Хемингуэй Эрнест Миллер - Стары чалавек i мора (на белорусском языке) стр 25.

Шрифт
Фон

- Я папросту буду кiраваць на поўдзень i захад, - сказаў ён. - Чалавек не заблудзiць у моры, ды i выспа нашая доўгая.

Марлiн рабiў трэцi абарот, калi ён упершыню ўбачыў яго. Дакладней, убачыў цёмны цень, якi праплываў пад лодкай гэтулькi часу, што стары чалавек не даваў веры: няўжо той такi даўжэразны?

- Ды не, - сказаў ён. - Не можа ён быць гэткi вялiзны.

Але ён быў гэткi вялiзны, i напрыканцы свайго круга выплыў на паверхню ўсяго за трыццаць ярдаў ад лодкi, i чалавек угледзеў ягоны хвост, што вытыркаўся з вады: вышэйшы за вялiкае лязо касы, лавандавага колеру, надта бледнага асаблiва над цёмна-сiняй вадой. Той падаўся назад, i калi марлiн плыў яшчэ зусiм блiзка ля паверхнi, стары чалавек мог бачыць агромнiстае тулава, спярэшчанае фiялетавымi палосамi. Спiнны плаўнiк быў апушчаны ўнiз, а велiзарныя грудныя плаўнiкi - шырока распасцёртыя.

Падчас гэтага кругу стары чалавек нават разгледзеў ягонае вока i ўбачыў дзвюх шэрых рыб-прылiп. Прылiпы то прысмоктвалiся да яго, то кiдалiся наўцёкi, а то спакойна плавалi ў ягоным цянi. Кожная з iх была ў даўжыню больш за тры футы, i калi яны хутка плылi, то, выгiнаючыся, шлёгалi ўсiм сваiм целам, як вугры.

Стары чалавек цяпер моцна пацеў, але ад нечага яшчэ апрача сонца. З кожным спакойным цiхамiрным абаротам, што рабiла рыба, шнур у лодцы доўжыўся, i стары чалавек быў упэўнены, што пасля двух наступных абаротаў ён займее мажлiвасць уторкнуць у марлiна гарпун.

"Але я мушу прысунуць яго блiжэй, блiжэй, блiжэй, - думаў ён. - Я не павiнен цаляць у галаву. Трэба лупануць у сэрца".

- Будзь спакойны i моцны, стары дружа, - наказаў ён сабе.

На гэты раз марлiнава спiна вылезла з вады, але ён быў крыху далекавата ад лодкi. Падчас другога кругу той па-ранейшаму быў занадта далёка, але болей высунуўся з вады, i стары чалавек не сумняваўся, што калi яшчэ трохi выбярэ шнур, то падцягне марлiна да самога борта.

Гарпун ён падрыхтаваў даўно, маток тонкай вяроўкi ляжаў у круглым кошыку, а ейны канец быў прымацаваны да бiтэнга на носе.

Робячы свой чарговы круг, паказалася рыбiна, спакойная i прыгожая, варушыўся толькi хвост. Стары чалавек напяў шнур як мог, каб наблiзiць яе да лодкi. Усяго на нейкi момант рыбiна злёгку павярнулася на бок. Пасля выпрасталася i распачала новы круг.

- Я зрушыў яго з месца, - сказаў стары чалавек. - Усё-такi я зварухнуў яго!

На старога чалавека зноў наплыла млоснасць, але ён трымаў вялiзную рыбiну, напружваючыся што было моцы. "Я зварухнуў яго, - думаў ён. - Магчыма, на гэты раз я адолею. Цягнiце, рукi, - падумаў ён. - Трымайце, ногi. Трывай, мая галава. Трывай дзеля мяне. Ты нiколi не адключалася. На гэты раз я перавярну яго".

Але калi стары чалавек задоўга да таго, як марлiн зраўняўся з лодкай, намагаючыся з усiх жыл пачаў выцягваць яго, той крыху павярнуўся бокам, потым выпрастаўся i адплыў.

- Рыба, - сказаў стары чалавек. - Рыба, усё роўна цяпер ты памрэш. Дык табе трэба забiць мяне таксама?

"Гэтым нiчога не дасягнеш", - падумаў ён. Ягоны рот занадта перасох, каб гаварыць, але зараз ён не мог дацягнуцца да вады. "На гэты раз неабходна прыцягнуць яго да борта, - падумаў стары чалавек. - На шмат абаротаў мяне ўжо не хопiць. Не, цябе хопiць. Цябе хапацьме заўжды".

Падчас наступнага абарота ён ледзь не займеў яго. Але зноўку рыбiна выпрасталася i паволi паплыла сабе.

"Ты знiштажаеш мяне, рыба, - падумаў стары чалавек. - Але ты маеш на гэта права. Я нiколi не бачыў велiчэзнейшай цi прыгажэйшай, цi спакайнейшай або шляхетнейшай iстоты за цябе, браце. Давай! Канчай са мной, рыба. Мне ўсё адно, хто каго заб'е.

Нешта нядобрае робiцца з тваёй галавой, - падумаў ён. - А яна павiнна быць ясная. Май ясную галаву i ўмей цярпець, як мужчына. Цi як рыба", - падумаў ён.

- Ясней, мая галава, - сказаў ён голасам, якi ледзьве пачуў сам. - Ясней.

Яшчэ двойчы марлiнавы абароты заканчвалiся гэтак жа.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке