«З мінулым трэба развітвацца смеючыся», парада агульнавядомая. Прачытаўшы кнігу Льва Казлова, нават ёлупень датумкае, што не грэх таксама, смеючыся, да мінулага вяртацца. Нават такім найсурёзным у свеце людзям, як мы, браткі-беларусы.
Уладзімір НякляеўУсмешкі між летапісных радкоў
Быў час, пра які мелі магчымасць апавядаць толькі летапісцы. Бо з адукацыяй тады справы былі горш, чым зараз. Нават уладарныя асобы не ўсе ўмелі чытаць і пісаць, маглі толькі лічыць. Таму і ганаровае гэта званне летапісец. Хаця адразу ўзнікае пытанне: а што лепш, быць героем нейкіх падзей ці тым, хто пра гэта піша? Імёны большасці герояў нам вядомыя, а вось хто іх данёс да нас? Ох, сціплыя, занадта сціплыя былі тыя творцы летапісаў! Не раўня сучасным аўтарам. Але калі хто і захаваў сціпласць аж да ўзроўню поўнай невядомасці, дык гэта выдумшчыкі анекдотаў. А дарэчы, ці можна нешта такое знайсці, як кажуць, паміж радкоў у тых нятленных і сурёзных опусах? Паверце: можна! Ёсць, ёсць у той сівой, альбо замшэлай, хто як хоча, даўніне штосьці з добрага гумару. Бо, дальбог, так жа немагчыма! Чытаеш старыя кнігі і здаецца, што тады людзі рабілі ўсё, каб выглядаць сурёзнымі. Не, не можа такога быць, каб смех быў вынайдзены толькі ў бліжэйшыя да нас стагоддзі. Рызыкнём нават сцвярджаць, што ўпершыню рогат страсянуў дзявочую прыроду, калі нашы малпападобныя продкі, седзячы на дрэвах, упершыню ўбачылі сваю радню, што рабіла першыя няпэўныя крокі па зямлі.
Далей болей. Чалавек не толькі перамяшчаўся, але і нешта такое рабіў, і размаўляў, і меў нейкія своеасаблівыя пачуцці да іншых. Тут ужо можна доўжыць бясконца, але і так зразумела, што разам з гэтым не маглі не памножыцца прычыны і магчымасці для здаровага смеху. Таму, пакінуўшы ўбаку добра нам знаёмых старажытных грэкаў і рымлян, паспрабуем надаць самую пільную ўвагу нашай гісторыі.
Ну вось, толькі пачалі выбівацца на сваю дарогу, як зноў давядзецца вяртацца да Рыма. I не таму, што туды здаўна вядуць усе шляхі, а па іншай прычыне. Бо адтуль выйшла, а дакладней, збегла, ратуючыся ад імператара-шаленца Нерона, нейкая частка яго падданых. Рымляне пад кіраўніцтвам патрыцыя Палямона дабраліся аж на берагі Нёмана і Дубісы. Ад гэтай грамады, калі верыць аўтару «Хронікі літоўскай і жамойцкай», і ўтварыўся народ літоўскі. Але для паўнаты карціны не хапае іншых дзеючых асоб, а менавіта славян, якія прыкладна тады ж канчаткова асталяваліся ў гэтай частцы Еўропы. Такім чынам, абодва бакі падрыхтаваліся да гістарычнага ўзаемадзеяння.
А зараз давайце прыгледзімся больш уважліва да нашых герояў. Заглянем спачатку ў найстаражытнейшую «Аповесць мінулых гадоў» і адшукаем старонку, дзе князь Уладзімір, выбіраючы веру, адмаўляецца ад Магаметава закона. Прычына? Даволі простая. Не кажучы пра некаторыя далікатныя моманты, князь ні за што не хоча пазбавіць свой народ ужывання свініны, а галоўнае: «Русі адно вяселле піці, без таго не можам быці». I першае, і другое, як вядома, супярэчыць канонам ісламу. Гэта той самы князь Уладзімір, што некалі заваяваў Полацк, каб узяць Рагнеду. Падзея даволі вядомая і ад гумару далёкая, сутнасць жа ў тым, што тут, на сумежжы, Русь энергічна памахвае мячом. А тым часам
Літва пакуль што ўладкоўвалася, блукаючы па неабсяжных некранутых лясах. Аўтар памянёнай «Хронікі» са справядлівай сціпласцю прадстаўляе гэтыя падзеі: «Народ жа той літоўскі доўгі час ад пачатку свайго панавання нязначным быў». I дадае, што Русь трымала над ім верх і брала даніну ў выглядзе венікаў і лыка на вяроўкі. Так, з узроўнем гаспадарчага развіцця тут было пакуль не вельмі ладна, далекавата да сярэдніх феадальных паказчыкаў. Няўжо ж здрабнелі нашчадкі рымскіх патрыцыяў? Не, хутчэй за ўсё іх зачаравала мясцовая прырода. А ваяўнічымі яны засталіся і надалей, што даволі хутка будзе пацверджана. Праўда, «даволі хутка» гэта для нас, сучаснікаў, каму нейкая там сотня-другая гадоў проста невялікі прамежак гістарычнага часу.
Дык вось, прайшло стагоддзе-другое. Русь хрысцілася, Літва па-ранейшаму пакланялася сваім ідалам. У першых доўгі спіс гарадоў, там Ноўгарад, Полацк і Кіеў са сваімі знакамітымі Сафійскімі саборамі. Пра гарады другіх штосьці не чуваць, тут немаведама па якой модзе пашытыя футры і скураныя «шаты». Але раптам зявіліся татары і пайшлі ад аднаго рускага горада да другога. У краіне, дзе многа населеных пунктаў, цяжка было заблудзіць усходнім заваёўнікам: толькі ўзялі Разань, а на гарызонце Уладзімір, побач Суздаль, далей Цвер, а потым і Кіеў, і яшчэ Уладзімір, праўда, Валынскі. Каб у Літвы існавала на той час хаця б пару такіх гарадоў, то, напэўна, арда кінулася б туды, але, на шчасце, нічога падобнага там не аказалася. Таму жыхары літоўскіх пушчаў, яшчэ не сутыкнуўшыся з татарамі, ужо адчувалі сябе пераможцамі.