Пра вандроўкi вечныя i пра Зямлю - Брэдбэри Рэй

Шрифт
Фон

Семдзесят гадоў запар Генры Ўiльям Фiлд пiсаў апавяданнi, якiя нiхто не друкаваў, i вось аднойчы а палове дванаццатай ночы ён падняўся i спалiў дзесяць мiльёнаў слоў. Занёс усе рукапiсы ў падвал свайго змрочнага асабняка, у кацельню, i шпурнуў у печ.

— От i ўсё, — сказаў ён i ў роздуме пра сваю марную працу i загубленае жыццё вярнуўся ў спальню, поўную ўсялякiх дзiвосных i рэдкасных рэчаў, i лёг у пасцель. — Дарэмна я стараўся паказаць наш вар'яцкi, ашалелы свет, гэта была памылка. Год 2257, ракеты, атамныя цуды, падарожжы да чужых планет i падвойных сонцаў. Каму гэта па сiле! Спрабавалi, праўда, усе. Ды нi ў аднаго сучаснага аўтара нiчога не выйшла.

Космас занадта неабсяжны, думаў ён, мiжзорныя караблi занадта хуткiя, адкрыццi атамнай навукi занадта нечаканыя. Але iншыя сяк-так з грахом папалам усё ж друкавалiся, а ён, багаты, бяздзейны i гультаяваты, усё жыццё патрацiў марна.

Цэлую гадзiну ён мучыўся такiмi думкамi, а пасля паплёўся праз пустыя пакоi ў бiблiятэку i запалiў лiхтар. Сярод кнiг, да якiх паўстагоддзя нiхто не дакранаўся, ён наўздагад выбраў адну. Кнiзе мiнула тры стагоддзi, старонкi пажоўклi ад часу, але ён упiўся ў гэтую кнiгу i прагна чытаў да самага досвiтку…

У дзевяць гадзiн ранiцы Генры Ўiльям Фiлд выбег з бiблiятэкi, гукнуў слуг, выклiкаў па тэлевiзары юрыстаў, сяброў, вучоных, лiтаратараў.

— Прыязджайце зараз жа! — крычаў ён.

Не мiнула i гадзiны, як у яго сабралася чалавек дванаццаць. Генры Ўiльям Фiлд чакаў у кабiнеце — ускудлачаны, непаголены, аж непрыстойна ўзбударажаны, ахоплены нейкай незразумелай лiхаманкавай весялосцю. Высахлымi рукамi ён сцiскаў тоўстую кнiгу i, калi з iм вiталiся, толькi смяяўся ў адказ.

— Глядзiце, — сказаў ён нарэшце, — вось кнiга, яе напiсаў волат, гiгант, якi нарадзiўся ў Эшвiлi, штат Паўночная Каралiна, у тысяча дзевяцiсотым годзе. Ён ужо даўно спарахнеў, а калiсьцi надрукаваў чатыры вялiзныя раманы. Ён быў як ураган. Ён узнiмаў горы i ўбiраў у сябе вятры. Пятнаццатага верасня тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмага года ён памёр у Балтыморы, у бальнiцы Джона Гопкiнса, ад калiсьцi страшнай хваробы — пнеўманii, i пасля яго застаўся чамадан, напакаваны рукапiсамi, — i ўсе напiсаны алоўкам.

Усе, хто сабраўся ў кабiнеце, паглядзелi на кнiгу.

«Азiрнiся на дом, анёл».

Стары Фiлд вылажыў на стол яшчэ тры кнiгi. «Пра час i пра раку», «Павуцiна i скала», «Табе ўжо не вярнуцца дадому».

— Iх напiсаў Томас Вулф, — сказаў ён. — Тры стагоддзi ён спачывае ў зямлi Паўночнай Каралiны.

— Дык няўжо вы паклiкалi нас толькi для таго, каб паказаць кнiгi нейкага нябожчыка? — здзiвiлiся сябры.

— Не, не толькi! Я паклiкаў вас, бо зразумеў: Том Вулф — вось хто нам трэба! Вось чалавек, якi быў створаны для таго, каб пiсаць пра вялiкае, пра Час i Прастору, пра галактыкi i касмiчную вайну, пра метэоры i планеты. Ён любiў i апiсваў усё нешта такое, велiчнае i грознае. Проста ён нарадзiўся занадта рана. Яму патрэбны быў матэрыял сапраўды грандыёзны, а на Зямлi ён нiчога такога не знайшоў. Яму трэба было нарадзiцца не сто тысяч дзён назад, а сёння.

— А вы, баюся, крыху спазнiлiся, — падкалоў прафесар Боўлтан.

— Ну не! — абсек яго стары. — Хто-хто, а я не дам сучаснасцi абакрасцi мяне. Вы, прафесар, ставiце доследы з падарожжамi ў часе. Спадзяюся, вы ўжо ў гэтым месяцы даведзяце да ладу сваю машыну. Вось вам чэк, суму паставiце самi. Калi спатрэбяцца яшчэ грошы, скажыце толькi слова. Вы ж падарожнiчалi ўжо ў мiнулае, праўда?

— Падарожнiчаў, на некалькi гадоў назад, але не на стагоддзi…

— А мы даб'ёмся стагоддзяў! I вы ўсе, — ён абвёў прысутных няўрымслiвым, гарачым позiркам, — будзеце дапамагаць Боўлтану. Мне патрэбен Томас Вулф.

Усе ахнулi.

— Менавiта так, — пацвердзiў стары. — Вось што я задумаў. Вы даставiце мне Вулфа. Сумесна мы выканаем вялiкую задачу, палёт з Зямлi на Марс будзе апiсаны так, як здольны гэта зрабiць адзiн толькi Томас Вулф!

I ўсе разышлiся, а Фiлд застаўся са сваiмi кнiгамi, ён гартаў старыя старонкi i, кiваючы, мармытаў сам сабе:

— Так, так, вядома! Том — вось хто нам трэба. Том — якраз той самы хлопец для гэтай справы.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке