Вайна сусветаў - Уэллс Герберт Джордж

Шрифт
Фон

У апошнія гады дзевятнаццатага стагоддзя ніхто не паверыў бы, што за ўсімі падзеямі на Зямлі пільна і ўважліва сочаць істоты больш развітыя, чым чалавек, хоць яны такія ж смертныя, як і ён; што ў той час, як людзі займаліся сваімі справамі, іх даследавалі і вывучалі, мабыць, гэтак жа поўна і ўсебакова, як чалавек пад мікраскопам вывучае эфемерныя стварэнні, якія кішаць і размнажаюцца ў кроплі вады. З бясконцай самазадаволенасцю мітусіліся людзі на ўсім зямным шары, занятыя сваімі дробязнымі справамі, упэўненыя ў сваёй уладзе над матэрыяй. Магчыма, інфузорыя пад мікраскопам паводзіць сябе гэтаксама. Ніхто нават не здагадваўся, што больш старыя кропкі сусвету — крыніца небяспекі для роду людскога; нават думка пра якое-небудзь жыццё на іх здавалася неверагоднай і крамольнай. Міжвольна ўспамінаюцца тагачасныя агульнапрынятыя погляды. Дапускалася найбольш рэальнае: на Марсе жывуць іншыя людзі, магчыма, менш развітыя, чым мы, але, ва ўсякім выпадку, яны гатовы па-сяброўску сустрэць нас як найбольш цывілізаваных гасцей, якія нясуць асвету. Між тым праз бездань прасторы на Зямлю прагна і зайздросна глядзелі істоты з высокаразвітым, халодным і абыякавым інтэлектам; яны пераўзыходзілі нас настолькі, наколькі мы пераўзыходзім вымерлых жывёлаў, і выпрацоўвалі дакладныя, варожыя для нас планы. Пачатак дваццатых гадоў разбурыў нашы ілюзіі.

Планета Марс — наўрад ці трэба напамінаць чытачу — верціцца вакол Сонца ў сярэднім на адлегласці 140 мільёнаў міляў і атрымлівае ад яго ўдвая менш цяпла і святла, чым мы. Калі верыць гіпотэзе пра туманнасць, то Марс старэйшы за Зямлю; жыццё на яго паверхні павінна было паявіцца задоўга да таго, як Зямля перастала быць расплаўленай. Маса яго ў сем разоў меншая за зямную, таму ён павінен значна хутчэй астыць да тэмпературы, пры якой магло зарадзіцца жыццё. На Марсе ёсць паветра, вада і ўсё неабходнае для падтрымання жыцця.

Але чалавек настолькі славалюбівы і так аслеплены сваёй фанабэрыстасцю, што ніхто з пісьменнікаў да самага канца дзевятнаццатага стагоддзя нават не выказваў і думкі пра тое, што на гэтай планеце могуць жыць разумныя істоты, якія, магчыма, нават апярэдзілі ў сваім развіцці людзей. А так як Марс старэйшы за Зямлю, мае паверхню, роўную чацвёртай частцы зямной, і далей размешчаны ад Сонца, то ніхто і не падумаў, што жыццё на Марсе не толькі пачалося раней, але ўжо набліжаецца да канца.

Непазбежнае ахаладжэнне, якое калі-небудзь ахопіць і нашу планету, у нашага суседа, несумненна, адбылося ўжо даўно. Хоць мы амаль нічога не ведаем аб умовах жыцця на Марсе, нам усё ж вядома, што нават у яго экватарыяльным поясе сярэднедзённая тэмпература не вышэйшая, чым у нас самай халоднай зімой. Яго атмасфера намнога больш разрэджаная, чым зямная, а акіяны паменшыліся і займаюць толькі трэць яго паверхні; з прычыны павольнага кругазвароту пораў году каля яго полюсаў згрувашчваюцца велізарныя ледзяныя масы і затым, адтайваючы, перыядычна затапляюць яго ўмераныя паясы. Апошняя стадыя апусташэння планеты, для нас яшчэ бясконца далёкая, стала надзённай праблемай насельнікаў Марса. Неадкладная патрэба прымушала іх розум працаваць больш напружана, іх тэхніка ўдасканальвалася, чарсцвелі сэрцы. І, гледзячы ў сусветную прастору, узброеныя такімі інструментамі і ведамі, пра якія мы толькі можам марыць, яны бачылі непадалёк ад сябе, на адлегласці якіх-небудзь 35 міляў у напрамку да Сонца, ранішнюю зорку надзеі — нашу цёплую планету, зялёную ад расліннасці і шэрую ад вады, з туманнай атмасферай, якая красамоўна сведчыць аб урадлівасці, з мігаючымі праз воблачную павалоку шырокімі прасторамі населеных мацерыкоў і цеснымі, запоўненымі флатыліямі суднаў, марамі.

Мы, людзі, істоты, насельнікі Зямлі, павінны былі здавацца ім такімі ж нікчэмнымі і прымітыўнымі, як нам — малпы і лемуры. Розумам чалавек спасцігае: жыццё — гэта няспынная барацьба за існаванне, і на Марсе, відаць, думаюць гэтаксама. Іх жыццё пачало ўжо астываць, а на Зямлі — усё яшчэ кіпіць, але гэта жыццё нейкіх ніжэйшых стварэнняў. Заваяваць новы свет, бліжэй да Сонца, — вось іх адзінае выратаванне ад пагібелі, якая насоўваецца няўхільна.

Перш чым судзіць іх вельмі строга, мы павінны ўспомніць, як няшчадна знішчалі людзі не толькі жывёлін, але і да сябе падобных прадстаўнікоў ніжэйшых рас. Жыхары Тасманіі, напрыклад, былі забітыя да апошняга за пяцьдзесят гадоў крывавай вайны, распачатай імігрантамі з Эўропы. Хіба мы самі ўжо такія прыхільнікі міласэрнасці, што можам абурацца марсіянамі, якія дзейнічалі ў тым жа духу?

Марсіяне, відавочна, разлічылі свой спуск з неверагоднай дакладнасцю — іх матэматычныя пазнанні, мяркуючы па ўсім, значна пераўзыходзяць нашыя — і выканалі свае задумкі выключна ўзгоднена. Калі б нашы прыборы былі больш дасканалыя, то мы маглі б заўважыць небяспечную навалу яшчэ задоўга да канца дзевятваццатага стагоддзя. Такія вучоныя, як Скіяпарэлі, назіралі за чырвонай планетай (цікава, між іншым, што на працягу многіх вякоў Марс лічыўся зоркай вайны), але ім не ўдавалася выясніць прычыну перыядычнага паяўлення на ёй плямаў, якія яны добра заносілі на карты. А ўсе гэтыя гады марсіяне, відаць, рыхтаваліся.

У час супрацьстаяння, у 1894 годзе, на асветленай частцы планеты было відаць моцнае святло, заўважанае спачатку абсерваторыяй у Ліке, затым Ператэнам у Ніцы і іншымі назіральнікамі. Англійскія чытачы ўпершыню даведаліся пра гэта з часопіса «Нэйчар» ад 2 жніўня. Думаю, што гэта з'ява азначала адліўку ў глыбокай шахце гіганцкай пушкі, з якой марсіяне абстрэльвалі Зямлю. Дзіўныя відовішчы, да гэтага часу, між іншым, не растлумачаныя, наглядаліся бліз месца ўспышкі ў час двух апошніх супрацьстаянняў.

Бура ўзнялася над намі шэсць гадоў назад. Калі Марс наблізіўся да супрацьстаяння, Лавель з Явы паведаміў астраномам па тэлефоне аб каласальным выбуху расплаўленага газу на планеце. Гэта адбылося дванаццатага жніўня апоўначы, калі з тэрміновай дапамогай спектраскопа ён убачыў расплаўленую масу газаў, галоўным чынам вадароду, якая са страшэннай хуткасцю рухалася да Зямлі. Гэты агнявы паток стаў нябачным каля чвэрці першай гадзіны. Лавель параўнаў яго з каласальнай успышкай полымя, якое раптоўна вырвалася з планеты, як зброены снарад.

Параўнанне аказалася вельмі дакладным. Але ў газетах на наступны дзень не было ніякага паведамлення аб гэтым, калі не лічыць маленькай заметкі «Дэйлі тэлеграф»; і свет жыў і не ведаў самай сур'ёзнай з усіх небяспек, якія калі-небудзь пагражалі чалавецтву. І я, магчыма, нічога не даведаўся б аб вывяржэнні, калі б не сустрэўся ў Отэршоў з вядомым астраномам Оджылві. Ён быў крайне ўсхваляны паведамленнем і запрасіў мяне гэтай ноччу паназіраць за чырвонай планетай.

Нягледзячы на ўсе наступныя бурныя падзеі, я вельмі ясна помню нашу начную пільнасць: чорная, нямая абсерваторыя, завешаны ў вугле ліхтар, што слаба асвятляе падлогу, мернае ціканне гадзіннікавага механізма ў тэлескопе, невялікая падоўжаная адтуліна ў столі, адкуль зіяла бездань, усеяная зорным пылам.

Амаль нябачны Оджылві бясшумна рухаўся каля прыбора. У тэлескопе відзён быў цёмна-сіні круг і плаваючая ў ім маленькая круглая планета. Яна здавалася такой нязначнай, бліскучай, з ледзь улоўнымі папярочнымі палосамі, са злёгку няправільнай акружнасцю. Яна была маленькая, як шпількавая галоўка, і вылучала цёплае серабрыстае святло. Яна быццам дрыжала, але на самай справе гэта вібраваў тэлескоп пад дзеяннем гадзіннікавага механізма, які трымаў планету ў полі зроку.

У час назірання зорачка то памяншалася, то павялічвалася, то набліжалася, то аддалялася, але гэта толькі здавалася — ад стомленасці вачэй. Нас аддзялялі ад яе 40 мільёнаў міляў, больш чым 40 мільёнаў міляў пустаты. Нямногія могуць уявіць сабе ўсю неабдымнасць той бездані, у якой плаваюць пылінкі матэрыяльнага сусвету.

Блізка каля планеты, я помню, былі відаць тры маленькія светлыя кропкі, тры тэлескапічныя зоркі, бясконца аддаленыя, а вакол — непамерная цемра пустой прасторы. Вы ведаеце, як выглядае гэта бездань марознай ноччу. У тэлескопе яна здаецца яшчэ больш глыбокай. І нябачнае для мяне, з прычыны аддаленасці і малой велічыні, няўхільна і хутка імкнучыся да мяне праз усю гэту невераемную прастору, з кожнай хвілінай прыбліжаючыся на многія тысячы міляў, імчалася тое, што марсіяне паслалі нам, тое, што павінна было прынесці барацьбу, бедствы і гібель на Зямлю. Я і не здагадваўся аб гэтым, назіраючы за планетаю; ніхто на Зямлі не падазраваў пра гэты метка пушчаны кідальны снарад.

Гэтай ноччу зноў наглядаўся ўзрыў на Марсе. Я сам бачыў яго. Паявіўся чырванаваты бляск і ледзь прыкметнае ўздуцце з краю ў тое самае імгненне, калі хранометр паказваў поўнач. Я паведаміў пра гэта Оджылві, і ён змяніў мяне. Ноч была гарачая, і мне захацелася піць; вобмацкам, нялоўка ступаючы ў цемнаце, я рушыў да століка, на якім стаяў сіфон, як раптам Оджылві ўскрыкнуў, убачыўшы вогненны паток газу, што нёсся на вас.

Гэтай ноччу новы небяспечны снарад быў выпушчаны з Марса на Зямлю — роўна праз суткі пасля першага, з дакладнасцю да адной секунды. Помню, як я сядзеў на стале ў цемнаце; чырвоныя і зялёныя плямы плылі ў мяне перад вачыма. Я шукаў агню, каб закурыць. Я зусім не надаваў значэння гэтай імгненнай успышцы і не задумваўся над тым, што можа быць пасля яе. Оджылві назіраў да гадзіны ночы; у гадзіну ён закончыў работу; мы запалілі ліхтар і накіраваліся к яму дамоў. Захінутыя цемрай, ляжалі Отэршоў і Чэртсі, дзе мірна спалі сотні жыхароў.

Оджылві гэтай ноччу выказваў розныя згадкі наконт умоў жыцця на Марсе і высмейваў вульгарную гіпотэзу аб тым, што яго насельнікі падаюць нам сігналы. Ён меркаваў, што на планету пасыпаўся цэлы град метэарытаў або што там адбываецца агромністае вулканічнае вывяржэнне. Ён даказваў мне, наколькі малаверагодна, каб эвалюцыя арганізмаў праходзіла аднолькава на дзвюх, хай сабе і блізкіх планетах.

— Адзін шанс супраць мільёна за тое, што на Марсе ёсць жыццё, — сказаў ён.

Кожны раз апоўначы сотні назіральнікаў бачылі полымя, у гэту і наступныя дзесяць начэй — па адной успышцы. Чаму выбухі скончыліся пасля дзесятай ночы, гэтага ніхто не спрабаваў растлумачыць. Магчыма, газ ад выстралаў прычыняў якія-небудзь нязручнасці марсіянам. Густыя клубы дыму ці пылу, убачаныя ў самым моцным тэлескопе ў выглядзе маленькіх шэрых з адлівам плямаў мігацелі ў чыстай атмасферы планеты і зацямнялі яе знаёмыя абрысы.

Нарэшце нават газеты загаварылі пра гэтыя відовішчы, там-сям сталі паяўляцца заметкі пра вулканы на Марсе. Помніцца, гумарыстычны часопіс «Панч» вельмі дасціпна выкарыстаў гэта для палітычнай карыкатуры. Паміж іншым нябачныя марсіянскія снарады ляцелі да Зямлі праз бездань пустой прасторы з хуткасцю некалькіх міляў у секунду, набліжаючыся з кожным днём, з кожнай гадзінай. Мне здаецца цяпер дзікім, як гэта людзі маглі займацца сваімі дробязнымі справамі, калі над імі ўжо навісла згуба. Я помню, як радаваўся Маркхем, атрымаўшы новы фотаграфічны здымак планеты для ілюстраванага часопіса, рэдагуемага тады ім. Людзі цяперашняга, больш позняга часу з цяжкасцю ўяўляюць сабе разнастайнасць і прадпрымальнасць часопісаў у дзевятнаццатым веку. Я таксама тады з вялікім жаданнем вучыўся ездзіць на веласіпедзе і чытаў кіпу часопісаў, у якіх абмяркоўвалася далейшае развіццё маральнасці ў сувязі з прагрэсам цывілізацыі.

Аднойчы вечарам (першы снарад знаходзіўся тады за 10 мільёнаў міляў ад нас) я выйшаў разам з жонкай на прагулку. Неба было зорнае, і я растлумачыў ёй знакі Задыяка і паказаў на Марс, на яркі пункт святла каля зеніту, куды было скіравана столькі тэлескопаў. Вечар быў цёплы. Кампанія экскурсантаў з Чэртсі ці Айлварта, вяртаючыся дамоў, прайшла міма нас з песнямі і музыкай. У верхніх вокнах дамоў свяціліся агні, людзі клаліся спаць. Здалёку, з чыгуначнай станцыі даносіўся грукат манеўровых цягнікоў; прыглушаны адлегласцю, гучаў ён амаль меладычна. Жонка звярнула маю ўвагу на чырвоныя і жоўтыя сігнальныя агні, што гарэлі на фоне начнога неба. Усё здавалася такім спакойным і лагодным.

Затым надышла ноч першай знічкі. Яе ўбачылі на досвітку; яна праносілася над Вінчэстэрам, на ўсход, вельмі высока, выкрэсліваючы вогненную лінію. Сотні людзей бачылі яе і ўспрынялі за звычайную дагараючую зорку. Як апісвае Элбін, яна пакідала за сабою зеленаватую паласу, якая гарэла некалькі секундаў. Дэнінг, наш найвялікшы аўтарытэт па метэарытах, сцвярджаў, што яна была бачнай ужо на адлегласці дзевяноста ці ста міляў. Яму падалося, што зорка ўпала на Зямлю прыкладна за сто міляў на ўсход ад таго месца, дзе ён знаходзіўся.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Основа
69.4К 349

Популярные книги автора