Гульня ўяўлення - Микола Адам

Шрифт
Фон

Мікола АдамГульня ўяўлення(апавяданні)

Гульня ўяўлення

Гэта здарылася са мной, а можа, і не са мной, не памятаю, у горадзе зрэшты, у ніякім горадзе ніякай краіны ў ніякім годзе.

Уся справа ў тым, што я заўсёды баяўся памерці ад раку. Перад вачыма ўвесь час стаяў вобраз аднакурсніцы, памерлай ад раку маткі ў 24-гадовым узросце. «Як я хачу жыць, Мікола,  сказала яна перад смерцю,  ты не ўяўляеш, які гэта цуджыццё!»

Не менш жывы, але крыху пабляклы, як старая фотакартка, мільгаў вобраз аднакласніцы, памерлай ад раку страўніка. Перад смерцю яна страшэнна высахла, усе костачкі можна было пералічыць. «Ты яшчэ будзеш жыць,  сказала яна,  кахаць і быць каханым, а я ўжо не». Я запэўніваў аднакласніцу ў адваротным, але дзяўчына лепш за мяне ведала моц хваробы, і ў той дзень, калі я адыходзіў у войска, яна адыходзіла ў іншы свет.

Боязь раку перарасла з часам у нейкую манію. Рак уяўляўся мне гэтакім двухметровым маньякам з кулямётам на плячы, рыхтык тэрмінатар-Шварцэнегер, і збегчы ад яго я нікуды не мог. Паўсюль ён знаходзіў мяне, настаўляў сваю страшэнную зброю мне ў твар, але стрэліць чамусьці марудзіў. У апошнюю секунду ў пакой забягала медсястра са шпрыцам у прыгожых танклявых пальцах. Не ведаю чаму, але мой крыўдзіцель адразу знікаў. Мабыць, ён баяўся іголкі, якая зіхцела на сонцы, а затым з вялікім садысцкім захапленнем упівалася, як камар, мне ў правую (заўсёды!) палавінку азадка.

Я прасіў, каб медсястра не пакідала мяне, хаця б пакуль я не засну.

Яна згаджалася і сядала побач, на зэдлік, гладзячы мае валасы.

Я называў яе Ніхто, дзяўчынай Ніхто, бо з твару медсястра вельмі нагадвала гераіню Вайдаўскай кінанавелы, да таго ж імя мела Ніко. Яна не крыўдзілася і згаджалася быць нікім, толькі каб я не хваляваўся.

Супакоены, я засынаў. Спаў я добра, бо ў снах заўсёды займаўся каханнем з дзяўчынай Ніхто. Яна здымала белы халацік і белую шапачку, валасы колеру дзьмухаўцоў воблакам расплываліся па спіне і ахоплівалі абцугамі асіны стан дзяўчыны. Аднойчы мне дазволілі выйсці пагуляць за вароты лячэбні пад наглядам дзяўчыны Ніхто. Адразу за дарогай раскінулася самотнае кукурузнае поле, схавацца ў якім было вельмі проста.

Дзяўчына запаліла цыгарэту і аб нечым задумалася, а я, улучыўшы момант, вырашыў яе напалохаць,  не больш, і шуснуў у кукурузу. Пра тое, што медсястра можа падняць трывогу, вярнуўшыся ў лячэбню, я не думаў. Бо быў упэўнены, што яна не зробіць гэтага таму, што я падабаўся ёй. Акрамя таго, дзяўчына не надта верыла ў мой статус душэўнахворага. Ніко вучылася на псіхолага і бачыла, што я цалкам здаровы. Яна не разумела, чаму мяне дагэтуль трымаюць у лячэбні.

Я меў намер напалохаць Ніко, але не на жарт спалохаўся сам. Ззаду пачуліся цяжкія крокі ботаў і гук зламаных сцяблін кукурузы. Дзяўчына ні ў якім разе не магла ствараць такі шум. З жахам я здагадаўся, што гэта тэрмінатар-Шварцэнегер. Упэўненасці мне дадаў лязгат кулямёта. Што было сілы, я кінуўся наўцёкі, спрытна працуючы рукамі, адкідваючы з дарогі кукурузу. На імгненне мне падалося, што на яве можа паўтарыцца сюжэт кінастужкі «Дзеці кукурузы».

Праз некаторы час я пачуў сваё імя. Напэўна, Ніко гукала мяне. Як ні баяўся я адгукнуцца, у фантазіях малюючы, як мой крыўдзіцель ператвараецца ў дзяўчыну, асмеліўся ўсё-ткі падаць голас і выкрыць месца свайго знаходжання.

У адначассе з двух бакоў заварушылася кукуруза. Я не ведаў, што рабіць. Заставацца на месцы ці бегчы на злом галавы, бо дакладна ведаў, што з аднаго боку зявіцца не сімпатычны тварык медсястры, а страшэнная морда маньяка-раку, які даўно палюе на мяне.

Нібы рак, павольна пераводзячы свой позірк то ў адзін бок, то ў другі, на кукурузу, што калыхалася і падгіналася пад нагамі Ніко і тэрмінатара, я спінай намацваў дарогу і адступаў.

Першай зявілася Ніко. Яна хацела нешта сказаць, але я без лішніх слоў схапіў яе за руку, і мы пабеглі.

 Ты можаш мне растлумачыць, у рэшце рэшт, што адбываецца?  пачуў я ззаду дзявочы голас.  І ад каго мы ўцякаем?

Я спыніўся. Нам абодвум неабходна было аддыхацца.

 Слухай!..  прамовіў я, прагна хапаючы ротам паветра, ледзь не пхаючы яго пальцамі, як кавалак торту.

Спачатку было ціха. Пасля пачуліся хуткія цяжкія крокі, трэск зламанай кукурузы, бразгат амуніцыі і зброі.

 Цяпер ты верыш мне?  спытаўся я ў дзяўчыны, калі яна на ўласныя вушы пачула гукі, што ствараў не прывід, народжаны маёй хворай фантазіяй, а хтосьці сапраўдны.  Трэба спяшацца.

Я зноў схапіў дзяўчыну за руку, і мы зноў пабеглі. Яна раз-пораз азіралася, яшчэ не верачы пачутаму. Сумнявацца ўжо не выпадала. Назад я ўжо не змагу вярнуцца, бо там Ён. І навошта я шуснуў у гэтую кукурузу? Ён жа толькі і чакаў гэтага. Яшчэ і дзяўчыну ўцягнуў

Поле скончылася. Мы апынуліся на беразе даволі шырокай ракі і пабачылі на пясочку перакуленую лодку, нібы знарок некім падрыхтаваную для нас.

Ніко дапамагла мне спусціць лодку, села ў яе. Я таксама ўскочыў і адштурхнуўся ад берага.

Я сядзеў спінай да кукурузнага поля і глядзеў на Ніко, тварык якой усё больш рабіўся падобны на маску мерцвяка. Азірнуўшыся, я зразумеў, чаму. Ён спыніўся ля вады і пагрозліва трос кулаком у наш бок. На плячы яго ляжаў вялізны кулямёт, які здалёк нагадваў сабаку.

 Ён дагоніць нас?  спалохана спыталася Ніко, але істэрыкі ў ейным голасе я не заўважыў.

 Не зараз,  на адным дыханні кінуў я.

Некаторы час мы не размаўлялі. Нават, калі б вельмі захацелінічога не атрымалася б. Нібы цяжкая каменная сцяна ўтварылася між намі, вакол нас павісла цішыня. Калі вельмі захацецьможна пачуць дыханне вады.

Лодка ціха плыла сама па сабе, як бы ведаючы канчатковы прыпынак маршруту.

Ніко моўчкі сядзела насупраць мяне, аб нечым, відаць, задумаўшыся, пазіраючы ў празрыстую зеленаватую плынь ракі.

Меч маланкі бліснуў на сонцы, але дажджу не было. Магчыма, патокам цяжкага мокрага штофу ён абрынецца пазней.

 Ніколі не думала,  прамовіла Ніко, гледзячы ў неба,  што побач з лячэбняй існуе такое чыстае возера: колеру сапраўднага «Тархуна».

 І правільна рабіла, што не думала,  сказаў я.

 Чаму?

 Не існуе гэтага возера ці ракі на свеце, і ні на воднай мапе ты яго не знойдзеш. Вельмі сумняваюся, што і кукурузнае поле сапраўднае.

 Але ж я іх адчуваю: і поле, і раку, і лодку, і

 Гэта проста гульня ўяўлення,  перапыніў я дзяўчыну.

 Якая гульня?  абурылася Ніко.  Як ты можаш так гаварыць?

 Я магу так гаварыць і кажу. Спрачацца не будзем, таму што любая спрэчка пустая, як гладыш, калі з яго выпіць малако.

 Ты хочаш сказаць, што і мы не існуем?

 У некаторай ступені.

Яна хацела нешта дадаць, але, відаць, перадумала, да таго ж, лодка ткнулася носам у прыбярэжны пясок, за якім пачынаўся глухі цёмны лес.

 Куды ён вядзе?  спыталася дзяўчына Ніхто.

 У нікуды,  прамовіў я, бо і сам не ведаў, што нас чакае ў гушчары.

 Я не хачу заходзіць у гэты лес!  заявіла дзяўчына.

Пачаўся дождж.

Мы імгненна прамоклі да ніткі.

А да берага набліжалася байдарка з Ім.

Хочаш не хочаш, нешта абмяркоўваць не было часу. Я схапіў Ніко за руку, і мы пабеглі ў лес, які схаваў нас ад ледзянога дажджу, але і не прапускаў да нас сонца.

Лес быў змрочны і таямнічы. Ніводзін гук не даносіўся звонку, толькі хруст сухіх галін, на якія мы наступалі. Ні птушак, ні звяроў, ніякіх казюрак не было ў гэтым лесе, нават павуціння і таго не бачна.

Лес ціснуў на мазгі сваёй зацятай маўклівасцю і невядомасцю. Складвалася ўражанне, што з яго няма ніякага выйсця, што мы апынуліся ў лабірынце, у абмежаванай прасторы. Як бы не пачалася клаустрафобія Я ўжо задыхаўся, Ніко цягнула на ваніты.

Раптам

Перад намі адкрылася паляна, светлая і амаль казачна прыгожая, з хаткай на курынай лапцы, за якой ў поўнай цішыні круціліся каруселі. На розных коціках, сабачках, страусах, коніках, пеўніках мясціліся фотаздымкі загінуўшых у маладым узросце спевакоў, сярод якіх я пазнаў твары Джона Ленана, Джыма Морысана, Аляксандра Башлачова, Віктара Цоя, Ігара Талькова, Фрэдзі Мэркуры, Курта Кабэйна

Каруселі круціліся з аднолькавай хуткасцюні хутка, ні марудна, разам з імі круцілася, бы ваўчок, і хатка, але яна набірала абароты і, у выніку, лапка заблыталася сама ў сабе. Хатка бразнулася аб зямлю, пасыпалася шкло з вокнаўі ўсё гэта без аніводнага гуку.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке