Істотным фактарам, які разбураў падмуркі традыцыйнай вясковай сямі, было павелічэнне сацыяльнай мабільнасці насельніцтва. Адезд «на промыслы» ў горад надоўга адрываў тысячы жанатых мужчын ад сямей, парушаў, а ў шэрагу выпадкаў спыняў іх нармальнае сэксуальнае жыццё. Па вяртанні дамоў гэтыя «піянеры гарадской культуры» карысталіся вялікай папулярнасцю ў сялянскіх дзяўчын, адваротным бокам якой было павелічэнне колькасці запісаў аб незаконнанароджаных у метрычных кнігах. Павялічылася таксама колькасць міжэтнічных і міжканфесійных палавых сувязей без шлюбнай перспектывы. Найчасцей «грубыя жарты» і «пагрэшнасці» адбываліся ў вёсках, дзе спыняліся на пастой вайскоўцы.
Характарызуючы эвалюцыю сэксуальных і сямейна-шлюбных адносін, якую саспытала насельніцтва Беларусі ў дасавецкі час, трэба адзначыць яе агульнаеўрапейскі вектар і адначасова запаволенасць у параўнанні з індустрыяльна развітымі краінамі.
Першая сусветная вайна паўплывала на пераасэнсаванне ўсіх традыцыйных поглядаў на гендар, сэксуальныя паводзіны людзей. Мабілізацыі, бежанства, доўгатэрміновае размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі вялікіх вайсковых кантынгентаў прывялі да размывання традыцыйных уяўленняў пра сэкс і мараль. Кастрычніцкая рэвалюцыя выклікала далейшую дэзарганізацыю сямейных і маральных каштоўнасцей, пашырэнне пазасямейнай арыентацыі, а таксама дэструкцыю форм сацыяльнага кантролю за сэксуальнасцю. Разам з лозунгамі сацыяльнага і эканамічнага вызвалення працоўных бальшавікі прынеслі ў спустошаную Першай сусветнай вайной Беларусь ідэі вызвалення сэксуальнасці і разняволення жанчыны.
Сацыяльна-эканамічныя ўмовы, у якіх ладзіўся эксперымент па пабудове новых калектыўных форм жыцця людзей, былі далёкія ад ідэальных. На працягу ўсяго перыяду правядзення новай эканамічнай палітыкі (НЭП) эканоміка рэспублікі захоўвала аграрны характар. Нягледзячы на створаныя перадумовы да развіцця, сельская гаспадарка была даволі адсталай, прамысловасць мела напаўкустарны характар. Дэмакратызацыя грамадска-палітычнага жыцця, а таксама палітыка беларусізацыі, што праводзіліся ва ўмовах аднапартыйнай сістэмы, мелі абмежаваны характар. Пошукі новых сямейна-шлюбных форм адбываліся на фоне барацьбы за «новы быт», які разглядаўся ў якасці найважнейшай умовы раўнапраўнага становішча жанчыны.
З мэтай разбурэння традыцыйнай сямі, у якой бальшавіцкія ідэолагі бачылі адну з галоўных перашкод на шляху пабудовы камуністычнага грамадства, пачынаючы з 1917 г. пачала праводзіцца палітыка дзяржаўнага фемінізму. У яе рамках ажыццяўлялася адмаўленне ад традыцыйных сямейна-шлюбных адносін, іх перафарматаванне адпаведна новай сацыялістычнай маралі, а таксама эмансіпацыя жанчын.
Рэвалюцыйныя змены ў сэксуальных адносінах, што адбыліся ў СССР на працягу першага паслярэвалюцыйнага дзесяцігоддзя, варта разглядаць у сусветным кантэксце. А менавіта у рэчышчы радыкальнай мадэрнізацыі і разрыву з традыцыйнымі каштоўнасцямі, якія ўвайшлі ў культурную гісторыю пад назвай «бурных (або варяцкіх) дваццатых» (roaring twenties). У той час у еўрапейскім і паўночнаамерыканскім грамадстве пад уплывам тэорыі З. Фрэйда распаўсюдзілася думка пра тое, што палавое жыццё патрэбна жанчынам не менш за мужчын, а падаўленне сэксуальных жаданняў разбуральнае для псіхікі. Першая сусветная вайна прывяла да масавага скарачэння мужчынскай часткі насельніцтва, а таксама перамогі феміністак, якія значна пашырылі канстытуцыйныя правы жанчын, змянілі іх менталітэт і паводзіны. Новае пакаленне жанчын 1920-х гг. імкнулася сумясціць сямейнае жыццё з прафесійнай карерай. Гэта адбілася на іх знешнім абліччы ў выглядзе кароткіх стрыжак, вузкіх спадніц, нагавіц, а таксама касметыкі, якую раней ужывалі пераважна актрысы і прастытуткі. На працягу «бурных дваццатых» палагоднела стаўленне да сэксуальных меншасцей.
Кардынальная змена адносін паміж паламі, якая адбывалася ў СССР на працягу 1920-х гг., у сусветнай гістарыяграфіі атрымала назву «сэксуальнай рэвалюцыі»[22]. Пад гэтым паняццем сёння звычайна разумеюць працэс і вынікі карэннай ломкі традыцыйных каштоўнасцей, арыентацый, норм і адносін у інтымнай і сямейна-шлюбнай сферы.
Паняцце «сэксуальная рэвалюцыя» ўпершыню было ўведзена ў навуковы ўжытак у канцы 1920-х гг. вучнем З. Фрэйда, аўстрыйскім і амерыканскім псіхолагам, камуністам В. Райхам. Распрацаваўшы гэтае паняцце ў рамках псіхааналітычнай парадыгмы, ён даў яго тлумачэнне як працэсу вызвалення прыгнечанай, дэфармаванай перш за ўсё эканамічнымі адносінамі сэксуальнай (альбо «аргоннай», паводле яго тэорыі) энергіі. Пры гэтым В. Райх падкрэсліваў, што вынікам сэксуальнай рэвалюцыі павінна быць не ўсёдазволенасць і анархія ў інтымнай сферы жыцця людзей, а псіхалагічнае разняволенне асобы і грамадства[23]. Зусім іншае, выключна негатыўнае разуменне феномену «сэксуальнай рэвалюцыі» як працэсу паступовай трансфармацыі «homo sapiens» у «homo sexual» прапанаваў у сярэдзіне ХХ ст. рускі і амерыканскі сацыёлаг П. А. Сарокін[24]. Новая канцэпцыя «сэксуальнай рэвалюцыі» як культурнага феномену з улікам сацыякультурных змен, што адбыліся на Захадзе ў 196070-х гг., была распрацавана аўстрыйскім і англійскім філосафам і псіхааналітыкам Дж. Франклам[25].