Айтматов Чингиз Торекулович - Буранны паыстанак (на белорусском языке) стр 2.

Шрифт
Фон

Усё наўсцяж палатна было забруджана абрыўкамi паперы i скамечаных газет, бiтымi бутэлькамi, недакуркамi, пагнутымi бляшанкамi i iншым непатрэбным смеццем. Асаблiва брыдка пахла з гарлавiн ацалелых бутэлек тхнула дурманам. Пасля таго як колькi разоў закружылася ў галаве, лiсiца ўжо асцерагалася ўдыхаць тое цяжкое паветра. Фыркала, адскоквала адразу ўбок.

А таго, што ёй трэба было, дзеля чаго яна так доўга рыхтавалася, перасiльваючы ўласны страх, як на тое, не траплялася.

I ў надзеi, што яшчэ ўдасца чым-небудзь падсiлкаваць сябе, лiсiца нястомна бегла па чыгунцы, гайсаючы з аднаго яе боку на другi.

Але раптам яна запынiла бег, прыўзняўшы пярэднiя лапы, нiбы аглушаная чым. Нявiдная ў хiсткiм святле высокага iмглiстага месяца, яна стаяла памiж рэйкамi як прывiд, не выдаючы сябе нiчым.

Насцярожлiва далёкi гул усё яшчэ няўхiльна наблiжаўся. Пакуль ён быў надта далёка. Усё гэтак жа прутка трымаючы хвост, лiса нерашуча перастаўляла ногi, мяркуючы, пэўна, падацца адсюль. Але раптам яна заспяшалася, пачала шпарыць наўзбоч, вiдаць, спадзеючыся патрапiць на нешта такое, чым можна было б паласавацца. Чула - вось-вось будзе знаходка, хоць аднекуль насоўваўся грозным наступам жалезны лязгат i перастук соцень колаў. Лiса замарудзiла ўсяго на нейкую долю хвiлiны, i гэтага было дастаткова, каб замiтусiцца, закуляцца, нiбы мятлушцы, бо раптоўна з павароту сцебанулi блiжнiя i дальнiя агнi лакаматываў, i магутныя пражэктары, высвятляючы наперадзе i асляпляючы ўсё наўкол, iмгненна расхiнулi стэп, бязлiтасна паказваючы яго мёртвую пустэчу. А цягнiк напорна iмкнуў па рэйках. У паветры запахла пякучым дымам i пылам, шугануў вецер...

Лiсiца апантана кiнулася прэч, час ад часу азiраючыся, прыпадаючы ў сполаху да зямлi. А пачвара са сляпучымi агнямi доўга лескатала i неслася, доўга яшчэ стукала коламi. Лiсiца ўскочыла i зноў кiнулася апантана бегчы...

Потым яна аддыхалася, i яе зноў пацягнула туды, да чыгункi, дзе можна было наталiць голад. Але наперадзе зноў мiльганулiся агнi, зноў лакаматывы цягнулi доўгi гружаны састаў.

Тады лiсiца пабегла ў абход па стэпе, рашыўшы, што выйдзе да чыгункi ў такiм месцы, дзе не ходзяць цягнiкi...

Цягнiкi тут iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход...

А па баках ад чыгункi ў гэтых мясцiнах ляжала вялiкая пустынная пространь - Сары-Азекi, Сярэдзiнныя землi жоўтых стэпаў.

У гэтых мясцiнах любая адлегласць вымяралася адносна чыгункi, нiбы адносна якога Грынвiчскага мерыдыяна...

А цягнiкi iшлi з усходу на захад i з захаду на ўсход...

Апоўначы нехта доўга i настойлiва дабiраўся да яго ў будку стрэлачнiка, спачатку наўпрост па шпалах, потым, як паказаўся наперадзе стрэчны цягнiк, скацiўшыся з адхону, прабiраўся, як у пургу, засланiўшыся рукамi ад ветру i пылу, якiя выносiла шквалам з-пад хуткага таварняка (гэта iшоў зялёнай вулiцай лiцерны састаў - цягнiк асобага прызначэння, ён паварочваў затым на асобную лiнiю ў закрытую зону Сары-Азек, там у iх свая, асобная чыгуначная служба, далей, на касмадром, карацей кажучы, таму цягнiк iшоў увесь закрыты брызентам i з вайсковай аховай на платформах). Едыгей адразу здагадаўся, што гэта жонка спяшала да яго, што нездарма спяшаецца i што ёсць на тое нейкая надта сур'ёзная прычына. Так яно потым i пацвердзiлася. Але паводле абавязку службы ён не меў права адлучацца з месца, пакуль не пракоцiцца мiма апошнi хваставы вагон з кандуктарам на адкрытай пляцоўцы. Яны пасiгналiлi адзiн аднаму лiхтарамi ў знак таго, што ўсё ў парадку, i толькi тады бадай аглохлы ад суцэльнага шуму Едыгей павярнуўся да задыханай жонкi:

- Ты чаго?

Яна трывожлiва зiрнула на яго i шавяльнула губамi. Едыгей не пачуў, але зразумеў - так i думаў.

- Хадзем сюды ад ветру. - Ён павёў яе ў будку.

Але перш чым пачуць з яе вуснаў тое, пра што сам здагадваўся, у тую хвiлiну чамусьцi здзiвiла яго iншае.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке