Вольга У. Бабкова - І цуды, і страхі (зборнік) стр 2.

Шрифт
Фон

Актавыя кнігі земскіх і гродскіх судоў сярэдзіны XVI пачатку XVII стагоддзяў, з якімі давялося працаваць, найперш уразілі сваёй мовай і ўсведамленнем таго, што за кожным з гэтых дакументаў стаялі жывыя людзі. Хлопята, братаньки, врядничка, боярка, тивунец, ойчычка, детки, нябожка, дитятко, дворчык, домок  нязвыклы лексікон для судовай канцылярскай мовы. Ужо пасля з гэтых пісьмовых крыніц выплюхнулася цэлае мора імёнаў, прозвішчаў, найменняў, якія прыцягвалі ўвагу і прымушалі глядзець на звыклы свет іншымі, так бы мовіць, прамытымі вачыма. Цяпер я цвёрда ведаю, што час і прастора насамрэч маюць слаістую структуру. І там, дзе іх ужо няма, працягваюць адгукацца на покліч старыя імёны. Адно трэба мець доступ да коду, не памыліцца ў выбары ключа. Нялёгкая задача.

Зачараваная графічнымі выявамі даўняга почырку, сочачы ўважна за хітраспляценнямі асобных словаў, міжволі пачала бачыць тое, чаго ў дакуменце насамрэч не было. Прыкладам, на другі-трэці дзень пасля пачатку працы з тэкстам актавай кнігі мінскага гродскага суда, наткнулася на выраз, запісаны ў дакуменце крымінальнага характару, які прымусіў на імгненне вымкнуць з будзённасці. (Вядомы стан пры сустрэчы з трапнай метафарай ці празрыстым да вастрыні вобразам). Гаворка ішла пра золотую бшчалу. Не проста пчалу, а менавіта залатую! Пазней даведалася, што пчала сапраўды была ў дакуменце, але быў яшчэ і залаты, які згадваўся ў якасці грашовай адзінкі. Парэпанасць аркуша дазволіла злучыць два словы і атрымаць нечаканы вобраз. Памылка выправілася, але радасць ад першага ўражання засталася. Больш за тое, гэты вобраз міфалагічнай залатой пчалы суправаджае мяне і дасюль, не даючы заспаць якое трапнае слова ці выраз. (Пчолы, мёд, увогуле асобная тэма. Здаецца, над зямлёй Вялікага Княства павінен быў бы стаяць гуд ад безлічы пчолаў, якія раіліся над лясамі ды пушчамі, выбіраючы сасну ці дуб, дзе пазней дбайныя рукі прывесяць славутыя борці ды пазначаць натесами ды крыжами сваю ўласнасць. Адсюль і так званыя мядовыя руны подпісы мясцовай шляхты пад некаторымі дакументамі, дзе заміж прозвішчаў графічныя выявы клеймаў, якімі пазначалі дрэвы, і якія пасля сталі элементамі родавых гербаў. Адтуль, з тых рояў, верагодна, заляцела пчала і ў гравюру Скарыны).

Абмылкі здараліся і пазней. Аднойчы, прачытаўшы ў тэстаменце пана Ежы Завішы, што той перад смерцю ўласнай рукой выправіў у тэксце глосы і адрэдагаваў адзінаццаць вершов, прыйшла да высновы, што спаткала невядомага дасюль паэта, які паходзіць са славутага роду і пахаваны, да таго ж, у Вільні. І толькі пасля даведалася, што верш у польскай традыцыі азначае не толькі вершаваныя радкі, але і проста радкі тэксту, якія і правіў у акце сваёй апошняй волі пан Завіша.

Апошні з выпадкаў інтэрпрэтацыі вобразу, сустрэтага на старонках дакументу, адбыўся падчас наведвання Мастацкага музея. Напярэдадні, расчытваючы дакумент з кнігі Менскага гродскага суда сярэдзіны XVII стагоддзя, заўважыла ў слове oznajmuje ўпрыгожаную малюнкам праз пісара літару О з намаляваным ў яе сярэдзіне тварыкам з трохі нетыповымі, як на сёння, рысамі. У музеі сп. Надзея Высоцкая вадзіла ўздоўж партрэтаў з Радзівілаўскай калекцыі і з небывалым энтузіязмам апавядала пра кожную асобу на палатне. Звяртала ўвагу на характар пісьма тутэйшых майстроў і высокі ўзор школы замежнай. Апроч узроўню майстэрства кідалася ў вочы рознасць почырку пры маляванні твару. На беларускіх карцінах выразна праглядалася тая самая спецыфічная схема твару, што і на літары О з менскай актавай кнігі. Асаблівасць у вачах. На заходнееўрапейскіх палотнах вочы на тварах зусім іншыя. На тутэйшых зрэнкі маляваліся ў аблямоўцы выразных верхніх і ніжніх складак, што рабіла погляд партрэтаванага больш наіўным, па-дзіцячаму добрым. Пісар з менскай канцылярыі напэўна бачыў, назіраў тагачасныя карціны, што, відаць, і паўплывала на ягонае крэмзанне-маляванне падчас працы ў судзе.

На тле ваенных і грамадска-палітычных падзеяў, што трэслі Княства і Карону (змаганняў, узрушэнняў, вэрхалу), а таксама агня, паморку, градабіцця, няшчасных выпадкаў, убоства і свавольства падданых, судовыя запісы паверхня, край жыцця, адзін з яго шматлікіх бакоў, у якім галоўныя падзеі падаюцца ўскосна: ці то словам, ці то згадкай, ці то выпадковай датай Але ж гэтая паверхня была трывалым грунтам, які сведчыў, што жыццё працягваецца нягледзячы ні на што.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3