Уладзімір Караткевіч
Леаніды не вернуцца да Зямлі
Памяці друга майго Гераніма Стулпана прысвячаю
УСЕ ІМЁНЫ І ПАДЗЕІ Ў ГЭТЫМ РАМАНЕ ВЫДУМАНЫЯ. УСЯКАЕ ПАДАБЕНСТВА З ЛЮДЗЬМІ, ЯКІЯ РЭАЛЬНА ІСНУЮЦЬ, ЗЯЎЛЯЕЦЦА ВЫПАДКОВЫМ.
© Алена Сінькевіч, 2015
© Кажамякін Г. В., падрыхтоўка тэксту, каментарыі, пасляслоўе, 2014
© Філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, 2014
© ТАА "Электронная кнігарня", 2015
Прадмова аўтара
У цябе няма фантазіі, спакойна сказаў сябра. У словах наогул няма фантазіі, калі гаворка заходзіць пра працу. Вось паветраныя замкі будаваць на гэта мы мастакі.
Я разумеў яго стан. Мы былі адны ў вясковай хаце, і за вокнамі шамацеў па бузіне абрыдлівы зацяжны дождж. Неба абклала хмарамі, і распатланы бусел стаяў на верхавіне сухой сасны, прыкрываючы крыламі малых. Жонка сябра паехала з маленькім сынам у горад і затрымалася там. Ноч даводзілася бавіць удвух за бутэлькай віна. Сябра быў відавочна раздражнёны і таму несправядлівы.
Ствары мне свет, сказаў ён, свет вялікі, каляровы, цёплы, такі, як жывы. Каб я мог смяяцца і плакаць з гэтага свету, з людзей, якія ў ім жывуць.
Гэтага нельга, сказаў я, кожны смяецца і плача сам за сябе. Ты можаш смяяцца з прычыны маіх слёз і плакаць ад майго смеху.
Значыць, ты лічыш, што разумення паміж людзьмі няма?
Мала, сказаў я, і ў меру гэтага разумення я магу па спрабаваць.
Зноў прыдумаць слязлівую гісторыю пра тое, як Ганна кахала Івана?
Можна і так. Пра гэта чалавек будзе апавядаць да канца дзён.
А калі мне абрыдла?
Нічога, сказаў я, тут адным каханнем справа не абыдзецца.
Я хачу пра наша пакаленне, разумееш? Мы не толькі кахалі і працавалі, мы яшчэ і гінулі
І часта ні каханне, ні подзвіг, ні загібель не залежалі ад нас. Добра, будзе табе пра ўсё гэта.
Сябра ўстаў і паглядзеў на мяне. Цені ад свечкі бегалі па яго твары, і таму вачаніцы здаваліся вялізнымі і трагічнымі, а нос яшчэ даўжэйшым за сапраўдны.
А ты ведаеш, што гэта непасільная задача?
Я паспрабую.
І я не стану палягчаць яе табе
Я і не патрабую.
Наадварот, я прыдумаю нешта такое, каб зрабіць яе яшчэ больш цяжкай.
Валі.
Ён хвіліну думаў. Потым кінуўся ў кут і выцягнуў з-пад ложка даволі вялікую пляскатую скрынку. Паставіў яе на стол, расчыніў.
Сын не будзе ў крыўдзе, што мы трошкі пагаспадарылі ў яго калекцыі.
Так, сказаў я, тым больш што мы ўсё пакладзём на месца.
І тады друг запусціў рукі ў скрынку, наўздагад выцягнуў адтуль некалькі прадметаў і паклаў іх на стол.
Чаго толькі не збіраюць хлапчукі, сказаў ён.
Так, сказаў я, ім усё цікава.
Дык вось, сказаў друг, усё гэта павінна быць у тваім апавяданні. І гэты медаль
Цяжка, сказаў я, на ім надпіс: «За ўціхаміранне польскага мяцяжу», а гэта было сто год таму.
Усё адно. Усё гэта павінна быць. І медаль, і старыя канспекты, і сапсаваная аўтаручка, і пяро бусла
А галубінае можна?
Можна І рыбалоўны гачок, і гэты ржавы зазубраны асколак
Ну, гэта ўжо занадта. Медалю сто год, асколку васямнаццаць, а пяру найбольш год. Дзе ж тут адзінства часу?
Сам вінен, няўмольна сказаў друг, але гэта яшчэ не ўсё. Яшчэ там павінны быць Масква, Уладзімір, Мінск, Ленінград. І не на паштоўках, як тут, а сапраўдныя, жывыя.
І адзінства месца паехала, сумна сказаў я.
І яшчэ скарыстаны чыгуначны білет. І яшчэ няхай хлопец будзе мастак або, лепей, паэт, а яна мастак. І яшчэ няхай пачнецца трагедыяй і скончыцца
Хопіць, сказаў я, агідны ты хлопец. Чаго ты языком мянціш, мянтуха?
Нічога, сказаў друг, ты яшчэ ў дзяўкох. Каму ж яшчэ і пісаць пра гэта. І яшчэ павінны быць вершы, я люблю вершы, і карціны, і музыка. Многа.
Добра, з фатальным выразам сказаў я.
І самае галоўнае. Каб я і кожны зразумеў сябе. Каб над сваім лёсам абліўся слязой. Зразумей, дружа, мы перажылі вайну, смерць сяброў, крушэнне шчасця. І яшчэ больш жахлівае. Я хачу бачыць гэта. І смяяцца, і плакаць.
Гэтага не магу, сказаў я, гэта ўжо ад таленту.
Я ж і кажу. Тут патрэбны вялікі боль.
Добра, сказаў я. Боль я вазьму ўласны. Гэтага дабра хопіць у кожнага.
Усё памятаеш яе?
Усё памятаю.
Ён маўчаў.
Гэта доўгая гісторыя, сказаў я, ёй сто год. І яна яшчэ не скончылася. Няма забыцця!