Мяркуецца, што ён цi яны маглi схавацца дзе-небудзь у музеi, пакуль апошнiя наведвальнiкi не выйшлi з музея..."
Клайв быў задаволены. Ён усмiхаўся, папiваючы пiва. Схiлiўшыся над газетамi, ён хацеў тым самым ад усiх адгарадзiцца, каб нiхто iншы ў свеце не змог падзялiць з iм асалоду, але на справе было iнакш. Праз некалькi хвiлiн Клайв устаў i паглядзеў па баках, каб даведацца, цi чытае яшчэ хто-небудзь з мужчын i жанчын, што былi ў бары, тую самую iнфармацыю. Газеты чыталi два мужчыны, але Клайв не бачыў, цi пра яго яны чытаюць, бо газеты былi складзеныя.
Клайв запалiў цыгарэту i прагледзеў усе тры газеты, каб даведацца, цi выяўлена нешта такое,што магло вывесцi на яго след. Нiчога такога ён не знайшоў. У адной газеце ў сувязi з гэтым было адзначана, што Фрэд Дж. Кармадзi не заўважыў асобы цi асоб памiж наведвальнiкамi, што заходзiлi ў музей учора вечарам, якiя б здавалiся падазронымi.
"...У вынiку таго, што ахвяры былi размешчаны вельмi дзiўным чынам замест васковых фiгур, якiя былi спецыяльна выняты са звыклых месцаў, палiцыя ў сваiх пошуках сыходзiць з думкi, што забойца быў псiхапат. Жыхароў навакольнага раёна папярэдзiлi па радыё i тэлебачаннi аб неабходнасцi прытрымлiвацца спецыяльных мер перасцярогi на вулiцах i замыкаць дзверы дамоў на замок".
Прачытаўшы гэта, Клайв рагатнуў. Псiхапат! Шкада, што ўсiм тром аўтарам бракавала ведання дэталяў гумару. Яны ж маглi напiсаць што-небудзь наконт старога на ўнiтазе. Альбо пра таго тыпа, што з патрушчанай патылiцай падпiсвае перамiр'е. У гэтым жа адразу быў вiдаць почырк генiя. Чаму ўсё гэта так недаацанiлi?
Дапiўшы пiва, Клайв выйшаў на тратуар. Было ўжо цёмна, i на вулiцы свяцiлi лiхтары. Ён з цiкавасцю прайшоўся па незнаёмым горадзе, зазiраючы ў вiтрыны крамаў. Але яму ўвесь час карцела зайсцi ў якую-небудзь закусачную, i ён зайшоў у першую, што трапiлася на яго шляху. Гэта быў чыгуначны вагон, перароблены з прэтэнзiяй на стыль "рэтра" ў нешта тыпу вагона-рэстарана.
Клайв замовiў бiфштэкс на булачцы i кубак кавы. Па суседству з iм сядзелi два мужчыны - на выгляд тыповыя жыхары Захаду ў сваiх каўбойскiх ботах i даволi зашмальцаваных капелюшах з шырокiмi палямi. "Можа, адзiн з iх шэрыф", падумаў Клайв. Але яны гутарылi, расцягваючы кожнае слова, наконт нейкiх надзелаў зямлi. Яны сядзелi, схiлiўшыся над сваiмi бiфштэксамi i кубкамi з кавай, так блiзка, што адзiн нават дакранаўся локцямi Клайва. Клайв перачытваў газеты, абапёршы iх аб скрынку з папяровымi сурвэткамi.
Аднаму мужчыну спатрэбiлася сурвэтка, i ён перарваў Клайву чытанне, але той усмiхнуўся i спытаў прыязна:
- Вы чыталi пра забойствы ў васковым музеi?
Чалавек, здавалася, спачатку не зразумеў пытання, а потым адказаў:
- Ага, бачыў загалоўкi.
- Нехта забiў трох чалавек, што там працавалi. Зiрнiце.
У адной газеце была фатаграфiя, але яна не вельмi падабалася Клайву, бо трупы на ёй былi складзены ў рад. Яму больш спадабаўся б здымак Мiлдрэд у ванне.
- Так, - адгукнуўся жыхар Захаду, адсоўваючыся ад Клайва, нiбы той нечым яму не спадабаўся.
- Трупы былi размешчаны сярод экспанатаў. Як васковыя фiгуры. Тут пра гэта напiсана, вось толькi здымкаў няма, - працягваў Клайв.
- Вось як, - адгукнуўся жыхар Захаду i зноў пачаў есцi.
Клайва ахапiла пачуццё расчаравання i нават абражанасцi. Ён крыху пачырванеў i зноў утаропiўся ў газету. На самай справе, у ягонай душы закiпала злосць, ад якой сэрца пачало бiцца ўсё часцей, як гэта здаралася кожны раз, калi ён праходзiў каля "ВАСКОВАГА МУЗЕЯ ЖАХАЎ МАДАМ ЦIБО", хоць, на гэты раз, адчуванне было не зусiм прыемнае.
Клайв, аднак, прымусiў сябе ўсмiхнуцца i зноў звярнуўся да свайго суседа злева:
- Я завёў пра гэта гаворку, таму што гэта зрабiў я. Гэта справа маiх рук. - Ён ткнуў пальцам у фотаздымак з трупамi.
- Слухай, хлопча, - абыякавым тонам сказаў каўбой, - займiся ты сваiмi справамi.