Хаўстовіч Мікола - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях (зборнік) стр 10.

Шрифт
Фон

Казалі яшчэ, што калі хто асмеліцца ля гэтага каменя начаваць, таму тыя скарбы і здабыць наканавана. Васіль быў смелы, не баяўся нічога, бо ўжо раз з шатанам, што ехаў на віхоры, вітаўся, як з братам.

Пасля захаду сонца, калі вечаровы змрок ахутаў палеткі, ідзе ён на пагорак і сядае на камень. Хмары закрылі неба, цямнее ў полі, усюды глуха, у лесе, што чарнеўся перад ім, абзываецца сава; Васіль бачыць, як снуюцца перад ім здані, паўзуць з-пад каменя, сыкаючы, вужы, скачуць у скрутах вакол страшыдлы з сабачымі галовамі і казлінымі нагамі. Васіль смела паглядаў на гэта, мяркуючы, што зараз яму пакажуцца скарбы. Раптам бачыць, як хтось зварочвае з дарогі і набліжаецца да яго. Гэта быў Марцін.

– Што ты тут робіш? – запытаўся ён з усмешкаю. – Пэўна, скарбы шукаеш?



– Шукаю, але чаго ты прыйшоў? Ты затрымаў мяне на парозе багацця, вырваў з рук маіх шчасце, варта, каб я табе галаву каменем раскроіў.

– Не гневайся. Я раскажу пра лепшыя скарбы. – І, сеўшы ля яго на камені, кажа: – Слухай, Васіль, лепей ідзі дадому. Здароўе, пачцівая праца – гэта найдаражэйшы скарб для добрага чалавека. Дрэнна, калі хто шукае дапамогі ад нячысціка. Ты яшчэ малады, працуй, Бог дапаможа. Антон, апякун твой, бяздзетны; калі будзеш паслухмяны, дык усё, што мае, табе перакажа.

Угневаны Васіль плюнуў і, мармычучы штосьці, адышоў.

З таго часу ён не прыходзіў дадому. Антон, бачачы ўсё большую яго зацятасць, супакоіўся і чакаў, што з гэтага выйдзе. Знаёмыя прыносілі розныя весткі пра Васіля. Адны казалі, што знайшоў ён нейкую гультайскую хеўру, крадзе з сябрукамі, а набытыя грошы прапівае ў карчме. Іншыя – што жыве ў Арыны, вучыцца чарам, і нават бачылі, як з Алютай і Арынаю хадзіў па лесе і балоце каля азёраў, збіраючы зёлкі, на якіх ніколі раса не высыхае.[57] Трэція сцвярджалі, што з-за куста нават чулі, як Арына, вырваўшы з зямлі нейкую расліну, апавядала пра страшную яе моц.

Марцін, настойлівы ў сваіх задумах, імкнуўся дзе-небудзь сустрэцца з ім, але не выпадала. Не асмельваўся ісці да Арынінае хаты, баяўся гасціннасці чараўніцы.

Аднаго разу ў нядзелю пад вечар хто са знаёмым, хто з кумам ідуць у карчму, каб там пры гарэлцы пагаманіць, параіцца пра тое ды пра сёе і весела час прабавіць. З надзеяю, што, можа, спаткаецца з Васілём, ідзе туды і Марцін.

Сядаюць за стол. Жыд Ёсель рады гасцям, налівае гарэлку, ставіць на стол і крэйдаю запісвае на сцяне, умаўляючыся, што калі ўвосень будзе новы хлеб, дык прыедзе да іх, пачастуе гаспадара і гаспадыню гарэлкаю, а тыя сустрэнуць яго ветліва і аддзячаць розным збожжам.

Заходзіць Марцін. Сёй-той рады, што яго ўбачыў. Просяць госця за стол, частуюць гарэлкаю. Пачалася гаворка пра Васіля і яго каханую; адны хвалілі Алюту, што добрая дзяўчына і была б добраю жонкаю, калі б выйшла замуж за добрага чалавека, а не за Васіля, які пабратаўся з д’яблам; было колькі п’яных, што і Васіля хвалілі; іншыя ж Васіля, Алюту і Арыну называлі найнягоднейшымі людзьмі.

Калі гэтая спрэчка і шум зацягнуліся, Ёсель, што стаяў у канцы стала, кажа:

– Паслухайце, вы несправядліва гаворыце пра Васіля. Васіль – чалавек добры і акуратны; калі прыйдзе з таварышамі да мяне, дык заўсёды плаціць гатоўкаю, заўсёды мае грошы. А Алюта, ай да Алюта, добрая дзяўчына, апранаецца добра, як паненка, ды і ў Арыны я нічога дрэннага не бачу. Ну і што, калі яна чаруе? Яна чаруе, каб мець грошы, а грошы вельмі патрэбныя кожнаму; яна і дапамагае: лечыць зёлкамі людзей.

Калі ішла гэтая размова, імкліва і са стукам адчыняюцца дзверы, заходзіць Васіль з узнятай галавою, шапка ссунута набакір, і з ім некалькі сябрукоў; агледзеўся, убачыў Марціна і насупіў бровы.

– Як маешся, Васіль? – кажа Ёсель. – Даўно цябе не бачыў, ужо дні тры. Я і мая Сора думалі, што з ім такое, а цяпер вось толькі што гаманіў з людзьмі пра цябе.

– Я ведаю, што людзі пра мяне кажуць: сабакі брэшуць, а вецер носіць. Мне ўсё адно. – Ён сеў на лаве, узлокціўся на стол, закрычаў: – Дай нам гарэлкі, але добрае.

– А можа, Васіль просіць гарэлкі салодкае? Я прывёз з горада, хоць яна і каштуе дорага.

– Дай дарагое. – І кідае колькі грывеннікаў[58] на стол.

Жыд у міг вока падае кілішак і бутэльку гарэлкі.

Людзі за другім сталом глядзелі на гэта здзіўлена, некаторыя пазіралі спадылба, шэпчучыся між сабою і здзекліва ўсміхаючыся. Максім, які раней за іншых прыйшоў у карчму і быў ужо добра падвяселены, гучна засмяяўся і закрычаў:

– Ого! Як бачу, ты, брат Васіль, мусіш быць багаты не па-нашаму, ужо п’еш панскую гарэлку. Пэўна, начаваў пры Цмокавым Камені і знайшоў грошы або, можа, Арына, што мае быць тваёй цешчаю, нейкімі чарамі насыпала табе срэбра поўныя кішэні. Ну й зух!

Васіль паглядзеў са злосцю.

– З табою, – кажа, – ніхто з нашае сябрыны не гаворыць і ніхто да размовы не просіць, дык не ўмешвайся, а то так завяжу табе вусны, што другі раз ніколі не адважышся лухту вярзці.

– Завяжаш мне вусны? Вой, Вой! Глядзіце, вывучыўся ўжо чараваць ад Арыны, умее вусны завязваць! Вой, вой! Глядзі, каб не быў кульгавы, як твая будучая цешча. А ці ведаеш, чаму яна на левую нагу трохі кульгавая?

– Маўчы, калі з табою ніхто не хоча гаварыць.

– Ніхто не хоча гаварыць, дык будуць слухаць. А я раскажу ўсім – паслухайце! – раскажу вам, чаму Арына кульгавая. Гэта ў яе Грышкаў падарунак. Сам апавядаў мне пад сакрэтам.

Аднаго разу ўвечары, як сонца села, вяртаўся ён з касою з поля дамоў і пачуў голас чараўніцы, якая выклікала каровы, называючы кожную паводле масці. У вечаровай цішы чуваць было, як па вёсках адзываліся рыкам каровы; зарыкалі таксама і ў ягонай аборы. Ён перапалохаўся, што застанецца без малака, бяжыць туды, адкуль чуўся голас, каб даведацца, хто тая чараўніца, падкрадваецца аселіцаю і што ж бачыць? Арына, седзячы на плоце з ускудлачанымі валасамі, дзікім спевам спраўляла чары.

«Будзе дрэнна, – падумаў сабе. – Трэба ёй як-небудзь перашкодзіць». Дык бяжыць дадому і кладзе над дзвярамі ў аборы свянцоныя зёлкі і васковую свечку. Ледзь адышоў колькі крокаў, бачыць, прылятае сарока, разграбае зёлкі і дзяўбе свечку. Грышка бяжыць у хату, хапае стрэльбу, набітую дробным шротам. Стрэліў – пасыпаліся пёркі, аднак сарока паляцела прэч.

На другі дзень пачуў, што Арына параненая ў левую нагу і хворая ляжыць у ложку. Зразумеў усё і думае сабе: «Мае памятку». Аднак баяўся помсты, бо хутка завязала на яго залом у жыце. Але залом ён спаліў на асінавых дрывах, і чараўніца сама ледзь не загінула.

Васіль у гневе схапіў бутэльку, кінуў яе ў Максіма – трапіў у самыя грудзі. Падскочылі адзін да аднаго, і ўсчалася бойка.

На шчасце, з блізкага маёнтка ехаў конна аканом і, чуючы пранізлівы крык арандара, павярнуў да карчмы. Ёсель бяжыць насустрач аканому.

– Ай, дабрадзею, забойства ў карчме, гвалт, што тыя п’яніцы шкоды мне нарабілі!

Саскочыў аканом з каня, умешваецца ў мітусню, пагражае, што заўтра за п’янства ўсіх сурова пакараюць і кожны з іх заплаціць за ўчыненую шкоду. Умомант угаманіліся.

Аканом выганяе іх з карчмы і загадвае ўсім ісці па сваіх хатах. Гэтак і разышліся ў розныя бакі, пагражаючы адзін аднаму адпомсціць.

Ёсель расказаў аканому, як усё было, пра ўсе прычыны звады, не вінавацячы, аднак, Васіля.

– Трэба пра гэта пагаварыць з панамі. Плятуць дурні немаведама што; дарэмна крыўдзяць бедную ўдаву і дзяўчыну, якая ні ў чым не вінаватая. Балбочуць пра нейкія Арыніны чары, я раней гэта не высвятляў, ды толькі ведаю, што яна зёлкамі многім людзям дапамагае. Вось нядаўна сам бачыў, як у маёнтку паненцы Тарэзе вылечыла лішай на твары. Праўда, кладучы ў халодную ваду нейкія каменьчыкі, яна пашаптала, і халодная вада кіпець пачала, як бы на агні; казала мыць гэтай вадою твар, і пані Тарэза хутка ачуняла. Такія чары не толькі нікому не шкодзяць, але, наадварот, карысныя людзям.

– Як пан аканом шчырую праўду кажа, няхай пан так і паведаміць ягамосцю і імосці,[59] бо аж балюча слухаць, калі так людзей крыўдзяць. Ай, была ў мяне добрая салодкая гарэлка, ды бутэльку разбілі жлукты і гарэлку выпілі. Сора, падай – там яшчэ ёсць крыху салодкае гарэлкі, – падай яе пану аканому і прынясі марынаду на закуску. Маю выдатнага марынаванага шчупака.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Похожие книги