Толькi што ў яго за план? I цi ёсць ён у мяне? Мой план я мушу дастасаваць да ягонага, зважаючы на вялiзны марлiнаў памер. Калi ён вынырне, пакажацца, я змагу яго ўхайдолiць. Але ён, вiдаць, надумаў заставацца там заўжды. Дык i я застануся з iм назаўжды".
Ён пацёр скурчаную руку аб нагавiцы i памкнуўся размяць непаслухмяныя пальцы. Але рука не расцiскалася. "Мажлiва, сонца ёй дапаможа, - падумаў ён. Мажлiва, яна расцiснецца, калi ператравiцца дужы сыры тунец. Калi мне трэба расцiснуць руку, я зраблю гэта, чаго б яно нi каштавала. Але не цяпер, не ўжываючы сiлу. Хай здранцвенне пройдзе само, хай рука акрыяе самохаць. Цi ж не я знявечыў яе ўночы, калi было неабходна выслабанiць ды злучыць тыя шнуры?"
Ён глянуў удаль на мора, i да яго прыйшла думка: якi ён цяпер адзiнокi. Але тут ён угледзеў у глыбокай цёмнай вадзе прамянiстыя прызмы i ўбачыў шнур, што цягнуўся за кармою, i кранутую дзiўнай хвалiстасцю роўнядзь. Воблакi збiралiся ў кучы, як бывае перад пасатам, ён зiрнуў угару i ўбачыў чараду дзiкiх качак, што вырысоўвалася, як на гравюры, на небе над вадою, пасля яна зацягнулася смугою, потым выразна паўстала зноў, i ён спасцiгнуў, што чалавек нiколi не бывае самотны ў моры.
Ён падумаў, як баяцца некаторыя людзi заплываць у малых лодках у адкрытае мора, адкуль не вiдаць сушы. Яны маюць рацыю ў тыя месяцы, калi надвор'е раптоўна пагаршаецца. Але зараз была пара цыклонаў, а калi iх, цыклонаў, у такi час няма, гэта найлепшая пара ва ўсiм годзе.
Калi цыклон наблiжаецца, а ты ў моры, заўжды ёсць ягоныя прыкметы на небе за колькi дзён наперад. На беразе не кожны iх бачыць, бо i не ведае, што яны ёсць: у форме воблакаў, напрыклад. Але зараз цыклона не чакаецца.
Ён падняў галаву i ўбачыў: белыя кучавыя воблакi, што грудкi марозiва, дружна збiралiся да купы, а яшчэ вышэй як бы тонкае пер'е прылiпла да высокага вераснёўскага неба.
- Лёгкi brisa*, - сказаў ён. - Надвор'е лепшае для мяне, як для цябе, рыба.
* Брыз (гiшп.).
Ягоная левая рука была па-ранейшаму скурчана, але паволi ён адгiнаў пальцы.
"Ненавiджу здранцвенне, - падумаў ён. - Тваё ўласнае цела табе здраджвае. Сорам, калi ў цябе на людзях панос ад сапсаванай рыбы цi мяса або ты ванiтуеш ад iх. Але здранцвенне (ён думаў пра яго як пра саlатbrе*) асаблiва прынiжае чалавека тады, калi ён адзiн. Калi б хлопчык быў тут, ён бы расцёр мне руку ад перадплечча i зняў анямеласць. Але яна паздаравее".
* Здранцвенне (гiшп.).
Ён адчуў правай рукой, што рыба тузае шнур не гэтак, як раней, i тады ўбачыў, што шнур мае iнакшы нахiл. Пасля, калi ён налёг на шнур, а левай рукой моцна i хутка ляпнуў па сцягне, то ўбачыў, як шнур пацiху iдзе ўгору.
- Ён выплывае на паверхню, - сказаў стары чалавек. - Ажывай, рука. Калi ласка, ажывай.
Шнур выходзiў паволi, але няспынна, i неўзабаве паверхня вады ўзнялася перад лодкай, i марлiн выплыў. Ён выныраў несканчона доўга, i вада сцякала з ягоных бакоў. Яскравы на сонцы, галаву i спiну ён меў цёмна-лiловыя, а шырокiя палосы на баках - светлага лавандавага колеру. Яго шабля была доўгая, як бейсбольная бiтка, i звужаная, што рапiра, i ён падняўся на ўвесь рост з вады i пасля зноўку сягнуў туды, плаўна, усё адно як ныральшчык, i стары чалавек бачыў, як хаваецца ў вадзе вялiзны, падобны на лязо касы, хвост i як папоўз унiз шнур.
- Ён на два футы даўжэйшы за мой човен, - сказаў стары чалавек.
Шнур iшоў унiз хутка, але не сутаргава, i рыба не была спуджаная. Стары чалавек намагаўся абедзвюма рукамi ўтрымлiваць такую напругу, якая яшчэ была бяспечная. Ён ведаў, што калi не здолее запаволiць рыбу разважным мерным цiскам, тая можа забраць увесь шнур i парваць.
"Гэта вялiзны марлiн, i я мушу адужаць яго, - падумаў ён. - Я не павiнен дазволiць яму ўведаць сваю ўласную моц, анi тое, што ён мог бы зрабiць, пусцiўшыся наўцёкi. Калi б гэта быў я, дык напружыў бы ўсе свае сiлы i даў ходу, пакуль штосьцi не парвалася б.