Гальштук Вудра Вильсана (на белорусском языке) - Патриция Хайсмит страница 7.

Шрифт
Фон

Зразумела, за гэты час сапраўдная кроў набыла ржавы колер. Зялёнае прэс-пап'е было скрозь заляпана крывавымi плямамi, i кроў капала з краю стала.

Жанчына ў другiм канцы залы, там, дзе знаходзiлася Мiлдрэд, раптам закрычала.

Мужчына засмяяўся, але хутка асекся.

Адразу ж усё пачалося. Завiшчэла жанчына, адначасова пачуўся крык мужчыны:

- О, Божа, гэта ж на самай справе!

Клайв убачыў, як у дыяраму палез мужчына, каб агледзець труп, якi ляжаў тварам у талерцы з сасiскамi.

- Кроў сапраўдная! Гэта - мёртвы чалавек.

Другi мужчына - наведвальнiк - грымнуўся аб падлогу. Ён страцiў прытомнасць. У залу мiтуслiва прыбег бiлецёр.

- Што тут здарылася?

- Некалькi трупаў - сапраўдныя!

Толькi цяпер бiлецёр зiрнуў на ванну Марата i нават падскочыў ад здзiўлення.

- Святая Багародзiца! Найсвенчы Божа! Гэта ж Мiлдрэд!

- I тут труп!

- I там таксама!

- Божа ж мой, трэба... трэба выклiкаць палiцыю! - крыкнуў бiлецёр.

З музея паспешна выйшлi мужчына i жанчына. Але астатнiя затрымалiся, шакiраваныя i загiпнатызаваныя тым, што здарылася.

Бiлецёр пабег у пакой для пераапранання, да тэлефона, i адразу ж Клайв пачуў адтуль крыкi, бо той убачыў чалавека за сталом, зразумела, васковага, а на стале - палову тулава Марата.

Клайв падумаў, што час вымятацца, i таму пацiху працiснуўся бокам праз натоўп людзей, якiя заглядалi ў дзверы, яны, вiдаць, хацелi наведаць музей i мусiлi чакаць, пакуль вернецца бiлецёр.

"Добра, - думаў Клайв. - Усё як мае быць. Нядрэнна. Зусiм нядрэнна".

У той дзень ён не збiраўся iсцi на працу, але раптам падумаў, што будзе разумней зайсцi i папрасiць выхадны. Мiстар Сiманс, як заўсёды, зрабiў кiслую мiну, калi Клайв сказаў, што дрэнна сябе адчувае, але калi Клайв схапiўся за жывот i зрабiў выгляд, што яму млосна, старэнькаму Сiмансу заставалася толькi згадзiцца. Клайв пайшоў з крамы, маючы ў кiшэнi ўсю тую наяўнасць, што ён змог атрымаць - каля дваццацi трох даляраў.

Клайв хацеў куды-небудзь далей ад'ехаць на аўтобусе. Ён падумаў, што можа аказацца пад падазрэннем, калi бiлецёр успомнiць пра яго частыя наведваннi "МУЗЕЯ МАДАМ ЦIБО", асаблiва калi прыгадае, што Клайв быў там напярэдаднi вечарам, але на самай справе гэта мала датычыла жадання праехацца на аўтобусе. Жаданне гэта было прымiтыўнае i, нейкiм чынам, неадольнае. Ён купiў бiлет на рэйс у заходнiм напрамку за восем даляраў з нечым, у адзiн бок. У вынiку каля 7 гадзiн вечара ён апынуўся ў даволi вялiкiм гарадку ў штаце Iндыяна - Клайв не звярнуў увагi на яго назву.

З аўтобуса вылезла некалькi пасажыраў, у тым лiку i Клайв. Яны апынулiся на аўтавакзале, дзе былi кафетэрыi i бар. Клайву карцела прачытаць газету, таму адразу ж ён накiраваўся да кiёска, што тулiўся ля ўваходных дзвярэй. Ужо на першых старонках кiдалiся ў вочы буйныя загалоўкi:

ТРАЙНОЕ ЗАБОЙСТВА Ў ВАСКОВЫМ МУЗЕI.

МАСАВАЕ ЗАБОЙСТВА Ў МУЗЕI. ТАЯМНIЧЫ ЗАБОЙЦА НАНОСIЦЬ УДАРЫ.

ТРЫ ТРУПЫ Ў ВАСКОВЫМ МУЗЕI.

Клайву найбольш спадабаўся апошнi падзагаловак. Ён купiў усе тры газеты i спынiўся каля стойкi бара, папiваючы пiва.

"Сёння ранiцай у 9 гадзiн 30 хвiлiн бiлецёр па прозвiшчы Фрэд Дж. Кармадзi i некалькi наведвальнiкаў "ВАСКОВАГА МУЗЕЯ ЖАХАЎ МАДАМ ЦIБО" - славутай мясцiны гэтага горада - натыкнулiся на тры сапраўдныя трупы, што былi сярод экспанатаў. Гэта былi забiтыя Мiлдрэд Вiэры, 41 год, Джордж О. Харчлi, 43 год i Рычард К. Макфадэн, 37 год. Усе яны служачыя музея. Абодва мужчыны загiнулi ад моцных удараў i нажавых ран, жанчына - ад удушэння. Палiцыя займаецца на месцы злачынства пошукам ключоў да яго разгадкi. Выказваецца думка, што забойствы адбылiся неўзабаве пасля дзесяцi гадзiн учора вечарам, калi трое служачых збiралiся iсцi дадому. Забойца або забойцы маглi быць сярод апошнiх наведвальнiкаў музея, якiя былi там перад закрыццём у 9 гадзiн 30 хвiлiн.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке