уокінга, здавалася, павялічваўся, і я пачуў яго невыразны гул. Група людзей па дарозе ў Чобхем рассеялася. У яме быццам усё замерла.

Гледачы мала-памалу асмялелі. Відаць, свежае папаўненне з Уокінга падбадзёрыла натоўп. Прыцемкам на пясчаных пагорках пачаўся павольны перарывісты рух, — здавалася, што пануючая наўкол цішыня станоўча падзейнічала на людзей. Чорныя фігуры, па двое, па трое, рухаліся, спыняліся і зноў рухаліся, расцягваючыся тонкім няправільным паўмесяцам, рожкі якога паступова ахоплівалі яму. Я таксама пачаў падыходзіць да ямы.

Потым я ўбачыў, як фурманы пакінутых экіпажаў і іншыя смельчакі падышлі да ямы, і пачуў стук капытоў і скрып колаў. Хлопчык з лаўкі пакаціў цялежку з яблыкамі. Пасля ярдаў за трыццаць ад ямы я заўважыў чорную кучу людзей, якія ішлі ад Хорсела; наперадзе хтосьці нёс белы сцяг.

Гэта была дэлегацыя. Тэрмінова параіўшыся, у горадзе вырашылі, што марсіяне, нягледзячы на іх агідную знешнасць, усё ж, відаць, разумныя істоты і трэба ім даць зразумець, што мы — таксама разумныя.

Сцяг, развяваючыся на ветры, набліжаўся — спачатку справа ад мяне, потым злева. Я стаяў вельмі далёка і не мог разгледзець каго-небудзь, але пазней даведаўся, што Оджылві, Стэнт і Гендэрсан разам з другімі спрабавалі завязаць кантакты з марсіянамі. Дэлегацыя, здавалася, прыцягвала да сябе амаль замкнёны круг прысутных людзей, і многа невыразных цёмных фігураў крочыла за ёй на значнай адлегласці.

Раптам бліснуў прамень святла, і над ямай узвысіўся і засвяціўся зеленаваты дым, праясніўшыся трыма клубамі ў нерухомым паветры.

Гэты дым (слова «полымя», відаць, тут больш да месца) быў такі яркі, што цёмна-сіняе неба і бурая, сягаючыя аж да Чэртсі, пакрытая туманам пустка з адзінокімі соснамі раптам сталі здавацца зусім чорнымі. У гэты ж момант пачулася нейкае слабае шыпенне.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги