Нямко - Адамович Алесь Михайлович страница 2.

Шрифт
Фон

Частка жыхароў загадзя ўцяклі ў лес, на балота. Жывыя яны, не — ніхто ня ведае. Скрозь немцы папярэджваюць: каго ў лесе засьпеюць — усіх пастраляюць. А ў вёсцы ўсё-ткі ня так страшна. Але таксама страшна. I яшчэ як! Петухоўцы, хто застаўся ў сваіх хатах, карыстаюцца любым выпадкам, прычынаю, каб дазнацца, пачуць ад суседзяў супакойлівыя словы, весткі. Адно аднаго абнадзейваюць: а здаецца нічога, не лютуюць, штокроку: «данке! данке!», не падобна, каб задумалі нешта благое. Можна бачыць, як мірна мыюцца, палошчуцца немцы ў прасторным двары Францкевіча ля калодзежа: дзеці ім паліваюць сьпіны халоднай вадой: ахканьне, сьмех. Вёску дзівіць, як часта і шмат яны ядуць. Дзень у дзень над вёскай стаіць чадны дым з комінаў: згатуеш ім раньні сьняданак, тут жа стаў другі, тут жа полудзень і яшчэ падвячорак — гэтак да позьняе ночы. Як у прорву, як на згубу ядуць. Ну абы людзей не чапалі. Харчы ў іх свае. «Свае» — што нахапалі ў іншых вёсках, сьвіней, гусей на вазах вязуць, муку і нават бульбу выграблі.

А петухоўскае не чапаюць, нічога ня скажаш.

Дзеду Пархімчыку салдаты памагаюць вароты ставіць. Старыя заваліліся, ён нарыхтаваў лес на новыя слупы, і вось навешваюць на іх вароты. Пархімчык, былы брыгадзір калгасны, нават пакрыквае на немцаў:

— Старайся, хлопцы, а то працадзён не запішу!

Чым мацней і нясьцерпней чаканьне чагосьці жахлівага і няўхільнага, тым з болыным самазабыцьцём людзі імкнуцца да найменшага пробліску надзеі. I таму збоку магло здацца, што не да кары, забойства рыхтуюць вёску і не сутаргава адпіхаюць жыхары ад сябе жудасную праўду, што гэта накшталт падрыхтоўкі для якогасьці сьвята — бабы бегаюць па суседзтву па ўсялякую драбязу, узрушана абмяркоўваюць падзеі, вочы зіхцяць.

Супакойвае вяскоўцаў аднак тое, што дазваляюць выходзіць зь сяла, калі ты на далёкае поле кіруесься, і ўваходзіць у сяло — нават зь лесу дзьве сямейкі вярнуліся, калі прачулі, што так паводзяць сябе немцы, у лесе страшней чакаць невядома чаго.

А ў Паліны з Францам наогул поўны парадак. Тым больш, што ён ведае мову. Гаворыць, праўда, марудна, шукаючы словы і расьцягваючы іх, як дзіця, часам блытае націск, але да гэтага прывыкаеш. Як прывыкаюць да заіканьня даўняга знаёмца. Амаль не заўважаеш. А ў іх абодвух такое адчуваньне, быццам ня тры дні, а са школы знаёмыя. Словы ім ня дужа і патрэбныя. Усьмешка, кароткі жэст ці позірк, непрыкметны рух плячыма, і яны ўсё сказалі адно аднаму і ўсё зразумелі. Ну а калі старым гэта не падабаецца, незразумела — тым болып забаўна і весела гуляць у гэтую гульню Паліне і Францу.

Бацька (Франц цяпер гэта ацаніў) непрыкметна, але вельмі ўмела скіроўваў яго цікаўнасьць і здольнасьці менавіта да моваў — лацінскай, ангельскай, расейскай. Толькі цяпер Франц пачаў кеміць: тым самым ягоны фатэр працівіўся агульнай пошасьці — анічога апрача свайго ў сьвеце не цаніць, усё зьвесьці да нямецкага кораня, сэнсу, разуменьня. Тое, што Франц моцна захапіўся расейскімі кнігамі, а таму і моваю, мабыць, заслуга (ці віна) Дастаеўскага. Ён прыцягваў тым, што пужаў. Калі быў малым, сястра дала Францу ў руку сталовы нож і раптам паднесла да яго нейкую чырвоную падкоўку (магніт) — нож разам з рукой пацягнула незразумелая сіла. Ажно ўскрыкнуў і ўпусьціў нож. Такая ж вусьцішная сіла — у кнігах гэтага расейскага пісьменьніка. Нешта выцягвае зь цябе, чаго раней, здаецца, і не было, быццам і ня ты гэта.

У вачах Паліны Франц мала чым адрозьніваецца ад тых хлопцаў з суседніх вёсак, якіх заманьвалі знакамітыя на ўсё навакольле петухоўскія вечарынкі: прыходзілі пад чаркаю, спачатку трымаліся ўсе гуртам, рыхтуючыся да адпору, калі іх пакрыўдзяць, а прыцемкам разьбягаліся за петухоўскімі кралямі, хто куды, як рахманыя цяляты, даводзілася іх абараняць, апекавацца імі, не папускаць іх у крыўду мясцовым раўніўцам. Франц цягаў ваду, сек дровы, нават расаду памідораў гэтая дзеўка прымусіла высаджваць на агародзе, старога Ота гэта зацікавіла. Ён стаяў ля агароджы зь люлькай у роце і цікаўна пазіраў, як гітлерюгенд няўмела гнецца над градкай, а на шыі аўтамат матляецца, грэбаецца, як курыца, у зямлі, запэцкаў ад няўмелага стараньня нос, шыю.

Старая Кучарыха час ад часу дзе-небудзь адлоўлівала дачку, шыпела, як гуска (але нехта сказаў бы: добрая гуска):

— Супыніся, дзеўка, што ты сабе думаеш? Што ты над ім свае штучкі вычвараеш? А калі яго камандзірам гэта не даспадобы?

— А вы ведаеце, мама, яму крыху болын гадоў, чым мне. А вырас — гляньце, які дылда!

— Вы ўжо і гадкамі памераліся! Дурное і ёсьць дурное, тое і яно, дзіця горкае. Ды толькі гэта табе не гульня! Ох, яшчэ пакажуць яны сябе, чуе маё сэрца!

I паказаў… У тую ж ноч.

Бадай, ніводная дзяўчына не падабалася так Францу, як раптам гэтая кінулася ў вочы — з бандыцкае вёскі. Ды калі папраўдзе, нічога сур’ёзнага і не было яшчэ ў яго з жаночым племем. Хаця сярод аднагодкаў, асабліва калі быў у маладзёвым лягеры «Сіла праз радасьць», ня горш за іншых выстаўляўся вопытным лавеласам, абаяльным самцом, які не з чужых словаў ведае, што і як. А сам нават да прастытутак не хадзіў, куды ў маладзёнаў зь лягеру сьцежка была пратаптаная. Ня толькі боязь заразіцца, адгукалася і хатняе выхаваньне ў сям’і пастара.

I вось перад ім тая, якую, яшчэ крыху, і ён пакахае па-сапраўднаму. Але часу на гэта ня будзе: неўзабаве дзяўчыну застрэляць. (Хто? — стараўся не дадумваць.) Ён жа так і не спазнае таго, пра што гэтулькі гаворкі, пішуць у кнігах, у кіно паказваюць — прытым не з распуснай, а вось з такой чыстай, прывабнай. У гэтым халодным нібыта разьліку: не ўпусьціць! — нейк прысутнічала пачуцьцё закаханасьці. Яно, гэтае пачуцьцё, нават завастрылася ад драпежных намераў, думак, што ўсё мацней бралі над ім уладу. Ад безабароннасьці яе і асуджанасьці яе плоць станавілася ўсё болып жаданаю. На трэцюю ноч толькі пра гэта і думаў, вячэралі, нікому ў вочы ня мог паглядзець. Дзяўчына разумела гэта па-свойму і дражніла яго яшчэ болын: падсочваючы, ловячы яго позірк. Так і дурное шчаня начынае гуляць перад пашчаю воўка.

Што яшчэ жыло ў яго, Франца, сьвядомасьці, як ні дзіўна — пратэст. Жорсткасьць, эгаізм жаданьня супраць жорсткасьці догмы, ідэалёгіі.

Расавы закон аднак яму гэтага не дазваляе. Забіць дазваляе і нават абавязвае. А вось падобным пралюбадзействам прынізіць сваю расу — тое самае што скаталожніцтва. I таго горш, болын небясьпечна: скаціна табе сваю ідэалёгію не перадасьць.

ІПто пра гэта кажа закон, які вызнае ягоны бацька, пратэстанцкі сьвятар, Франц, калі трэба, можа прыгадаць, але кіравацца ім немец не абавязаны. Фюрэр вызваліў ад гэтага абавязку, даў свой запавет, закон. Але цяпер менавіта з законам расы спрачаўся эгаізм маладога немца, не вяртаючыся, аднак, да бацькавага наказу. Новыя скрыжалі ўзнагароджзаюць ягоную вернасьць толькі трупам. I адбіраюць радасьць уладаньня жывым. Дзе ж сіла праз радасьць? Нешта тут ня так, мой фюрэр, гэта прывабіць хіба што Ота — яму важней за ўсё сабраць смачную пасылку і паслаць яе сваёй жонцы…

Што адбылося ў тую ноч на кухні, на шырокай лаве ля акна, дзе клалася спаць Паліна, цемра не дала разглядзець ні Кучарысе, ні старому Ота (яна спала на печцы, ён — у другім пакоі).

Я ж гэтую сцэну нібы бачу (з боку Франца), выразна яе ўяўляю: сам перажыў нешта падобнае.

Гадоў за пяць да вайны да нас у госьці прыехала цётка з мужам і іх пляменьніца. Быў я яшчэ пяціклясьнікам-шкаляром. Дужа запала мне ў вока пляменьніца, дзень у дзень мы зь ёю лёталі па двары і ў хаце, абліваліся вадою, шчыпаліся, яна на мяне скардзілася, і нас абаіх прысаромлівалі, сварылі, мая мама мяне, цётка яе. А калі згасілі сьвятло, леглі спаць (госьці ў сталоўцы), я ў цемры папоўз, каб напалохаць іх. Дапоўз да стала — далей іх ложак і канапа — і крыкнуў па-дурному: «А-а-а!» Нешта гучна фыркнула, зашыпела, як клубок зьмеяў, і па маёй фізіяноміі, па шыі прайшліся чыесьці кіпцюры. Ды такія вострыя, шалёныя. Мне б у час успомніць, што ў нашай кошкі нарадзіліся кацяняты, і карабок, іх пасьцель, пад тым сталом. Нічога ня цямячы, залямантаваў, як зарэзаны. Спалох быў усеагульны. Пакуль не запалілі сьвятло і не пабачылі мяне, з расьпісанай фізіяноміяй, і ня скемілі, што адбылося. Мяне тут жа расфарбавалі яшчэ ёдам, доўга не маглі супакоіцца — потым ужо ад сьмеху.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора