Урбанізацыя, пераразмеркаванне рынку працы, збядненне дробнай гандлёва-рамесніцкай масы, што суправаджала развіццё капіталістычных адносін, назаўсёды змянілі сэксуальна-сямейнае жыццё беларускага мястэчка. Ужо згаданы А. Я. Багдановіч наступным чынам апісвае працэс дэзарганізацыі традыцыйнай сямі ў мястэчку Халопенічы: «Напрыканцы 70-х гадоў агульнае становішча на рынку нявест было такое, што не я шукаў збліжэння, а мяне шукалі перавыраб нявест пры адсутнасці адпаведных і надзейных жаніхоў Шкада, што ўсім ім, халопеніцкім дзяўчынам майго пакалення, выпала цяжкая, нават горкая доля толькі адна Ліза Шаблоўская своечасова і шчасліва выйшла замуж Усе астатнія, каго я толькі ні памятаю са сваіх равесніц, пайшлі ў жыццё цяжкім шляхам і ўсе не захавалі сябе. Што гэта значыць? Ці былі яны менш стрыманыя, менш маральныя, чым іх папярэдніцы? Вядома не: яны былі дзяўчыны сціплыя, можа быць, сціплейшыя за іншых. Але змяніліся абставіны менавіта гаспадарчыя абставіны: няма заробкаў, няма з чым замацавацца і завесці ўласную сямю. Няма пасагу, а голую хто возьме, нават і добрую работніцу. За невялікімі выключэннямі гэта ўсё былі дзеці беднаты»[13].
У трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» таксама цяжка знайсці чыстыя, незаплямленыя адносіны паміж мужам і жонкай. У семях персанажаў пануе атмасфера недаверу і жорсткасці, нявернасці і эгаізму. Новыя сэксуальныя паводзіны местачкоўцаў у апавяданні «Мутэрка» паказаў М. Гарэцкі. Прычым сэксуальна-распусныя паводзіны галоўнага героя сялянскага сына, «абмаскаленага беларуса», рэпетытара Данілы, які адначасова жыў з 35-гадовай маці сваёй вучаніцы і заляцаўся да яе 15-гадовай дачкі, аўтар звязаў з яго адмовай ад беларускай ідэнтычнасці[14].
Існавала нацыянальна-канфесійная спецыфіка сэксуальна-шлюбных адносін яўрэйскага насельніцтва беларускіх гарадоў і мястэчак. Да прыкладу, трэба адзначыць большую ўстойлівасць у іх патрыярхальных традыцый, што тлумачылася рэлігійнымі прычынамі. Традыцыйны юдаізм прадугледжваў розныя ролі для мужчыны і жанчыны ў сэксуальнай сферы, строга кантраляваў кантакты паміж імі ў шлюбе і па-за ім. Звычайна яўрэйская сямя зяўлялася буйнейшай, чым хрысціянская. Значную ролю выконвала жанчына, якая часта не абмяжоўвалася хатнімі заняткамі, а займалася прадпрымальніцтвам, ствараючы матэрыяльны падмурак для сямейнага існавання. Яўрэйскія аўтары згадваюць багата трагічных гісторый пра заўчасныя шлюбы, якія часта распадаліся часам самі па сабе, часам праз тое, што бяднелі бацькі, якія ўтрымлівалі маладзёнаў. Часта яўрэі ўступалі ў шлюб у падлеткавым узросце і сталелі разам з уласнымі дзецьмі. Нярэдкія былі выпадкі, калі жаніліся стрыечныя браты і сёстры, бо іх бацькі і дзяды імкнуліся захаваць капіталы ад падзелу[15].
Традыцыйная сямя ў беларускіх татар, якую яны разглядалі ў якасці адзінай формы паўнавартаснага функцыянавання гаспадаркі, будавалася на пачатках Карана. Беларуская татарская сямя была патрыярхальнай, вольнасць адносін моладзі ў ёй стрымлівалася шарыятам. Але ў ёй адсутнічаў жорсткі падзел палоў, а таксама палігамныя практыкі, што засведчыў краязнавец напачатку ХХ ст.: «Няпрыхільнасьць да полігаміі выяўляецца часам даволі яскрава. Калі адзін немясцовы мусульманін пасяліўся зь дзьвюма жонкамі сярод менскіх татар, усе суседзі выкпівалі яго, як нейкага варята»[16].
Аўтарытарнымі парадкамі характарызаваліся адносіны ў семях стараабрадцаў, якім былі ўласцівыя адасобленасць, замкнёнасць, рэлігійная нецярпімасць. У вялікай па памерах стараабрадніцкай сямі панаваў дух поўнага і беспярэчнага падпарадкавання ўсіх членаў яе галаве мужчыну. Найбольш складанае становішча ў сямі было ў нявесткі, якая мусіла падпарадкоўвацца ўсім мужчынам незалежна ад іх узросту[17].
Галоўным захавальнікам традыцыйных сэксуальна-шлюбных адносін у Беларусі зяўлялася вёска. Патрыярхальныя адносіны ў беларускіх вясковых семях панавалі і напачатку ХХ ст. Кіраўніком вялікай непадзельнай сямі зяўляўся старэйшы па ўзросце мужчына-бацька. Ён адказваў за арганізацыю гаспадарчай дзейнасці, сямейны побыт, распараджаўся фінансавымі сродкамі сямі, размяркоўваў працу сярод яе членаў, прадстаўляў сямю на сельскіх сходах і г. д. Яго аўтарытэт быў бясспрэчны. Жанчына ў сямі займала другараднае становішча. Паводле звычаёвага права жанчына не магла ўзначаліць сямю, яна не мела права ўспадкаваць рухомую і нерухомую маёмасць, за выключэннем свайго пасагу. Нягледзячы на гэта, роля жанчыны ў сямі была вялікая. Яна арганізоўвала паўсядзённы побыт сямі, спрыяла фарміраванню ўнутрысямейных адносін, падтрымлівала пэўны псіхалагічны клімат. Кіраўніком сярод жанчын у вялікай сямі была маці. Яна лічылася гаспадыняй, размяркоўвала хатнюю працу, кіравала выхаваннем дзяцей.