Нiбы згаварыўшыся, хоць нiчога гэткага загадзя не планавалася, яны кiнулiся на сваiх тыранаў. На Джоўнза i яго людзей раптам пасыпалiся з усiх бакоў удары рагоў i капытоў. Яны зусiм разгубiлiся. Нiколi раней яны не бачылi, каб жывёлы сябе гэтак паводзiлi, i гэты нечаканы бунт iстотаў, якiх яны прызвычаiлiся без дай прычыны бiць i зневажаць, да смерцi iх напалохаў. Неўзабаве яны кiнулi спробы абаранiцца i пусцiлiся наўцёкi. Не прайшло i хвiлiны, як яны ўжо ляцелi, што мелi духу, дарогаю, якая вяла да гасцiнца, а за iмi ў пераможным iмпэце беглi жывёлы.
Мiсiс Джоўнз выглянула з акна ў спальнi i, убачыўшы, што адбываецца на двары, паспешлiва кiнула ў дарожную торбу ўсё, што трапiла пад руку, уцякла з фермы iншаю дарогай. Масей саскочыў з жэрдкi i паляцеў за ёю, крумкаючы на ўсю глотку. Тым часам жывёлы выгналi Джоўнза i яго людзей на гасцiнец i з бразгатам зачынiлi за iмi цяжэзную браму. I так, не паспеўшы яшчэ як след сцямiць, што адбываецца, жывёлы паспяхова завяршылi Паўстанне: Джоўнз быў прагнаны i ферма Мэнар стала iхняя.
Напачатку жывёлы не маглi паверыць свайму шчасцю. Першае, што яны зрабiлi - усiм гуртам абабеглi наўзгалоп ферму ўздоўж агароджы, нiбы хацелi ўпэўнiцца, што нiводная чалавечая iстота не схавалася там; пасля яны кiнулiся да гаспадарчых будынкаў, каб зацерцi апошнiя сляды ненавiснага панавання Джоўнза. Яны выламалi дзверы ў рымарнi ў канцы стайнi; цуглi, наздравыя колцы, сабачыя ланцугi, страшныя нажы, якiмi мiстэр Джоўнз пакладаў кныроў i бараноў, - усё гэта было патоплена ў студнi. Лейцы, аброцi, шоры, ганебныя аброчныя торбы былi ўкiнуты ў вогнiшча, што гарэла ў двары. Туды паляцелi i пугi. Усе жывёлы заскакалi ад радасцi, убачыўшы, як пугi занялiся полымем. Сняжок кiнуў у вогнiшча i стужкi, якiмi ў кiрмашовыя днi звычайна ўпрыгожвалi конскiя грывы i хвасты.
- Стужкi, - сказаў ён, - павiнны разглядацца як адзенне, якое ёсць адзнакаю чалавечае iстоты. Усе жывёлы павiнны хадзiць голыя.
Пачуўшы гэта, Баксёр прынёс маленькi саламяны капялюш, якi надзяваў улетку, каб схаваць вушы ад мух, i кiнуў яго да кучы ў вогнiшча.
За кароткi час жывёлы знiшчылi ўсё, што нагадвала iм пра мiстэра Джоўнза. Тады Напалеон завёў iх у свiран i выдаў кожнаму падвойную норму збожжа i па два сухары сабакам. Пасля гэтага яны сем разоў запар праспявалi ад пачатку да канца "Звяры Брытанii" i тады паклалiся спаць. Гэтую ноч яны спалi так, як не спалi яшчэ нiколi ў жыццi.
Прачнулiся яны, як звычайна, на свiтаннi i, раптам прыгадаўшы вялiкую падзею, што адбылася напярэдаднi, выбеглi ўсе разам на выган. Трохi далей на выгане ўзвышаўся невялiкi пагорак, з якога было вiдаць амаль усю ферму. Жывёлы забралiся на вяршыню пагорка i азiрнулiся навокал у ясным ранiшнiм ззяннi. Так, гэта належала iм - усё, што яны бачылi навокал, належала iм! У захапленнi ад гэтай думкi яны радасна кружылiся на месцы i падскоквалi ўгару ад шчасця. Яны качалiся ў расе, набiралi поўныя раты салодкай летняй травы, выварочвалi нагамi камякi чорнай зямлi i нюхалi яе шчодры пах. Тады яны абышлi ўсю ферму i агледзелi ў цiхiм захапленнi раллю, сенажаць, сад, стаў, гаёк. Яны нiбыта i не бачылi ўсяго гэтага раней, i нават цяпер iм было цяжка паверыць, што гэта ўсё iхняе.
Пасля яны вярнулiся да будынкаў i моўчкi спынiлiся перад уваходам у сядзiбу. Яна таксама належала iм, але яны баялiся ўвайсцi. Праз хвiлiну, аднак, Сняжок i Напалеон, налёгшы заплеччам, расчынiлi дзверы, i жывёлы ўвайшлi нясмелаю чарадою, ступаючы з вялiкаю асцярогай ад боязi што-небудзь парушыць. Яны пераходзiлi на дыбачках з пакоя ў пакой, баючыся гаварыць гучней, чым шэптам, i з багавейным страхам разглядалi неверагодную раскошу, ложкi з пярынамi, люстэркi, канапу, набiтую конскiм воласам, аксамiтны дыван, лiтаграфiю каралевы Вiкторыi над камiнам у гасцёўнi. Яны якраз спускалiся па сходах, калi заўважылi, што згубiлася Молi. Вярнуўшыся, яе знайшлi ў найлепшай спальнi.