Сельма Лагерлёф - Вайна сусветаў. Чалавек-невідзімка. Пярсцёнак Лёвеншольдаў стр 9.

Шрифт
Фон

Каля трэцяй гадзіны з боку Чэртсі ці Адлстона пачуўся гул — пачаўся абстрэл сасновага лесу, куды ўпаў другі цыліндр, — з мэтай разбурыць яго перш, чым ён раскрыецца. Але палявая зброя для абстрэлу першага цыліндра марсіянаў прыбыла ў Чобхем толькі к пятай гадзіне.

У шэсць гадзін, калі мы з жонкай пілі гарбату, жыва абмяркоўваючы распачатую бітву, з боку пусткі пачуўся глухі выбух, і следам бліснуў агонь. Праз некалькі секундаў раздаўся грукат так блізка ад нас, што нават зямля задрыжала. Я выбег у сад і ўбачыў, што вершаліны дрэваў вакол усходняга каледжа ахоплены дымным чырвоным полымем, а званіца невялікай царквы, што стаяла побач, абвальваецца. Вежа ў стылі мінарэта знікла, і страха каледжа мела такі выгляд, быццам па ёй стралялі стотоннай зброяй. Труба на нашым доме трэснула, як быццам у яе трапіў снарад. Рассыпаючыся, абломкі яе пракаціліся па чарапіцы, і вокамгненна паявілася груда чырвоных чарапкоў на клумбе, пад акном майго кабінета.

Мы з жонкай стаялі збянтэжаныя і напалоханыя. Потым я даўмеўся, што паколькі каледж разбураны, то вяршыня Мэйбэры-Хіла апынулася ў радыусе дзеяння цеплавога промня марсіянаў.

Схапіўшы жонку за руку, я пацягнуў яе на дарогу. Потым я выклікаў з дому служанку; я паабяцаў ёй, што сам схаджу наверх па яе куфар, які яна ніяк не хацела пакінуць.

— Тут заставацца нельга, — сказаў я.

У той жа час з пусткі зноў пачуўся гул.

— Але куды ж мы пойдзем? — спытала яна ў роспачы.

З хвіліну я нічога не мог прыдумаць. Потым успомніў пра яе сваякоў у Лезерхэдзе.

— Лезерхэд! — крыкнуў я.

Яна паглядзела на адхон пагорка. Напалоханыя людзі выбягалі з дамоў.

— Як жа нам дабрацца да Лезерхэда? — спытала яна.

Каля падножжа пагорка я ўбачыў атрад гусараў, які праязджаў пад чыгуначным мостам. Трое з іх уехалі ў адчыненыя вароты Ўсходняга каледжа; двое пачалі абыходзіць суседнія дамы. Сонца, якое праглядвала праз дым ад палымнеючых дрэваў, здавалася крывава-чырвоным і адкідвала злавеснае святло на ўсё наваколле.

— Стойце тут, — сказаў я. — Вам тут нішто не пагражае.

Я пабег у карчму «Плямісты сабака», бо ведаў, што ў гаспадара ёсць конь і двухкалёсная брычка. Я спяшаўся, адчуваючы, што неўзабаве пачнуцца масавыя ўцёкі жыхароў з нашага боку пагорка. Гаспадар карчмы стаяў каля касы; ён і не падазраваў, што робіцца вакол. Нейкі чалавек, стоячы да мяне спіной, з ім размаўляў.

— Менш за фунт не вазьму, — заявіў карчмар. — Ды і везці няма каму.

— Я даю два, — сказаў я цераз плячо незнаёмага.

— За што?

— І прывязу назад апоўначы, — дадаў я.

— Божа! — усклікнуў карчмар. — Якая спешка! Два фунты і самі прывезяце назад? Што ж адбываецца?

Я таропка растлумачыў, што вымушаны ехаць з дому і наняў, такім чынам, брычку. У той час я і не падумаў, што карчмару самому трэба было б пакінуць сваё жыллё. Я сеў у двухколку, пад'ехаў да свайго саду і, пакінуўшы яе пад назіркам жонкі і служанкі, забег у дом і спакаваў самыя дарагія рэчы, сталовае серабро і да таго падобнае. Букавыя дрэвы перад домам разгарэліся яркім полымем, а краты агароджы накаліліся дачырвана. Да нас спешна падбег гусар. Ён заходзіў у кожны дом і папярэджваў жыхароў, каб яны выбіраліся. Ён ужо пабег далей, калі я выйшаў на ганак са сваім скарбам, завязаным у сурвэтку.

— Што новага? — крыкнуў я наўздагон.

Ён павярнуўся, паглядзеў на мяне і крыкнуў, як мне пачулася: «Вылазяць з ямы ў нейкіх штуках накшталт супавай міскі», — і пабег к дому на вяршыні гары. Раптам хмара чорнага дыму завалакла дарогу і на хвіліну схавала яго. Я пабег да дзвярэй суседа і пастукаўся, каб пераканацца, ці паехаў ён з жонкай у Лондан, як мне сказалі, і ці замкнуў кватэру. Потым зноў зайшоў у кватэру, успомніўшы пра куфар служанкі, выцягнуў яго, прывязаў к задку двухколкі і, ухапіўшы лейцы, ускочыў на казлы. Праз хвіліну мы выехалі з дыму, грукат застаўся ўжо ззаду; мы хутка спускаліся па супрацьлеглым схіле Мэйбэры-Хіла да Старога Ўокінга.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора