Кожная прынада вiсела галавою ўнiз, стрыжань кручка быў усярэдзiне рыбы, цалкам абвязаны i абшыты, а ўсю тую частку кручка, што была звонку, выгiн i вастрыё пакрывалi свежыя сардзiны. Кожная сардзiна была нанiзана на кручок праз абодва вокi, разам яны ўтваралi паўвянок на прыхаванай гэтак сталi. Не было нiводнай даступнай рыбiне часткi кручка, якая не мела б прыемнага паху ды смаку.
Хлопчык даў яму двух свежых тунцоў, або альбакораў, што звiсалi з двух найдаўжэйшых шнуроў, быццам грузiлы, а на iншых ён меў блакiтнага бегуна* i жоўтага марскога шчупачка, i хоць тыя ўжо выкарыстоўвалiся, але былi ў добрым стане, выдатныя сардзiны надавалi iм прыемны пах i прыцягальнасць.
* Вiд рыбы ў цёплых морах.
Шнур, тоўсты, як ладны аловак, быў прымацаваны пятлёю да толькi што выразанага прута, i варта было пацягнуць або крануць прынаду, як i той прут цягнула ў ваду. Кожны шнур меў два маткi даўжынёю па сорак марскiх сажняў, да iх у выпадку патрэбы можна было прыладзiць яшчэ запасныя маткi. Калi было неабходна, рыба магла павалачы за сабою больш за трыста сажняў шнура.
Зараз ён сачыў, як злёгку апускаюцца ў ваду тры пруты за бортам лодкi, i няспешна веславаў, каб утрымаць шнуры простымi i на адпаведных глыбiнях. Было зусiм светла, сонца магло вызiрнуць у любы момант.
Сонца асцярожна ўзнiмалася з мора, i стары чалавек змог убачыць iншыя лодкi: нiзка на вадзе, не вельмi далёка ад берага, шырока раскiданыя ўпоперак плынi. Потым сонца набралася яскравасцi, бляск упаў на ваду, потым узнялося на поўную моц i, адлюстраваўшыся на гладкай паверхнi мора, рэзнула старога чалавека па вачах, i ён павеславаў, не пазiраючы на сонца. Ён глядзеў унiз у ваду, цi проста iдуць шнуры ў ейную цемру. Стары чалавек утрымлiваў iх больш простымi, як хто-кольвек, гэтак, каб кожная прынада была ў цемрадзi плынi якраз там, на той глыбiнi, дзе ён жадаў, каб яна была i чакала рыбу. Iншыя пакiдалi шнуры на волю плынi, i часам тыя былi на глыбiнi шасцiдзесяцi сажняў, а не ста, як меркавалi рыбакi.
"Але ў мяне, - думаў ён, - усё дакладна. Проста мне больш не шанцуе. Але хто ведае? Мажлiва, сёння. Кожны дзень - новы дзень. Шанцаванне гэта няблага. Але дакладнасць не пашкодзiць. Калi завiтае ўдача, ты будзеш гатовы яе сустрэць".
Мiнула дзве гадзiны, сонца ўзнялося вышэй i не бiла па вачах гэтак моцна, калi ён глядзеў на ўсход. У полi яго зроку засталiся толькi тры лодкi, i здавалася, што яны вельмi нiзкiя i паблiзу берага.
"Усё жыццё маiм вачам бывала кепска ад ранняга сонца, - падумаў ён. - Але яны, як i раней, добрыя. Увечары я магу пазiраць на сонца проста, i ў вачах не робiцца цёмна. Сонца ўвечары мацнейшае, але ўраннi глядзець на яго балюча". Якраз тады ён убачыў фрэгата* з яго даўгiмi чорнымi крыламi, той кружляў у небе наперадзе яго.
* Марская птушка.
Раптам птах зрэзаў наўскасяк унiз, выпрастаўшы ззаду крылы, а потым закружыў зноў.
- На нешта ён натрапiў, - вымавiў услых стары чалавек. - Не проста шукае.
Павольна i мерна ён павеславаў туды, дзе птушка кружыла. Ён не спяшаўся, i яго шнуры былi гэткiя ж прамыя, як напачатку. Праўда, цяпер ён трохi больш дапамагаў плынi вёсламi, i хоць рыбачыў гэткiм жа дакладным чынам, але хутчэй, як раней, бо iмкнуўся выкарыстаць птушку.
Птах узняўся ў неба вышэй i закружляў зноўку, пры гэтым крылле яго было нерухомае. Раптам ён даў нырца ў ваду, i стары чалавек убачыў, як з вады рванула лятучая рыба i адчайна памкнула над паверхняй мора.
- Дэльфiн* - вымавiў услых стары чалавек. - Буйны дэльфiн.
* Стары чалавек называе дэльфiнам адну з некалькiх акiянiчных рыб, адметных пералiвiстасцю афарбоўкi, з востраканцовымi плаўнiкамi.
Ён паклаў вёслы ў лодку i дастаў маленькi шнур, што ляжаў на носе лодкi. Той быў з драцяным павадком, на канцы якога меўся невялiкi кручок, на якi ён насадзiў адну з сардзiн.