Ich werde dich schützen
Памяці брата
«Здымаюць скальпы (нават зь дзяцей), кастрыруюць, праз маленькую дзірку ў цемені выцягваюць з жывога чалавека мозаг, ірвуць ногі» — гэта хто, фашысты 40-х гадоў? Не, гэта сёньняшнія газэтныя паведамленьні з нашых «блізкіх» рэгіёнаў-дзяржаваў аб высьвятленьні нацыянальных, кланавых і палітычных прэтэнзіяў адно да аднаго. Гэта мы з вамі. Калі ў 41-м немцы-фашысты забівалі савецкіх ваеннапалонных на вачах у жыхароў майго пасёлку, старая, ушчэнт раздушаная бессэнсоўнай гібельлю ў засьценках НКВД яе мужа (поруч зь яшчэ васьмю дзясяткамі заводзкіх рабочых), галасіла ў сьлязах: «Чаго хацець ад чужых, калі свае вунь што тварылі?..» О, гэтыя «чужыя» і гэтыя «свае»! Як лёгка асуджаем іншых і як цяжка паварочваецца язык сказаць жорсткую праўду сабе, уласнаму народу, нават калі верх у ім бяруць ці ўзялі ўжо «свае» падонкі і расісты (як бы яны сябе ні называлі). Ці шмат мы чулі самаасуджальных галасоў хаця б ад вядомых усёй краіне інтэлігентаў з Азэрбайджану і Армэніі, з Кіргізіі і Узбэкістану, з Малдовы і Таджыкістану? Сьвет пахаладзеў ад Сумгаіта і Хаджы, ад Фэрганы і Ошы, ад Бэндэр і Курган-Цюбэ. Мільёны людзей ва ўсіх краінах у жаху, а наша нацыянальная інтэлігенцыя адмоўчваецца. I ў Прыбалтыцы маўчаць, і ў Грузіі, ніхто не сказаў, не гаворыць «на ўвесь голас» уласнаму народу, што шавінізм «малога» народу такі ж агідны, як і любы іншы, што імпэрскія замашкі ў дачыненьні да ўласных «меншасьцяў» падрываюць і твае правы на самастойнасьць. I дабром гэта ніколі не заканчваецца. Сьведчаньнем таму — Асэтыя, Абхазія, Прыднястроўе. Прарасейскіх і ўкраінскіх «нашых», якія адкрыта і ў самазабыцьці дэманструюць свой нацысцкі радавод, і гаварыць ня хочацца, хаця разумеем: вірусы расізму ў такім вялізным целе — небясьпека ўжо для ўсёй плянэты.
Ня будзем недаацэньваць падобную ж небясьпеку і для адносна спакойных Беларусі ці Казахстану. Мы пераканаліся ўжо: г эта прарываецца нечакана і, здавалася б, «зь нічога».
Бачачы ўсё, перажываючы, суперажываючы зь іншымі — а непакоіць, мучыць гэта ўсіх, — я раптам прыгадаў рэальную гісторыю беларускай дзяўчынкі і маладога нямецкага салдата — зь мінулай вялікай вайны, з часоў фашысцкага азьвярэньня цэлых краін і кантынэнтаў. Яны, амаль яшчэ дзеці, змаглі пераступіць праз наймагутнейшыя нацыяналістычныя і дзяржаўна-ідэалягічныя міты, догмы і выканаць на зямлі сваю Чалавечую місію — быць братам, сястрой, быць каханьнем, быць чалавекам для іншага чалавека.
У нас перасыхае горла, перахоплівае дыханьне, калі трэба сказаць жорсткую праўду пра нас самых. Тады няхай яны яе нам скажуць, за нас — дзяўчынка і юнак адтуль, з самай ночы фашызму і сталінізму. Гэта — аўтарскі адказ на зусім законнае, верагоднае пытаньне: зноў пра вайну, навошта?
У вёсцы Петухі вырашылі затаіцца і адседзецца колькі дзён. Gross Dorf Pietuchi. Праца эйнзацкаманды ўзбударажыла ўсё навакольле. На кожным узьлеску засады, абстрэлы, на дарогах міны. Узварушылі партызанскае гняздо. А гэтая вёска ад лесу адгароджаная рачулкаю, сама на горцы. Выкапалі акопы для кулямётаў, парасстаўлялі ў садах лёгкія танкі і бронетранспарцёры ды зажылі мірна. Па два, па тры салдаты ў кожнай хаце, на сям’ю. Каравул разьмясьціўся ў зручна пастаўленых у канцы вуліцы былой школе і калгаснай канторы. Загадалі, і тутэйшыя кабеты вычысьцілі, вымылі загаджаныя пакоі, ім за гэта заплацілі па тры маркі. Няхай ніхто ня кажа, што ў штурмбанфюрэра Дзірлевангера служаць не салдаты, а бандыты, крымінальнікі.
Штурмбанфюрэр уласнаю асобаю меў палітычную суразмову з малодшымі афіцэрамі, а тыя — з салдатамі: як паводзіць сябе на гэты раз, у гэтай вёсцы. Аніякіх пагроз і канфіскацыяў, за паслугі дзякаваць і нават плаціць, сьмела ўступаць у асабістыя кантакты — усё, як у цывілізаванай краіне. А калі надыдзе дзень акцыі (аб чым будзе ў час паведамлена), усіх гаспадароў свайго дому ліквідаваць, дом і ўсе забудовы падпаліць. Словам, далей дзейнічаць, як і ў іншых вёсках. Быдла, як і раней, асабліва буйное, не зьнішчаць, выгнаць з хлявоў, перадаць пагоншчыкам.
Пры тым кожны абавязаны: зь першага ж дня зафіксаваць, колькі чальцоў сям’і пад ягоным кантролем, разьмеркаваць, хто і за каго асабіста адказвае ў дзень акцыі, каб не ўцяклі, не схаваліся. Асабліва важныя апошні дзень і ноч перад ліквідацыяй: яны, як жывёла, чуюць блізкую разьніцу.
Маладога салдата Франца Ш. (малады сапраўды, сямнаццаць гадоў, прызваны татальнай мабілізацыяй) прымацавалі да напарніка вопытнага, надзейнага, праверанага ў справе. Ота Залеўскі, паводле нармальных армейскіх мерак, можна сказаць, ужо стары, ён зь вясковых жандараў. Таксама татальнік, але не з 1943 году прызыву, а з 1942-га. Пасьля Маскоўскай бітвы, тады як Франца фюрэр паклікаў пасьля Сталінградзкай.
Франц у баявое падразьдзяленьне патрапіў проста з Бабруйскага вакзалу, разам зь цяжкім узбраеньнем, што прыбыло спэцыяльна для гэтага батальёну. Так што вёска Петухі — яго першае баявое хрышчэньне. Кажуць, тут самы гадзючнік партызанскі. Як выказаўся штурмбанфюрэр, тут і курыца — партызан.
Аднак, Францу ў гэта нялёгка было паверыць, калі ён бачыў тутэйшы люд — што ў Бабруйску, што ў гэтай вёсцы. Запалоханы і нейкі прыгнечаны: ахвотна саступаюць тратуар, дарогу, у вочы, праўда, пазьбягаюць глядзець (дзеці, тыя пазіраюць з пужлівай цікаўнасьцю), але калі немец пакліча, паслухмяна падыдуць і нават колькі словаў па-нямецку скажуць, якія ведаюць. «Шксфарштэйн» — нават з гонарам, што таксама могуць па-нямецку.
Калі па праўдзе казаць, дык Францу нашмат болып не падабаюцца мясцовыя паліцаі: ілжыва-дагодлівыя, а тым ня менш у руках у іх зброя. Што ён там насамрэч думае і што зробіць у наступны міг — хіба ведаеш? Сытуацыя, у якой ён адразу ж апынуўся ў Петухах, ня простая для любога. А Францу, навічку, як яму нават уявіць, што сёньня ён вось з гэтымі людзьмі жыве ў адной хаце, яны яму грэюць ваду, смажаць яечню, зь імі ён гамоніць, сьмяецца, а заўтра ён іх усіх заб’е? Прачнецца раніцай, павітаецца, пачысьціць зубы, пасядзіць за сталом, пераглядваючыся з Палінай, маладой гаспадыняй, а затым яны з Ота паглядзяць на гадзіньнік і бразнуць затворамі…
Пераглядвацца і пасьмейвацца пачалі не адразу, толькі на другі дзень — Франц зь дзяўчынай. Спачатку яму здалося, што ў гэтай хаце — дзьве бабулькі. Старая, сівая бабулька зь нейкай бязглуздай вечнай усьмешкай і бабулька маладзейшая, ані не харашэйшая за тую, першую. Нават больш брудная і ўся закручаная ў нейкія анучы, ды яшчэ і кульгае, горбіцца.
Але назаўтра раніцай другая бабулька некуды зьнікла, а аб’явілася амаль дзяўчынка, чарнавокая, з падкарочанымі валасамі, цікаўна і як бы сьмеючыся прыглядаецца да Франца. Спадніца тая ж, па-вясковаму даўгая, бруднага колеру, але кофта беленькая, нават зь нейкімі вышыванкамі. Не падазраючы, што Франц паруску разумее (бацька яго быў у расейскім палоне, і дома ў іх нямала расейскіх кніг, нават Біблія ёсьць славянская), старая шыпіць на сваю, відаць, дачку, не паварочваючы да яе твару:
— Што гэта ты сабе дазваляеш, язьві тваю душу? Перад кім ты выфранцілася? Што гэта з табой робіцца?
Ота, хаця па-іхнаму ані слова, тым ня менш бачыць і разумее тое, што адбываецца, лепш за Франца. Растлумачыў. Яны тут усе так, хто маладзей і харашэй, прыкметней: твар, шыю ў сажу запэцкаюць, вьшажуць, амаль ня ў гной — рукі, ногі, апрануцца, быццам хлеў ім чысьціць, яна табе і кульгавая, і гарбатая — адно ня руш яе! Не спакушайся на яе хараство! А гэта, бач ты, адразу зьмяніла тактыку, як толькі ты аб’явіўся, — ганарыся, Франц!
Старому Ота даручаны яго бацькоўскай апёцы маладзён, проста з гітлерюгенду, нават спадабаўся. Хаця гараджане, ды яшчэ гарластыя, нахабныя юнцы, яму ня надта да душы. Ад іх старому, ды яшчэ вяскоўцу, заўжды трэба чакаць нейкае насьмешкі, непрыемнасьці. Адзін ужо быў у яго такі, хуценька адхапіў пасаду цугфюрэра, узводам камандуе, і Ота цяпер яму падпарадкуецца. Начыста забыў, якім быў рахманым першыя дні, як зазіраў у рот бываламу салдату, лавіў кожнае яго слова, параду, а цяпер на Ота глядзіць заўжды з насьмешачкай, штораз нры пастраеньні пацікавіцца: «Hast du dein Scheiss beendigt?», ці пасраў гер Ота, а то цуг, узвод можа яго і пачакаць.
А з гэтым Францам яшчэ і такое магчыма: падстрэліць па дурноце, усё не нацешыцца атрыманым шмайсэрам, важдаецца, як з цацкай, зараджае, перазараджае. На Ота пазірае, бы шкадуючы, у старога ўсяго толькі вінтоўка. Зь імі, з гэтаю дзявухай па-іхнаму гамоніць, хіхікаюць, ці ня з Ота? Калі пасьпеў і дзе так насабачыцца па-руску.
Прыгледзеўшыся да немцаў, што пасяліліся ў іх хаце, паслухаўшы, што суседзі расказваюць пра сваіх пастаяльцаў, Паліна сапраўды перастала баяцца. Не, страх, жах перад тым, што немцы вычварылі ў суседніх Борках і Каменцы, не зьнікаў, душыў. Але ж ня Франца ёй баяцца, гэтага дылду-хлапца, які ня можа з уласнымі рукамі-нагамі справіцца, падобны да ястрабяня, што вывалілася з гнязда. Шаснаццаць гадоў — гэта шаснаццаць гадоў. Менавіта столькі споўнілася Паліне ў студзені. Так хочацца верыць у лепшае. Ну а немцу гэтаму — ці на шмат болып? Хаця і ўзьдзеў мундзір, рамянямі і нейкімі тэрмасамі абвешаны, як пудзіла агароднае, з аўтаматам і спаць кладзецца, сьмярдзіць конскім потам і нейкімі памадамі, адэкалёнам. Бязь сьмеху глянуць на яго нельга. I ўвесь час бачыш яго блакітныя вочы. Нават сьпінаю адчуваеш.
Варта ёй апрануцца па-людзку, твар памыць, як тут жа жаночым чуцьцём зразумела: гэты хлопец яе, старацца дужа ня трэба. Праўда, ён немец, ня той час, калі на вечарынках забаўляліся. Але шаснаццаць ёсьць шаснаццаць. Яе раптоўнае ператварэньне — прычына, каб весела, жартам пераглядвацца з Францам. Быццам разыгралі яны кагосьці трэцяга. I ўсё яшчэ разыгрываюць — старога Ота, скажам. Так яго шкада — зь яго пагаслымі, абыякавымі вачыма, індычаю змаршчакаватаю шыяй. Памерці можна, слухаючы, як яны, старыя — Ота з маці Паліны — гамоняць. Старая зьвяртаецца да яго, як да глухога. Мабыць, ёй здаецца, што гучныя словы чужое мовы яму больш зразумелыя.
— Пан, а пан, вада цёплая трэба, галіцца, кажу, будзеце? Што франштэйн, што франштэйн: я кажу, галіцца будзеце?