"Малайчына, - падумаў я пра самога сябе. - Нiхто не iдзе, а я ўсё вагаюся! А зрэшты, - падказала мне шэптам развага, - якога чорта лезцi ў дарэмную авантуру?.. Або ж я ведаю, дзе ляжыць дзiця?.. Можа, вывалiлася з начовак?.."
Бэлькi перагаралi ўжо i пачалi з глухiм патрэскваннем выгiнацца.
"Аднак трэба ўрэшце прабрацца туды, - думаў я, - кожная хвiлiна дарагая. Дзiця не павiнна ўсё-такi згарэць, як чарвяк... А калi яно ўжо гатова? - зноў падказала развага. - У такiм выпадку шкада нават пiнжака..."
Здалёк пачуўся страшэнны жаночы крык:
- Ратуйце дзiця!..
- Трымайце яе! - пачуўся крык у адказ. - Палезе ў агонь i загiне...
Я пачуў нейкае шамаценне за мною i той самы крык:
- Пусцiце!.. Гэта маё дзiця!..
- Пад пахi яе бяры!.. - крычаў нехта ў адказ.
Я не стрываў i кiнуўся наперад. Ахапiў мяне жар, дым, дах затрашчаў над галавой, з комiна пасыпалася цэгла. Я адчуў, што валасы мае тлеюць, i... адступiўся са злосцю. "Што за дурная сентыментальнасць! - падумаў. - Дзеля жменькi чалавечага попелу ператвараць самога сябе ў пудзiла?.. Яшчэ скажуць, што так затанна вырашыў стаць героем!.."
Ды вось раптам мяне штурханула, бегучы да палаючай хаты, нейкая маладая дзяўчына. Пачуўся звон разбiтых шыбiн, а калi ветрам адмахнула дым, я ўбачыў яе ў акне, - яна перахiлiлася туды так далёка, што вiдаць былi непамытыя ногi.
- Што ты робiш, вар'ятка! - закрычаў я. - Там ужо труп, а не дзiця...
- Ягна, вылазь! - крычалi з натоўпу.
Столь абвалiлася, ажно ў неба сыпанулi iскры. Дзяўчына знiкла ў дыме, а ў мяне пацямнела ў вачах.
- Яг-на! - зноў залямантаваў той голас.
- Зараз! Зараз! - адказала дзяўчына, бегучы каля мяне назад.
Яна з намаганнем несла цяжкага хлопца, якi, прачнуўшыся, крычаў на ўвесь свет.
- Дык ён жывы? - спытаўся я ў сябра.
- Жывы i здаровы.
- А дзяўчына... яго сястра?
- Дзе там, - адказаў сябар. - Зусiм чужая, нават наймiчка ў iншага гаспадара, i гадоў ёй з пятнаццаць.
- I нiчога з ёю не здарылася?