Паляыничы (на белорусском языке) - Джеймс Олдридж страница 2.

Шрифт
Фон

Страсаючы пот, якi сляпiў яму вочы, i апошнi раз папраўляючы на плячах лямкi, ён заўважыў, што над галавой кружыцца вялiкая вушастая сава. Ён спынiўся i ўбачыў, як яна распасцерла крылы i па ўсiх правiлах спiкiравала цераз прасеку з вяршынi высокага дрэва да самай зямлi. У лесе стаяў ужо густы змрок, каб заўважыць канец пiке, але Рой зразумеў, што яно скончылася, калi на ўвесь лес пачуўся савiны енк i плач.

Хоць Рою i не хацелася затрымлiвацца, ён збочыў i пачаў прадзiрацца праз кустоўе, каб паглядзець, што здарылася. На ўзлеску, амаль ля самай зямлi, ён убачыў саву. Яна моцна засела галавой у раскрыжаваннi ствалоў маладой бярозкi. Сава ў адчаi i гневе шырока распасцерла крылы, а кiпцюрамi глыбока ўпiлася ў мох i зямлю. Калi Рой падышоў, яна паспрабавала пагрозлiва падняць галаву. Рой знайшоў палку, i сава схапiла яе сваiм крукаватым носам. Пасля ён рассунуў ствалы бярозкi i вызвалiў саву. Яна ўпала, i Рой адышоўся, баючыся, што сава зачэпiць яго падчас узлёту, але яна трапяталася на зямлi: яе крылы былi амаль што вырваны.

Рой падняў маленькую палявую мыш, якую выпусцiла сава. Мыш была жывая, але ўся здранцвела са страху. Рой паклаў яе ў бяспечнае месца памiж двух карчоў i вярнуўся да савы. Яна смяротна разбiлася. Рой адышоўся, двойчы стукнуў бярозавым суком па яе галаве, i сава сцiшылася. Ён падумаў: "I чаму гэта сава, начны птах, задумала паляваць днём? Вiдаць, ад старасцi? Альбо з голаду?" Ён паглядзеў, як шмыгнула далей ад страху апрытомнелая мыш, пасля рушыў па дарозе далей.

Ён збочыў з яе, калi ўбачыў агнi крамы Дзюкэна. Ён перасек пустку i збiраўся нырнуць у пiхтавы маладнячок, калi спераду, крокаў за пяцьдзесят, з'явiўся чалавек, якi, вiдаць, чакаў яго. Рой рэзка павярнуўся i iмгненна знiк, з усяе сiлы дзеручыся праз густы зараснiк. Ён спынiўся толькi тады, калi пачуў, як яго клiча знаёмы голас. Калi павярнуўся, дык убачыў за спiнай худую постаць з сякерай у руцэ i пачуў смех Джэка Бэртана.

- А ты становiшся неабачлiвым, - сказаў той. - Я заўважыў цябе за мiлю, яшчэ на спуску.

- Фермер Джэк! - радасна ўсклiкнуў Рой. - Што ты тут робiш?

- Падпiльноўваю цябе, а ты прэш як мядзведзь.

- Я так i ведаў, што гэта ты, бо iншай такой худзiзны няма ў цэлым Сент-Элене.

- Ты думаў, што гэта iнспектар, - адказаў Бэртан.

Рой пасмяяўся i з Бэртана i з сябе.

- Аднак што ты тут усё-такi робiш? - спытаўся ён яшчэ раз.

Бэртан узяўся за сякеру:

- Карчую вось гэтую пустку.

- Дык ты батрачыш на матухну Дэнiс?

- Я фермер, - сказаў Бэртан. - У сваiм жыццi я не буду нi на каго батрачыць. Дровы матухне Дэнiс, зямля мне.

- Абкрадваеш бедную старую, - сказаў Рой.

- Ты мяне паслухай, - адказаў Бэртан. - Адным цудоўным днём iнспектар падпiльнуе цябе i, калi ўбачыць, што ў тваiм мяшку пушнiны звыш нормы, адбярэ ў цябе ўчастак, а самога аддасць пад суд!

Гэта была помста, але гэта было i цвярозае папярэджанне чалавека, што ведаў, якiм няшчасцем было б для Роя пазбаўленне свайго паляўнiчага ўчастка i права на паляванне. А гэтае няшчасце пагражала Рою падчас кожнага вяртання ў Сент-Элен, бо ён, як зарэгiстраваны трапер*, меў права на пэўную колькасць скурак кожнага пушнога звера i не больш.

* Трапер - у Паўночнай Амерыцы паляўнiчы на пушнога звера, якi скарыстоўвае пасткi.

Спынi i абшукай яго iнспектар зараз - гэта было б канцом для Роя-паляўнiчага, бо, вядома ж, у яго за спiнай было шмат больш за норму, i Джэк Бэртан гэта добра ведае.

- Ну, iнспектару яшчэ трэба злавiць мяне, - прамовiў Рой.

Згадка пра даўнi паядынак з iнспектарам была прыемнай для Роя, але папярэджанне Бэртана на iмгненне засмуцiла яго.

- Адным цудоўным днём ён зловiць цябе, Рой, - сказаў Бэртан i перавёў гаворку на iншае. - Як паляванне? - спытаўся ён, абмацваючы заплечны мяшок Роя.

- Вясновы бабёр, андатра, - прамовiў Рой, - некалькi лiсiц i катоў. Мала становiцца, Джэк, вельмi мала.

- Калi ж ты збiраешся выправiцца на поўнач, Рой?

- Калi так будзе працягвацца, дык не затрымаюся.

Шрифт
Фон
Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Отзывы о книге