Хаўстовіч Мікола - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях (зборнік) стр 4.

Шрифт
Фон

– Гэта падарожныя, – адказаў ён, – дуйка снегам замяла дарогу, і яны, блукаючы па возеры, не ведаюць, у які бок падацца.

Гаворачы гэта, ён узяў запаленую свечку і паставіў яе на падваконні.

Пан Завальня меў звычай рабіць гэта кожную завейную ноч ужо таму, што жыла ў ягоным хрысціянскім сэрцы любоў да бліжняга, і ён рады быў заўсёды гасцям, каб з імі пагаварыць і паслухаць іхнія гісторыі. Падарожныя, што заблудзіліся, заўважыўшы з возера агонь у вакне, цешыліся, як мараходы, змучаныя марскімі хвалямі, калі ўгледзяць здалёк сярод начное цямрэчы святло партовага ліхтара, цешыліся і з’язджаліся ўсе да сядзібы майго дзядзькі, быццам да прыдарожнае карчмы, каб пагрэцца і даць адпачынак коням.

Вецер не сціхаў, і дом, быццам высокія валы, акружалі снежныя сумёты; сярод шуму буры чуваць рыпенне снегу пад нагружанымі вазамі, стукаюць у зачыненыя вароты і крычаць:

– Рандар! рандар! Адчыні вароты; ахці, якая мяцеліца, саўсём перазяблі, і коні прысталі, чуць цягнуць. Рандар! Рандар! Адчыні вароты!

На гэты крык выходзіць парабак, незадаволены, што ўваліўся ў глыбокі снег:

– Пагадзіця, адчыню, чаго вы крычыця, тут не рандар жывець, а пан Завальня.

– Ах, паночык (думалі, што гэта сам гаспадар), пусці нас піраначаваць, ноч цёмная, нічаго не відна, і дарогу так замяло, што і найці няможна.

– А ці ўмеіце сказкі да прыкаскі?

– Да ўжо ш як-нібуць скажым, калі толька будзе ласка панская.

Адчыняюцца вароты, на падворак заязджае некалькі вазоў, насустрач выходзіць дзядзька і кажа:

– Ну, добра, будзеце мець вячэру і сена для коней, толькі з умовай, што хто-небудзь з вас павінен расказаць мне цікавую казку.

– Добрэ, паночык, – адказваюць сяляне, здымаючы шапкі і кланяючыся.

Вось выпраглі яны і прывязалі да вазоў сваіх коней, паклалі ім сена, зайшлі ў пакой для чэлядзі, абтрэслі снег, там далі ім вячэру; пасля яе сёй-той з іх прыйшоў у пакой да майго дзядзькі, ён даў ім яшчэ па кілішку гарэлкі, пасадзіў падарожных каля сябе і ўлёгся ў пасцель з намерам, аднак, слухаць казкі. Сабраліся сямейнікі, і я сеў паблізу, з вялікай цікавасцю жадаючы пачуць новыя яшчэ для мяне простанародныя аповесці.

Апавяданне першае. Пра чарнакніжніка і пра цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем

Не кожны чытач зразумее беларускую мову, дык гэтыя народныя апавяданні, якія пачуў я з вуснаў простага люду, вырашыў (наколькі змагу) у даслоўным перакладзе напісаць па-польску.

Падарожны гэты быў чалавек не маладых гадоў; валасы меў сівыя, але быў здаровы і моцны. Калі апавядаў пра сваё мінулае, здавалася, маладзеў; крыху падумаўшы, пачаў так:

– Не казку пану раскажу, а тое, што было ў сапраўднасці, што здарылася нават са мною. Горкім бывае часам нашае жыццё, але хто спадзяецца на Бога, – Бог злітуецца і ўсё пераменіць на лепшае. Бяда таму, хто, прагнучы багацця, прадае сваю душу пеклу.

У маладосці маёй, памятаю, мелі мы пана К. Г. Злы гэта быў пан, страшна ўспомніць, што ён рабіў: хлопцаў і дзяўчат жаніў і замуж выдаваў, не хочучы і ведаць ні пра іхнія сімпатыі, ні пра іх мінулае шчасце: ні просьбы, ні слёзы не маглі яго ўлагодзіць; вяршыў сваю волю, здзекуючыся з людзей без усялякае літасці, конь і сабака былі яму даражэйшыя, чым хрысціянская душа. Меў ён лёкая Карпу, злога чалавека; і яны абодва, спачатку пан, а пасля пахолак, прадалі свае душы д’яблу. А было гэта так.

З’явіўся ў нашым маёнтку – невядома адкуль – нейкі дзіўны чалавек. І цяпер яшчэ памятаю аблічча, твар і адзенне яго: нізкі, худы, заўсёды бледны, вялізны нос, як дзюба драпежнае птушкі, густыя бровы, пагляд яго – як у чалавека ў роспачы ці вар’ята, апранахі яго – чорныя і нейкія дзіўныя, зусім не такія, як у нас носяць паны ці ксяндзы; ніхто не ведаў, ці быў ён свецкі, ці манах які, з панам размаўляў на нейкай незразумелай мове. Пасля адкрылася, што гэта быў чарнакніжнік, які вучыў пана рабіць золата і іншыя д’ябальскія штукі.

І хоць у той час я быў зусім маладзён, аднак мусіў адбываць у маёнтку чаргу начнога вартаўніка, абыходзіць усе панскія будынкі і стукаць малатком у жалезную дошку. Няраз бачыў, як акурат апоўначы ў панскім пакоі гарэла святло, і ён там з чарнакніжнікам пастаянна быў нечым заняты; усе заснулі, і ціш панавала на панадворку, над дахам панскага жылля сюды і туды снавалі кажаны і нейкія чорныя птушкі. Сава, апусціўшыся на дах, то рагатала, то плакала, нібы немаўля. Мяне апанаваў люты страх, але калі перажагнаўся, пашаптаў пацеры, – зрабілася крыху лягчэй, і, адчуўшы ў сабе больш смеласці, вырашыў я ціхенька падысці да панскага вакна і паглядзець праз шыбу, што яны там робяць. Толькі падышоў, як ля сцяны ўбачыў жахлівую пачвару. Страшна ўспомніць, гэта была велізарная жаба-рапуха. Яна кінула на мяне вогненны позірк. Я адскочыў назад, пабег, як шалёны, прэч і ледзьве спыніўся праз дзве сотні крокаў. Увесь дрыжаў. Мне падумалася, што гэта шатан у абліччы таго страшыдлы пільнаваў вокны майго пана, каб ніхто не ўбачыў сакрэтаў, якія там чыніліся. Я змовіў «Анёла Божага»[36] і хоць ноч улетку была ясная і цёплая, дрыжаў, нібы на марозе. Дзякуй Богу, што хутка заспяваў певень, патухла святло ў пакоі, і я, крыху ўжо супакоіўшыся, дачакаўся ўсходу сонца.

Другое здарэнне таксама было дзіўнае. Я сек у лесе дровы. Сонца заходзіла. Гляджу: ідуць па дарозе пан з чарнакніжнікам і раптам павярнулі да густога яловага лесу. Я, маючы цікавасць, крадуся ціхенька следам і хаваюся за дрэвам, будучы ўпэўнены, што там павінны дзеяцца нейкія чары. Усюды ціха, толькі дзесьці далёка стукае дзяцел на спарахнелым дрэве. Бачу: на старым вывернутым дрэве сядзіць пан, каля яго стаіць чарнакніжнік і трымае за галаву велізарную гадзюку, якая чорнай стужкаю абвіла яму правую руку. Не ведаю, што было далей, бо я ад страху ўцёк.

Трэцяе здарэнне было яшчэ страшнейшае. Хоць я яго і не бачыў, аднак чуў ад надзейных людзей, дый пра гэта гаварылі ва ўсіх навакольных вёсках. Апоўначы наш пан, той госць шатанскі і лёкай Карпа ўзялі ў аборы чорнага казла, завялі яго на могілкі. Кажуць, што выкапалі яны з магілы наўца,[37] чарнакніжнік надзеў на сябе нябожчыкаву чамарку,[38] забіў казла і яго мясам і крывёю адпраўляў нейкія страшныя ахвяры. А што там дзеялася тае начы, нельга ўспомніць без страху. Казалі, што нейкія страшыдлы запоўнілі ўсё неба, нейкія звяры, падобныя да мядзведзяў, дзікоў і ваўкоў, бегалі вакол, равучы так, што пан і Карпа ад страху знепрытомнелі і пападалі на зямлю. Не ведаю, хто іх прывёў да прытомнасці, але пасля тае страшнае ночы чарнакніжнік знік, і ніхто яго потым не бачыў. Пан увесь час маркоціўся, хоць меў шмат золата і іншага багацця – чаго толькі не захоча – усё ёсць; зрабіўся яшчэ больш люты, ніхто яму дагадзіць не мог, нават Карпу выгнаў з маёнтка.

Калі падарожны апавядаў гэта, дык было чуваць, як шапталіся слухачы: «Вот ужэ страх так страх, аж мароз па скуры падзіраець». І дзядзька адазваўся такімі словамі:

– Мусіць, спачатку ён быў фармазонам[39] ці пабратаўся з недаверкамі,[40] а чалавек без рэлігіі на ўсё гатовы. Але што ж далей?

Падарожны апавядаў далей:

– Карпа, выгнаны з маёнтка, аддадзены быў у работнікі аднаму заможнаму гаспадару. Ды там ён болей замінаў, чым быў памочнікам, бо, жывучы з дзяцінства ў маёнтку, зрабіўся лайдаком, да таго ж упартым і неслухмяным. Да аканома часта даходзілі скаргі, і той пераводзіў яго з аднае хаты ў другую, але нідзе не мог ён застацца надоўга. Нарэшце Карпа папрасіў аканома заступіцца за яго перад панам, каб далі яму хату і колькі дзесяцін зямлі, бо калі ён сам зробіцца гаспадаром, дык будзе, маўляў, больш старанны. Пан згадзіўся. Пабудавалі яму новую хату, адрэзалі лепшае зямлі, далі пару коней, колькі кароў ды іншае жывёлы на развод. Урэшце задумаў ён жаніцца. Але ніводная гаспадарская дачка не хацела ісці за яго, бо ніхто ні на яго, ні на ягоную гаспадарку не спадзяваўся, бо ведалі ўсе, што ў яго ні веры, ні Бога ў сэрцы няма.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3