Джордж Оруэлл - Ферма (на белорусском языке) стр 4.

Шрифт
Фон

I нават болей - вярнулiся i словы песнi, якую, я ў гэтым упэўнены, некалi даўно спявалi жывёлы, але пасля тыя словы сцерлiся з памяцi цэлых пакаленняў. Я праспяваю вам зараз гэтую песню, таварышы. Я ўжо стары, i голас у мяне грубы, але калi я навучу вас мелодыi, вы самi заспяваеце лепей за мяне. Яна называецца "Звяры Брытанii".

Стары Маёр пракашляўся i пачаў спяваць. Як ён сказаў, голас у яго быў грубы, але спяваў ён даволi добра, мелодыя была ўзрушальная, нешта сярэдняе памiж "Клементынай" i "Кукарачай". Словы былi такiя:

Шатландскi звер i звер ангельскi,

Звяры ўсiх земляў i плямён,

Пачуйце радасную вестку

Пра наблiжэнне светлых дзён.

Чакайце: прыйдзе час шчаслiвы

I згiнуць людзi-ўладары.

I па палетках урадлiвых

Будуць ступаць адны звяры.

Не будуць люта ляскаць пугi,

Мы скiнем з шыяў хамуты,

I саржавеюць шпоры й цуглi

У час той прышлы залаты.

Усе багаццi: бульба, жыта,

Пшанiца, сена i ячмень,

Нам застануцца, i дасыта

Мы будзем есць i пiць штодзень.

Падуць платы i загародкi,

Зазелянее кожны кут,

Паветра зробiцца салодкiм

У дзень збавення ад пакут.

Няхай памрэм ад цяжкай працы

Але наблiзiм светлы час;

Павiнен рогам упiрацца

Дзеля свабоды кожны з нас.

Шатландскi звер i звер ангельскi,

Звяры ўсiх земляў i плямён,

Пачуйце радасную вестку

Пра наблiжэнне светлых дзён.

Песня выклiкала ў жывёлаў дзiкае захапленне. Не паспеў яшчэ Маёр даспяваць да канца, як яны пачалi ўжо яму ўтараваць. Нават найдурнейшыя з iх ужо падхапiлi мелодыю i запомнiлi некалькi словаў, а што да разумнейшых, як, напрыклад, свiнняў i сабакаў, дык яны за колькi хвiлiн вывучылi ўсю песню на памяць. I тады, пасля некалькiх папярэднiх спробаў, уся ферма грымнула ў страхатлiвым аднагалоссi "Звяры Брытанii". Каровы мыкалi, сабакi скуголiлi, авечкi бэкалi, конi ржалi, качкi кракалi. Песня так iх зачаравала, што яны праспявалi яе цалкам пяць разоў запар i спявалi б яе ўсю ноч, каб iх не перапынiлi.

На бяду, гэты гармiдар абудзiў мiстэра Джоўнза, i ён падскочыў з ложка, падумаўшы, што ў двор залезла лiса. Ён схапiў стрэльбу, што заўсёды стаяла ў куце ў спальнi, i стрэлiў набоем шроту No 6 у цемру. Шрацiнкi ўпiлiся ў сцяну гумна, i сход паспешлiва закрыўся. Кожны паляцеў на сваё месца. Птушкi скочылi на седала, жывёла ўлеглася на салому, i праз хвiлiну ўся ферма ўжо спала.

II

Праз тры ночы стары Маёр спакойна памёр у сне. Ягонае цела пахавалi ў канцы саду.

Было гэта на пачатку сакавiка. На працягу наступных трох месяцаў разгарнулася шырокая патаемная дзейнасць. Маёрава прамова нарадзiла ў сама разумных жывёлiнаў на ферме зусiм новы погляд на жыццё. Яны не ведалi, калi адбудзецца прадказанае Маёрам Паўстанне, у iх не было падстаў думаць, што гэта станецца яшчэ за iх жыццём, але яны ясна бачылi, што iхнi абавязак падрыхтаваць гэтае Паўстанне. Клопат навучыць i арганiзаваць iншых выпаў, натуральна ж, на долю свiнняў, бо ўсе лiчылi, што свiннi - найразумнейшыя з усiх жывёлаў. Найвыдатнейшымi сярод свiнняў былi два маладыя кныры - Сняжок i Напалеон, якiх мiстэр Джоўнз гадаваў на продаж. Напалеон быў вялiкi, люты на погляд кныр бэркшырскае пароды, адзiны з гэтай пароды на ўсёй ферме, не надта гаваркi, але вядомы сваёй упартасцю i ўменнем дамагацца свайго. Сняжок быў жвавейшы за Напалеона, спрытнейшы на язык i больш кемлiвы, але лiчылася, што характар у яго недастаткова цвёрды. Усе астатнiя вепрукi на ферме гадавалiся на зарэз. Найбольш вядомы сярод iх быў маленькi тоўсты падсвiнак Вiскун з круглымi шчокамi, мiрглiвымi вочкамi, жвавымi рухамi i пранiзлiвым голасам. Ён быў цудоўным прамоўцам i, калi спрачаўся на нейкую складаную тэму, меў звычку скакаць сюды-туды i вiляць хвастом, што ўздзейнiчала на слухачоў вельмi пераканаўча. Пра Вiскуна казалi, што ён умее з чорнага зрабiць белае.

Гэтыя трое распрацавалi вучэнне старога Маёра ў завершаную сiстэму, якой яны далi назву Жывялiзм.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги