Коллектив авторов - Мінск назаўжды (зборнік) стр 2.

Шрифт
Фон

Саша вадзіў яе ў філармонію, бо ў яго на факультэце раздавалі дармовыя білеты на канцэрт выпускнікоў нейкай музычнай школы, і яны глядзелі на настаўнікаў у даўгіх сукенках і на дзяцей у касцюмчыках, а потым употай смяяліся, калі на сцэне размясціўся аркестр і адзін хлопец, даўгі, руды і надта сурёзны, раз-пораз грукаў меднымі талеркамі над вухам трубача. І яна паварочвае ля філармоніі, падымаецца на горку, мінае шэрыя, нічым не адметныя кварталы і спускаецца па Берасцянскай да самых Вайсковых могілак. Гэтае месца ёй калісьці паказала Кацюха яны сябравалі, пакуль Кацюха не зацяжарыла і не зехала да мамы ў Валожын. Калі было цёпла, можна было пасядзець тут у цішы пад агромністай таполяй на лавачцы, адкрыўшы фальшывы замок чорнай агароджы, за якой стаяў высокі чорны помнік, і паглядзець на надпіс: «Кузьма Чорны». Гэта быў пісьменнік, але што ён напісаў, Саша ўжо не памятала, і шкадавала Кузьму Чорнага: пісаў-пісаў, а ніхто ўжо і не памятае, што. З-за пляча Кузьмы Чорнага глядзеў паўз Сашу ўглыб могілак з белага каменя Паўлюк Трус, пра якога яна якраз памятала, што «падаюць сняжынкі, дыяменты-росы», і ёй зноў было шкада Паўлюка Труса, бо калі ішоў дождж, то па ягоным твары збягалі ручаі, і падавалася, што ён плача, і таполя цягнула вецце і гладзіла яго па твары.

З могілак яна ішла на плошчу Перамогі, абыходзіла кола з ваеннымі фоткамі пад зямлёй, і там зноў садзілася на чорныя даўгія лавы спінай да невялікага зялёнага доміка на беразе ракі, і ёй заўсёды было цікава, хто жыў у тым доміку ў такім прывабным месцы, можа, якраз Кузьма Чорны ці Паўлюк Трус, бо было бачна, што цяпер там музей, а чый музей яна заўсёды ленавалася паглядзець.

І потым яна спускалася да ракі і шла ўздоўж высокага каменнага парапета, і глядзела з набярэжнай праз гнуткія вербы на высокія дамы з белымі калонамі, і калоны раслі проста праз балконы, і ёй думалася: вось, прыкладам, у Піцеры, куды яны калісьці ездзілі з гістарыцай, на кожным балконе нехта знакаміты і цікавы жыў ці проста стаяў у абдымку з каханкай, балярынай ці прыгажуняй, які-небудзь прынц, вялікі паэт ці замежны шпіён, а на мінскіх балконах толькі развешвалі бялізну і ставілі лыжы на лета.

А на другім беразе Свіслачы шапацеў лісцем парк, і яна зноў думала: парк і парк, у іншых краінах у парках таямніцы і загадкі, а ў нас толькі вавёркі і фантан.

Але яна імкнула далей уздоўж шэрай каменнай стужкі, і міма яе прабягалі шыхтам курсанты ў шортах, у майках, чорных на спіне ад поту, і яна зноў успамінала Сашу, і як ён крыўдна сышоў, і як Кацюха сказала: «Ты лучше голодай, чем что попало есть, и лучше будь один, чем вместе с кем попало», і гэты верш суцяшаў яе яшчэ пяць месяцаў пасля таго.

А потым яна пераходзіла вуліцу на светлафоры, мінала чорнае нагрувашчванне «Журавінкі», і крыху паціскала плячыма ля сіняй шкляной будыніны «Вэлкому» і чорнага, агромністага, як навальнічы цень, Палаца Рэспублікі, і ўяўляла сабе на гэтым месцы нешта такое ж высокае, але белае, тонкае, амаль карункавае, з высокімі ці то вежамі, ці то шпілямі, і нібыта плыў над вуліцай ціхі звон але гэта проста сканчалася музыка ў яе плэйлісце, і яна пераключалася на наступны.

І можна было зайсці ў «Штолле» зесці пірог з журавінамі, а можна у «Цэнтральны» і там узяць кавы і «карзінку альбу», і стаць ля акна і адпачыць ад хады, і паглядзець, як там працуюць хлопцы і дзяўчаты за стойкай, па двое, і яшчэ адна прыносіць лісты з пірожнымі з падсобкі, і як яны размінаюцца адзін з адным у той вузкай прасторы, і нешта не было бачна, каб хадзіла за імі якая-небудзь Ніна Санна штохвіліны правяраць касу і шафкі.

А ля «Макдональдса» ёй падабалася павярнуць направа, і дайсці да плошчы Свабоды, і падысці да чыгунных коней ля кіёскаў, і паблукаць па старым горадзе, уверх і ўніз, і зноў уверх. Ёй падавалася, што тут маглі б жыць якія-небудзь мастакі ці актрысы, і ў іх здараліся б раманы, і актрысы хадзілі б на бераг ракі стаяць ля вады і глядзець на хвалі. Яна прыдумвала розныя гісторыі кахання замест тых, якіх яна пра гэтае месца не ведала, і ў гэтых гісторыях было шмат жарсці і зусім няшмат радасці, хіба толькі ў той момант, калі ён схіляўся да яе і глядзеў сурёзнымі шэрымі вачыма ў яе сурёзныя шэрыя вочы.

І тут, на Зыбіцкай, яна, нарэшце, зусім стамлялася і сядзела ў кавярні на шырокіх драўляных лавах, закладзеных фіялетавымі падушкамі, і піла амерыкана, і шкадавала, што на Акадэміі не зайшла ў «Фрэшкафэ», бо там да яблычнага штрудзеля заўсёды падавалі клубнічны соус у соуснічку, а тут ім малявалі на белай талерцы чырвонае сэрца і яго немагчыма было зесці.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3