Пасля, у той час, як стары чалавек разблытваў шнуры i рыхтаваў гарпун, самец высока скочыў у паветра побач з лодкай, каб убачыць сваю сяброўку, а пасля пайшоў глыбока ўнiз, шырока распластаўшы свае лавандавыя грудныя плаўнiкi i паказваючы ўсе свае шырокiя лавандавыя палосы. Ён быў прыгожы, стары чалавек памятаў, i ён застаўся. "Гэта было сама сумнае здарэнне, звязанае з iмi, якое мне выпала бачыць, - падумаў стары чалавек. - Хлопчык таксама быў засмучаны, i мы папрасiлi ў яе прабачэння ды хуценька разабралi".
- Шкада, што тут няма хлопчыка, - сказаў ён уголас, прыхiлiўшыся да закругленых дошак носа лодкi, i адчуў напругу шнура на плячах, моц вялiзнай рыбiны, што кiравала той пуцявiнай, якую выбрала. "Бо аднаго разу, дзякуючы маёй падступнасцi, яму было неабходна зрабiць выбар", - падумаў стары чалавек.
Яму належала б заставацца ў глыбокiх цёмных водах, недаступным для ўсiх пастак, сiлкоў i падманаў. А што да мяне, то я мусiў дабрацца сюды i адшукаць яго, i ў гэтым пераўзысцi ўсiх людзей. Усiх людзей на зямлi. Цяпер мы злучаныя разам, былi такiя ўжо ад паўдня. I анiхто не здольны дапамагчы нiводнаму з нас.
"Мажлiва, не варта было мне iсцi ў рыбакi, - падумаў ён. - Але дзеля гэтага я нарадзiўся. Я абавязкова павiнен з'есцi тунца, калi развiднее".
Незадоўга да свiтанку штосьцi схапiла адну з прынад, што былi ззаду за iм. Ён пачуў, як трэснуў, зламаўшыся, прут, i шнур пачаў выслiзгваць цераз планшыр лодкi. У цемрадзi ён выслабанiў нож з похвы i, прымаючы ўсю напругу на левае плячо, нахiлiўся назад ды перарэзаў шнур на планшыры. Тады ён перацяў шнур, што быў найблiжэй да яго, i ў цемры звязаў вольныя канцы запасных маткоў. Ён дбала працаваў адною рукою, туга завязваючы вузлы, прыцiснуўшы маткi нагой. Зараз ён меў шэсць запасных маткоў шнура. Два - дзе былi прынады, - што ён перарэзаў, ды два з прынадай, на якую клюнула рыбiна, i ўсе яны былi злучаны.
"Пасля таго як развiднее, - падумаў ён, - я дабяруся назад да прынады, што закiнута на саракасажневую глыбiню, i перарэжу той шнур таксама ды злучу з запаснымi маткамi. Згублю дзвесце сажняў добрага каталонскага саrdеi*, а таксама кручкi ды павадкi, але iх можна замянiць. А хто заменiць мне рыбiну, калi я зачаплю на кручок другую i дазволю сарвацца першай? Не ведаю, што за рыба кагадзе клявала. Гэта мог быць марлiн або шыракадзюб**, або i акула. Я не паспеў адчуць ейную цягу, бо мусiў пазбыцца ад яе як мага хутчэй".
* Шнур (гiшп.).
** Меч-рыба.
Услых ён сказаў:
- Як я хацеў бы, каб тут быў са мной хлопчык.
Але хлопчыка няма. Ты маеш адно сябе самога, i было б найлепей, каб ты зараз папоўз назад, туды, дзе апошнi шнур, цёмна цяпер цi не цёмна, перацяў той i злучыў з двума запаснымi маткамi.
Ён так i зрабiў. Гэта было няпроста ў цемрадзi, i рыба адзiн раз так рэзка тузанула, што ён упаў i паранiў твар пад вокам. Струменьчык крывi пацёк быў па шчацэ, але згаснуў, засох, не дайшоў да падбародка, i стары чалавек дабраўся назад на нос лодкi i адпачыў там, прысланiўшыся да борта. Ён паправiў мяшок i асцярожна перасунуў шнур на другое месца на плячах, злёгку пашморгаўшы iм, каб уведаць як цягне рыба, а пасля сунуў руку ў ваду: цi хутка рухаецца лодка?
"Цiкава, чаму марлiн так рэзка рвануўся? Вiдаць, дрот слiзгануў па ягонай гарбатай спiне. Вядома, яму не можа быць гэтак блага, як маёй спiне. Але ж не будзе ён цягнуць лодку вечна, якi б вялiзны нi быў. Цяпер усё, што магло спрычынiць клопат, прыбрана з дарогi, i я маю вялiкi запас шнура, а што мне яшчэ трэба?"
- Рыба, - лагодна вымавiў ён услых, - я застануся з табою аж да майго канца.
"I марлiн застанецца са мною, так я мяркую, - падумаў ён, чакаючы, калi ж развiднее. Было холадна цяпер перад свiтаннем, i стары чалавек шчыльней прыцiснуўся да борта, каб неяк сагрэцца. - Я здольны трываць не менш часу за яго", - падумаў ён. I калi крыху заднелася, ён убачыў, як туга напяты шнур iдзе ў ваду. Лодка плыла сабе далей, а першы краёчак сонца ўпаў на правае плячо старога чалавека.