Яго ахапiла хваляванне ад усведамлення таго, што ён знаходзiцца побач з iмi, усяго за некалькi сантыметраў ад працэсу забойства шляхам удушэння з-за спiны, якi ўжываў палюбоўнiк жанчыны ў дачыненнi да яе мужа. Клайв працягнуў руку i дакрануўся да намаляванай чырвонай фарбай крывi, якая сцякала ў тых месцах, дзе ўдаўка глыбока ўпiлася ў шыю. Клайв таксама памацаў халодныя скулы ахвяры. Выпучаныя вочы былi шкляныя, нейкiя агiдныя, i таму ён да iх не дакрануўся.
Праз дзве гадзiны ён запеў псалмы "Блiжэй да цябе, Гасподзь" i "Iiсус жадае абагрэць мяне промнямi". Клайв не ведаў iх тэксту да канца, таму ён запалiў.
Ужо ў дзве гадзiны ночы паспеў засумаваць i хацеў выйсцi спачатку праз парадны, а потым праз чорны ўваход, але не змог - абое дзвярэй былi знадворку зачынены засаўкамi. Ён падумаў, што было б нядрэнна, каб яму прынеслi булачку з бiфштэксам у гэтым начным вагоне-рэстаране, пакуль ён дабярэцца дадому. I ўсё ж вымушанае зняволенне яго не турбавала, таму ён даеў сандвiч, якi паспеў падсохнуць, i крыху паспаў на трох ссунутых у рад крэслах. Ляжаць на iх было вельмi мулка, таму ён ведаў, што хутка прачнецца, так i здарылася ў пяць гадзiн ранiцы. Клайв апаласнуў вадой твар, потым яшчэ раз агледзеў васковыя экспанаты. Гэты раз ён прыхапiў сувенiр - гальштук Вудра Вiльсана.
Блiжэй да дзевяцi гадзiн - а "ВАСКОВЫ МУЗЕЙ ЖАХАЎ МАДАМ ЦIБО" адчыняўся а палове дзесятай - Клайв схаваўся ў выдатным месцы - за чорнай складной шырмай з залатымi ўзорамi, якая была фонам да адной сцэны. Перад шырмай стаяў ложак, на якiм ляжаў вылеплены з воску мужчына з падобнымi на роварны руль вусамi, якi, паводле iдэi аўтараў, быў атручаны сваёй жонкай.
Наведвальнiкi пачалi пакрыху збiрацца пасля таго, як мiнула палова дзесятай. I той самы цыбаты нудлiвы служачы забубнеў сваю лекцыю. Клайв мусiў пачакаць яшчэ некалькi хвiлiн, пакуль, на яго думку, можна было спакойна злiцца з натоўпам i выйсцi з музея, хаваючы ў кiшэнi гальштук Вудра Вiльсана. Ён быў крыху стомлены, але шчаслiвы - хаця калi падумаць - каму ён пра ўсё гэта раскажа? Хiба што Джоi Враслi, гэтай глухой цяцеры, што соваўся за прылаўкам у краме Сiманса? Ха! Трэба было дзеля гэтага старацца! Джоi не варты такой цiкавай гiсторыi. Клайв спазнiўся на працу аж на паўгадзiны.
- Прабачце, мiстэр Сiманс, я праспаў, - таропка, але, на яго думку, дастаткова ветлiва сказаў Клайв, зайшоўшы ў краму. Яму ўжо падрыхтавалi прадукты для дастаўкi пакупнiкам. Клайв паставiў скрыню на спецыяльную падстаўку, прымацаваную да руля ровара.
Клайв жыў разам з мацi, хударлявай, вельмi нервовай жанчынай, якая працавала ў краме па продажы панчох, паясоў i бялiзны. Муж кiнуў яе, калi Клайву было дзевяць год. Больш дзяцей у яе не было. Клайв кiнуў сярэднюю школу за год да заканчэння, чым вельмi засмуцiў мацi, i каля года нiчым не займаўся, бавячы час на канапе ў хаце цi бадзяючыся з такiмi, як i ён, ля вуглоў. Але нiхто з яго знаёмых так i не зрабiўся яго блiзкiм сябрам на радасць мацi, бо яна лiчыла ўсю iхнюю кампанiю нiкчэмнай дрэнню. Ужо год, як Клайв працаваў рассыльным у краме Сiманса, i мацi думала, што ён пачаў брацца за розум.
Калi Клайв вярнуўся дадому а палове сёмай вечара, у яго была падрыхтавана гiсторыя для мацi. Нiбыта ўчора вечарам ён выпадкова сустрэў свайго старога прыяцеля Рычы, што служыў у войску i цяпер прыехаў на пабыўку, яны заседзелiся за размовай у яго дома так позна, што бацькi Рычы прапанавалi застацца ў iх начаваць i паклалi Клайва спаць на канапе. Мацi паверыла ў гiсторыю. Яна стушыла на вячэру фасолю i засмажыла яйкi з шынкай.
Сапраўды, не было такога чалавека, каму б Клайв мог расказаць пра ўчынак, якi здзейснiў мiнулай ноччу. Ён проста не вытрываў бы, калi б хто-небудзь сказаў, гледзячы ў яго бок: "Вось як? Ну, дык i што?", бо для таго, што ён здзейснiў, трэба было ж i мазгамi паварушыць, нават рызыкнуць крыху.