Пра вандроўкi вечныя i пра Зямлю - Брэдбэри Рэй страница 3.

Шрифт
Фон

Удалечынi… крокi…

Адны за другiмi адчынялiся i зачынялiся дзверы. У спальню ўвайшлi двое.

Фiлд чуў iхняе дыханне. I ўжо распазнаваў хаду. У аднаго дробныя акуратныя маленькiя крокi, нiбы ў павука, — гэта Боўлтан. Поступ другога выдае чалавека рослага, мажнага, грузнага.

— Том? — усклiкнуў стары. Ён яшчэ не расплюшчваў вачэй.

— Гэта я, — пачуў ён нарэшце.

Ледзь толькi Фiлд убачыў Тома Вулфа, вобраз, што быў створаны яго ўяўленнем, лопнуў па ўсiх швах, як занадта цесная апратка на вялiкiм не па ўзросту дзiцяцi.

— Дай я на цябе пагляджу, Том Вулф! — зноў i зноў паўтараў Фiлд, вылазячы з пасцелi. Яго калацiла. — Ды падымiце ж шторы, дайце на яго палюбавацца! Том Вулф, няўжо гэта ты?

Вялiзны, тоўсты Том Вулф пазiраў на яго зверху ўнiз, растапырыўшы цяжкiя рукi, каб не страцiць раўнавагi ў гэтым незнаёмым свеце. Ён паглядзеў на старога, абвёў вачамi пакой, вусны яго ўздрыгвалi.

— Ты якраз гэтакi, як цябе апiсвалi, Том, толькi большы.

Томас Вулф засмяяўся, зарагатаў на ўсё горла — парашыў, мабыць, што звар'яцеў або бачыць нейкi недарэчны сон; ступiў крок да старога, дакрануўся да яго, азiрнуўся на прафесара Боўлтана, абмацаў свае плечы, ногi, асцярожна пакашляў, прыклаў далонь да лоба.

— Гарачкi болей няма, — сказаў ён. — Я здаровы.

— Вядома, здаровы, Том!

— Ну i ночка! — сказаў Том Вулф. — Цяжка мне давялося. Я думаў, нiводнаму хвораму на свеце не бывала гэтак кепска. Раптам адчуваю — плыву — i падумаў: ну i гарачка ў мяне. Адчуваю — мяне кудысьцi нясе — i падумаў: усё, памiраю. Падыходзiць да мяне чалавек. Я падумаў — пасланец Божы. Узяў ён мяне за рукi. Чую — электрычнасцю пахне. Узляцеў я некуды ўгору, бачу — медны горад. Ну, думаю, з'явiўся. Вось яно, царства нябеснае, а вось i брама! Адубеў я з галавы да пят, быццам мяне трымалi ў снезе. Смех бярэ, трэба мне нешта рабiць, а то зусiм рашу, што з глузду з'ехаў. Вы ж не Пан Бог, га? З выгляду нешта не падобны.

Стары засмяяўся.

— Не-не, Том, я не Бог, толькi прыкiдваюся. Я Фiлд. — Ён зноў засмяяўся. Гэта ж трэба! Я гавару так, нiбыта ён можа ведаць, хто такi Фiлд. Том, я Фiлд, фiнансавы туз — кланяйся нiжэй, цалуй у руку. Я Генры Фiлд, мне падабаюцца твае кнiгi. Я перанёс цябе сюды. Падыдзi блiжэй.

I стары пацягнуў Вулфа да шырознага люстранага акна.

— Бачыш у небе агнi, Том?

— Ага, сэр.

— Феерверк бачыш?

— Бачу.

— Гэта зусiм не тое, што ты думаеш, сынку. Сёння не чацвёртае лiпеня. Не як у твой час. Цяпер у нас кожны дзень — свята незалежнасцi. Чалавек абвясцiў, што ён вольны ад Зямлi. Улада зямнога прыцягнення даўным-даўно скiнута. Чалавецтва перамагло. Вунь тая зялёная «рымская свечка» ляцiць на Марс. А той чырвоны агеньчык — ракета з Венеры. I яшчэ — бачыш, колькi iх? — жоўтыя, блакiтныя. Гэта мiжпланетныя караблi.

Том Вулф глядзеў на ўсе вочы, быццам хлапчук-велiкан, зачараваны шматкаляровымi агнявымi цудамi, што зiхацяць i кружаць у лiпеньскiм змроку, i загараюцца, i разрываюцца з аглушальным трэскам.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке