Хаўстовіч Мікола - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях (зборнік) стр 15.

Шрифт
Фон

Гэтыя гульні і радасць доўжыліся да позняе ночы. Змоўклі ўсе птушкі ў лесе, толькі крычалі няясыці. Прыляцела сава і, седзячы на чараўніцынай страсе, свяціла вачыма, і рагатала, і енчыла, нібы немаўля. Тут нечакана зашумеў лес і вада ў возеры пачала плёскаць аб бераг.[65] Русалкі закрычалі: «Поўнач! Поўнач!» – і адразу ўсе перамяніліся ў котак і пабеглі на Аксінін падворак; адны караскаліся на дах, другія праз вакно хаваліся ў хату. А я – зноў зрабіўшыся ваўком – пабег у лес, лёг пад густой ялінаю і разважаў пра гэтае здарэнне, шкадуючы, што нядоўга пабыў чалавекам; вырашыў застацца тут і хоць на кароткі час забыць пра сваё няшчасце.

Назаўтра прычакаў вечара, і гэтаксама коткі паператвараліся ў дзяўчат, а да мяне вярнулася чалавечае аблічча. Я бавіўся з імі, весела і непрыкметна бег час.

Тут адна з зачараваных дзяўчат, гледзячы на мяне з нейкай пагардаю, сказала:

– Мне ён не падабаецца.

– Чаму не падабаюся? – пытаюся, падыходзячы да яе.

– Таму што бачыла, як ты ператвараешся ў ваўка, а я ваўкоў ненавіджу, бо праз ваўка я няшчасная.

– Як гэта?

– Калі я жыла яшчэ з бацькамі, пасвіла гусі ў полі, воўк схапіў мяне і занёс у лясныя нетры, кінуў там, а сам знік. Блукала я па пушчы, плакала і крычала, не ведаючы, у які бок падацца. Раптам на мой голас прыляцела ў вобліку чорнае птушкі Аксіня, перамянілася ў кабету і, узяўшы мяне за руку, сказала:

– Ты не выйдзеш з гэтае лясное пустэльні. Нападуць на цябе дзікія звяры і разарвуць. Ідзі лепш у маю хату, у мяне жыць весела, штовечар скокі і песні. Ты ж маладая дзяўчына і, відаць, любіш паскакаць?

Не хацела спачатку яе слухаць, але, падумаўшы, што ў гэтых дзікіх лясах ніхто мне не дапаможа, згадзілася ўрэшце з яе прапановаю. Не ведаю, як я апынулася ў хаце ў гэтае чараўніцы. О, пракляты ваўкалак! Чаму ж ты мяне не разарваў ў лесе? Лепш памерці, чым быць цэлы дзень зверанём і толькі на хвіліну забываць пакуты.

Слухаючы Ганчыны нараканні, задрыжаў я ўвесь, імгненна ператварыўся ў ваўка. І адазваліся ў памяці: бацькава роспач, лямант няшчаснае дзяўчынкі, і сабакі пачалі рваць маё цела. Кідаюся ў лес, бягу ўсю ноч без спачынку – нідзе не магу схавацца ад жахлівага ўспаміну і пагоні тых страшных сабак.

Нясцерпнае зрабілася жыццё, нідзе не знаходжу спакою, бегаю ў роспачы па гарах і лясах; страціў ужо і надзею, што калі-небудзь хоць на хвіліну пакінуць мяне пакуты.

Блукаючы без адпачынку, прабягаў неяк ля палетка, дзе ў засені бярозы палуднавалі аратыя. Бачу: едзе па дарозе ксёндз, спыняецца, падыходзіць да сваіх парафіянаў. Пачалася доўгая размова пра розныя духоўныя рэчы: ксёндз іх павучаў, каб жылі між сабою ў згодзе і сяброўстве, даравалі адзін аднаму крыўды і не думалі ніколі пра помсту, бо помста найболей супярэчыць рэлігіі і агідная Богу. Яна прыніжае чалавечую годнасць да стану жывёлы, а дабрачыннасць і лагоднасць улагоджвае міласэрнасць Божую.

Схаваўшыся ў густым кустоўі, я чуў усе словы ксяндза і адразу вырашыў не толькі не шкодзіць людзям, але нават старацца ім служыць і дапамагаць у чым толькі змагу: а можа, і нада мною Бог злітуецца, душа ж мая несмяротная. З гэтымі думкамі і пакінуў ксяндза і аратых.

Прайшло некалькі дзён. Блукаючы, думаў сам сабе: што я магу зрабіць добрага ў такім пагарджаным усімі воўчым абліччы? Ледзь падыду да чалавечага жытла, як усе крычаць на мяне і сабакамі цкуюць, дык мушу як найхутчэй уцякаць у лес. Аднак жа не адмовіўся ад свайго намеру. Колькі разоў адганяў лісіцу, што падкрадалася да гусей ці індыкоў, якіх неабачліва пакідалі ў полі. Калі заўважыў непадалёку ад гавяды мядзведзя, дык выбег першы з лесу, каб адагнаць статак з небяспечнага месца і папярэдзіць пастухоў. Няраз адбіраў барана, якога воўк выхапіў з чарады якой-небудзь беднае ўдавы. Так жывучы, я крыху супакоіў свае думкі, мог ужо заснуць, хоць і ненадоўга; у сне мілыя мроі нагадвалі мне мінулае, калі быў яшчэ чалавекам.

Было гэта ў жніўні ў добрае надвор’е. Я блукаў у родных ваколіцах, калі на палетках даспела збажына. Недалёка ад сябе бачу Алёну. Яна жала на сваёй ніве, а на мяжы, лежачы на снапах, спаў маленькі хлопчык. З прыемнасцю глядзеў я на гэты малюнак, цешыўся, што Алёна шчаслівая, спакойна жыве са сваёю сям’ёю. Бог блаславіў іх гаспадарку, і жыта добра ўрадзіла на іх ніве. Пакуль я любаваўся на ўсё гэта, выскоквае з лесу воўк, хапае хлопчыка. На крык дзіцяці кідаецца матка.

– Ратуйце дзіцятка маё! – крычыць яна і падае непрытомная.

Я даганяю ваўка, адбіраю не пакусанае яшчэ дзіця, адношу да маткі. Суседзі, што прыбеглі на ратунак, дзіваваліся з усяго гэтага, а я ўцёк у лес.

Нейкае прыемнае пачуццё і ціхамірнасць ахінулі мяне пасля гэтага здарэння. Я лёг пад дрэвам і заснуў у салодкіх мроях. Вярнуўся ў сне ў сваю шчаслівую маладосць, і так мне было лёгка, што, як птах, пералятаў з месца на месца. Бачу перад сабою такі прыгожы сад, якога ніколі ў жыцці не сустракаў; гай, поўны птушынага шчабятання, а пёры на іх лепшыя і прыгажэйшыя, чым нашы вясновыя краскі; чыстыя крынічныя воды струменіліся тут і там; некаторыя дрэвы былі ў пахучай квецені, а на іншых даспявалі плады. Заўважыў на пагорку келіхі велізарных лілей, якія разлівалі прыемны водар. Толькі хацеў сарваць колькі кветак – з’явілася перада мною Ганка (сукенка на ёй белая, як лілея) і кажа мне:

– Не рві маіх кветак. Я садзіла гэтыя лілеі на сваёй магіле, палівала слязьмі сваімі.

І, сказаўшы так, знікла.

З саду пералятаю зноў у нейкую дзікую пустэчу; блукаю сярод стогадовых хвояў, ледзьве знаходжу сцяжынку, якая выводзіць мяне да нейкае велізарнае гары; хачу залезці на вяршыню, агледзець ваколіцы, убачыць адтуль вёску, дзе колісь была хата маіх бацькоў, але з усіх бакоў гары – бездань, якая не дазваляе ісці далей. Тут сустракаю нейкага Волата. Ён бярэ мяне за руку, загадвае ісці за ім, выводзіць з лесу на нейкае велізарнае поле, дзе крыжуюцца дарогі, і мноства там падарожных, што едуць або ідуць пеша. Узыходзім на пагорак, дзе была магіла. На ёй стаяў драўляны крыж, а непадалёку тырчала ўбітая ў зямлю рыдлёўка. Волат загадвае мне адкапаць магілу і дастаць адтуль мерцвяка.

Ахоплены страхам, выконваю ўсе Волатавы загады, дастаю з зямлі велізарны шкілет.

– Гэта будзе тваё цела, – гаворыць мне велікан. – Мусіш плакаць у ім, пакуль не паклічуць цябе да новага жыцця…

Я дрыжаў увесь ад страху, прасіў, каб даў мне спакой, але Волат моцна штурхнуў мяне, і я ўпаў на велізарныя грудзі шкілета, а разам з ім – у яму. Барукаючыся са смерцю, я прачнуўся.

Бачу: я – чалавек. Вопратка тая самая. Якую я надзеў колісь, ідучы на Алёніна вяселле. Не верыў, што гэта было наяве. Баяўся скрануцца з месца, абы толькі не зніклі такія салодкія мроі. Доўга быў я ў задуменні, падняў вочы да неба і дзякаваў Богу, што ўратаваў мяне ад таго жаху.

Падняўся я з долу з невыказнаю радасцю. Здавалася мне, што ўсе дрэвы і птушкі віншавалі мяне з новым жыццём. О, як соладка спазнаць міласэрнасць Божую! Жахлівы лёс чалавека можа зраўняцца са звярыным.

Калі гэтак апавядаў Якуш, певень заспяваў ужо другі раз. Пан Марагоўскі выняў з кішэні старасвецкі гадзіннік, падобны да сплюснутага шара.

– Ого, – кажа, – мінула гадзіна пасля паўночы. А што, пане гаспадар, ці не час ужо адпачываць? Усіх прыгод ад Якуша не выслухаеш; у яго іх на цэлы месяц, а да таго ж яшчэ любіць пагаманіць і гатовы не спаць да самага світання.

– Вялікі дзякуй, пане асэсар, што зрабіў мне гэтую прыемнасць. Скажу пану шчыра: такія апавяданні заўсёды мне да душы, асабліва калі ўмее хто іх добра расказваць. Якуш, мусіць чалавек кемлівы: і якую мае памяць незвычайную; ніводнае драбніцы з жыцця таго гаротнага Маркі не прапусціў. Але ж пан асэсар заўтра ад мяне не паедзе рана, бо як сам пан чуе, яшчэ вые вецер за сцяною, і хто ведае, можа, і заўтра будзе завіруха.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Похожие книги