Паляыничы (на белорусском языке) - Джеймс Олдридж

Шрифт
Фон

Олдридж Джеймс

Джэймс Олдрыдж

Паляўнiчы

Пераклаў Максiм Валошка

Рою - такому, якi ён ёсць, - першапраходцу новых сцяжынак, пiянеру, чалавеку сярод людзей, якi, як i ўсе да яго падобныя, у рэшце рэшт дабiваецца перамогi над чалавечым адчаем.

Раздзел першы

Рой Мак-Нэйр дакладна ведаў, дзе выберацца з лесу, таму не затрымаўся, калi трапiў на закiнутую лесавозную дарогу. Каржакаваты i дужы, мускулiсты i рухавы, якi выкацiўся з кустоў, як бочка, якую не спынiць. Рой не запаволiў хаду i на цяжкiм пад'ёме па лысым гранiце, проста згорбiўся пад цяжарам грузу, каб даць палёгку кароткiм i дужым нагам. Справiўшыся з пад'ёмам, ён падняў галаву i хутка акiнуў вокам тое, што назвалася пасёлкам Сэнт-Элен.

Гэтая купка раскiданых па наваколлi будынкаў была прыцiснута i, можна сказаць, раздушана ляснымi i гранiтнымi масiвамi, якiя цесна прыпiралi яе да пустога берага возера Гурсы. Пазiраючы на пасёлак, Рой усмiхаўся - найперш Сент-Элену, але i ад згадкi пра тыя днi, калi ён бываў на гэтым схiле са сваiм сябрам Джэкам Бэртанам. Калi б Джэк знаходзiўся зараз побач з iм, Рой кiўнуў бы абыякава ў кiрунку Сент-Элена i прамовiў бы з выклiкам: "Усё яшчэ трымаецца, Джэк. Усё яшчэ трымаецца!" На гэта Бэртан адказаў бы пагардлiва: "Гэты горад будзе стаяць тут i пасля таго, як памрэш ты, Рой, яшчэ доўга пасля таго, як ты памрэш i цябе пахаваюць".

У той час Рой гучна смяяўся б з гэтага ажно да самага канца спуску. Да самага пасёлка ён дражнiў бы Джэка Бэртана, заахвочваючы яго абараняць Сент-Элен ад пагрозы канчатковага паглынання лесам. Тады, пасля доўгага паляўнiчага сезону ў лесе, Рою падабалiся аргументы Бэртана на карысць Сент-Элена, iх не хапала яму i зараз. Рой любiў пазiраць на гарадок з гэтага схiла i хацеў, каб падчас гэтага прысутнiчаў Джэк Бэртан. Але вось ужо чатыры гады, як Бэртан пакiнуў паляванне на карысць фермерства, i Рой, спускаючыся па схiле адзiн, звыкла ўсмiхнуўся, калi гарадок знiк з вачэй, захiнуты бярозамi i соснамi, што цесна абступiлi дарогу.

Хоць Рою было радасна, што хата ўжо блiзка, ён ведаў, што па дарозе яго засмуцiць выгляд разбуранай фермы. Ён прыпынiўся на дарозе i зiрнуў на яе: адзiная ацалелая сцяна на парослым участку. Гэта i само па сабе было сумнае вiдовiшча, але для Роя трагедыя заключалася ў iншым, у назойлiвым напамiнку пра чалавека, якога ён хацеў забыць: пра Эндзi Эндруса, якi ўжо даўно прапаў без вестак. Кожны год, пазiраючы на рэшткi старой фермы, Рой задаваў сабе пытанне: а што, калi Эндзi Эндрус вярнуўся ў Сент-Элен i зараз усё маё жыццё паляцiць у тар-тарары?

- Бедны Эндзi, - прамармытаў ён. Дзiўнае пачуццё - прыязнасць да сябра i страх перад прывiдам - ахапiла Роя. - Аднак, вiдаць, яго ўжо i на свеце няма. - Рой толькi напалову верыў у гэта; але, як выклiк лёсу, ён намаганнем волi прымусiў сябе забыцца пра Эндзi: калi пасля дванаццацi гадоў адсутнасцi Эндзi вярнуўся дамоў, значыць, нiчога не зробiш i давядзецца пераадольваць розныя цяжкасцi. Але зараз куды важней не забыцца пра таго, хто яму сапраўды больш небяспечны, пра пушнога iнспектара, але перад гэтым апошнiм спускам ён не мог выкiнуць з галавы нi адно, нi другое.

Найбольш блiзка было iсцi па дарозе, але звычайна Рой адразу ж збочваў з яе, абыходзiў гарадок i падыходзiў да хаты з тыльнага боку. Тут было менш шанцу сустрэць iнспектара, якi меў права спынiць i абшукаць яго ў спадзяваннi знайсцi незаконную i несезонную пушнiну, што iнспектар i спрабаваў рабiць штогод на працягу ўжо дваццацi гадоў. На гэты раз Рой даўжэй чым звычайна не збочваў з дарогi, бо спазнiўся. Яму хацелася вярнуцца ў Сент-Элен яшчэ да змяркання, карцела паспець на вячэру на братаву ферму.

Шрифт
Фон
Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Отзывы о книге