Напачатку Назару падабалася тут – жыць у Ніжняй Кулумчы было і цяжэй, і прасьцей, чым у горадзе дзяцінства. З пазачалавечым сьветам ён заўжды меў неблагія стасункі, а людзі ў гэтым пасёлку не выдумвалі нічога мудрагелістага. Пілі, нараджалі дзяцей, працавалі да поту № 7, сьпявалі песьні ўсё таго ж заслужанага кампазытара Івана Хруля. Аднак у тым далёкім цяпер горадзе заставалася шмат неразгаданых таямніцаў, і запаветны Назараў успамін, хаця й спавіла яго, нібы воблак гару Кулум на даляглядзе, нечаканая зьмена месца жыхарства, прачынаўся часам уначы й пёк, пёк, пёк. І тады будні, школа, футбол, камсамол, стэп, дзе няма куды схавацца, і грудастая крэолка Даша Мірзабекава падаваліся тым пяском, якім заносіла Ніжнюю Кулумчу ў ліпені, і сьвятло кінапраектара ў кінатэатры імя Жданава запальвалася за сьпіной, нібы за Назарам гнаўся нехта зь бязьлітасным ліхтарыкам, каб урэшце куды-небудзь ды прывесьці.
14
Мы ўсе падобныя да знакамітых людзей, хаця б звонку. Няхай не цалкам, няхай не да кагосьці пэўнага, а адразу да некалькіх. Я даўно думаю пра тое, што пры апісаньні якога-кольвечы чалавека няма патрэбы карыстацца грувасткімі й састарэлымі прыметнікамі. Дастаткова сказаць: “Ён быў падобны да…” і ўсім адразу ўсё стане зразумела. Чалавек паўстане перад намі як жывы. У адной маёй сяброўкі быў пудзель, у профіль поўная копія Сяргея Ясеніна. Праўда, сьпераду ён больш выдаваў на вядомага кожнаму верніку тутэйшага мітрапаліта, а ззаду нагадваў кампазытара Івана Хруля. Сама сяброўка была падобная да Антоніё Бандэраса і, адпаведна, лічылася рэдкай прыгажуняй.
Назара Мінуса ў ягоныя дваццаць два было не адрозьніць ад Энтані Хопкінса ў зэніце славы. Зрэшты, пра гэта ведаю толькі я.
15
Ён дажыў да заканчэньня школы нібы ў сьне: матэматыка, што выглядала кашчунствам між дзікай тутэйшай неабсяжнасьці, таропкі ананізм у сваёй каморцы пасьля заняткаў, пакуль усе на працы, экскурсіі ў суседні горад, практыка на чыгунцы. Выбухам васямнаццацігодзьдзя Назара адкінула на два халодныя гады за пару тысячаў кілямэтраў на ўсход. Выдрэсыраваны школай, ён неяк перажыў гэты вар’яцкі час і ягоны гідкі гумар. Вяртаньне дахаты прынесла навіны: цяпер бацька жыў праз вуліцу зь юнай карэспандэнткай “Кулумчанскага чыгуначніка”, а маці зь цёткай пілі па начах чырвонае спэцыяльнае. Малады начальнік жэку па тэлефоне павіншаваў Назара з дваццаць першым годам жыцьця – знаёмы ад пачатку сьвету голас паведаміў з ганарлівасьцю, што цяпер ён ні хто іншы, як дэпутат гарсавету. Маці плакала. Назараў бацька зашпільваўся на ўсе гузікі й крычаў пра таталітарызм. Даша Мірзабекава выйшла замуж за начальніка станцыі. Назар плюнуў і зьехаў у сталіцу імпэрыі вучыцца.
“Вось, паглядзі, – кінулі яму аднойчы праз плячо ў інтэрнацкім калідоры. – Там сёньня тваю радзіму, блін, другі раз паказваюць”. Назар тэлевізар глядзеў рэдка, газэтаў не чытаў, аднак ведаў, што цяпер ягоная радзіма не радзіма ўжо, а Рэспубліка Радзіма, і зь вялікімі літарамі ўсім даводзілася лічыцца. На факультэце гаварылі пра разгул нацыяналізму й мянялі камсамольскія значкі на праваслаўныя крыжы; на вуліцах сталіцы яшчэ нядаўна стралялі, пад вокнамі жаночай часткі інтэрнату штораніцы зьяўляўся мужык у паліто, накінутым на голае цела – ён распахваў крысьсё й гучна сьмяяўся, а калі яго спрабавалі спаймаць, мужык бег у парк і пакрыўджана крычаў: “Не чапайце мяне, я сэксуальная меншасьць!”. Назар падыйшоў да тэлевізара, прысеў на кукішкі. На экране грукаталі танкі, біліся ў гістэрыцы сьцягі, нехта няўлоўна знаёмы ў залатой фуражцы велічна ўздымаў руку, а за ягонай сьпінай смутна ўгадваліся абрысы кавярні “Вавёрачка”. “Скажы што-небудзь па-бумску”, – хіхікнуў з кута сакурсьнік у есаульскай форме. Чалавек на экране цяпер размаўляў з народам, голас ягоны саграваў сэрца й вяртаў туды, у незабруджаную загадкамі самоту, у адзінае месца ў сусьвеце, дзе Назар быў самім сабой. Ад таго самага практыканта жэку ў чалавеку ў фуражцы засталіся хіба вочы – кожны раз, калі начальнік Радзімы казаў зь вялікай літары, яны наліваліся праўдай і блішчэлі, як у нутрыі.
Наступны дзень Назар прапіў, прасядзеўшы да зорак ў таннай сталічнай ташнілаўцы, а ноч прабавіў у пакоі інстытуцкай сяброўкі. Раніцай, калі яшчэ толькі выпаўзала з-за крамлёўска-кромвэльскіх зубцоў дэмакратычнае сонца, ён выйшаў у непрыбраную сталіцу й пашыбаваў у накірунку вакзала.
16
Сьмерць у сваіх дачыненьнях з Назаравай цёткай улічыла яе прафесійныя заслугі й напаткала пажылую кулумчанку акурат на чыгуначных рэйках, пад коламі цягніка, на якім калісьці прыехала сюды Назарава сям’я. Бацька, які з былым імпэтам арганізоўваў у ва ўсіх трох Кулумчах ячэйку нейкай апазыцыйнай партыі, не пазнаў Назара; магілу маці паказалі яму суседзі. Назар прагуляўся да плошчы, дзе цяпер вісеў зусім новы сьцяг. Назарава таямніца, пазбаўленая бачнага ўвасабленьня, ныла ўнутры й выклікала яшчэ большую разгубленасьць. Людзі вакол гінулі за мэтал, за мэдаль і за мэтан. Ён стаяў між роўных штабеляў загадак і ня бачыў выйсьця. Вецер кідаў яму ў твар сухі пясок – жменю за жменяй. І тут зь нябёсаў пачуліся воплескі.
Назар абярнуўся. Нехта незнаёмы наклейваў на шчыт ля Дому культуры новую кінаафішу. Край яе адрывіста пахлопваў пад парывамі ветру. Чалавек адыйшоў, палюбаваўся на сваю працу й зьнік унутры будынку. Назар падыйшоў бліжэй. “Затрымаць любой цаной” – было напісана на афішы ахайным жаночым почаркам. “Худ. фильм. Нач. 20.00”.
Ён узяў у кладоўцы свой стары ровар і паехаў на салёнае возера. На адзінай аўтамабільнай дарозе, якая вяла да гары Кулум, было цесна. Доўгай чарадой па ёй цягнуліся нецярплівыя джыпы й пакорлівыя масквічы. Ля возера, захінаючы бульдозэры й бэтонныя блёкі, стаяла здаравенная палатняная бандура з паведамленьнем аб будаўніцтве каля Ніжняй Кулумчы санаторыя “Жывая вада” і стварэньні ажно да Кулуму суцэльнай лячэбна-курортнай зоны. Праз тыдзень Назар прадаў цётчын дом лупатаму дзядзьку, былому намесьніку дырэктара заводу, хвораму на псарыяз і трохі разгубленаму ад нечаканага багацьця, што нядаўна звалілася на ягоную галаву, і зьехаў з Кулумчы назаўжды.
17
Калі б не Назар Мінус, я бы дагэтуль. Страшна нават падумаць, што б я дагэтуль. Нават не магу сабе ўявіць, што я дагэтуль бы. А цяпер я біёграф вялікага, без сумненьняў выбітнага чалавека. Раней я шмат чытаў, і ўрэшце захварэў на беспрычынную роспач. Тады я стаў пісаць, зранку перачытваў напісанае й мне станавілася яшчэ горш. Мая жыцьцёвая прастора звужалася. Мае ўласныя пінжакі пагражалі мне расправай, я кленчыў грошы ў заўзятых ворагаў, у тых, з кім бы год таму за адзін стол ня сеў, на ноч я клаў пад падушку нож. У маім пакоі вісеў на сьцяне чачэнскі сьцяг, а з раніцы ў лазьніцы я адплёўваўся крывёй.
Так працягвалася да той пары, пакуль я… Зрэшты, як пісалі ў старых, цяпер забароненых кнігах, пра ўсё па парадку.
Частка другая
Жыціе сьвятога К
18
Дзякуючы кіно мінуўшчына ўяўляецца нам чорна-белай; чорнымі былі робы тых палонных немцаў, якія ўзімку 1948 году пачалі будоўлю пяціпавярховіка на вуліцы Ўзорнай, і бела, белым-бела сьвяціліся на кадрах кронікі яго сьцены ў жніўні, калі аб’ект здавалі ў эксплюатацыю. Тады будавалі шпарка. У верасьні каля двухсот чалавек сьвяткавалі тут улазіны: усё як мае быць, зь дзіцячым плачам, песьнямі, скокамі й бойкамі. Дом атрымаўся шыракагруды, з ордэнскімі планкамі невялікіх балькончыкаў, з шырокімі пляцоўкамі, высокімі столямі, узараным дваром, дзе выцьвіталі на сонцы гімнасьцёркі й юныя дрэўцы, ды праставатай фігурнай ляпнінай, якая апярэзала дах. Праўда, першы паверх першага пад’езду новага дому на Ўзорнай так ніхто й не заняў – пляніроўка гэтай часткі дому прадугледжвала нейкія грамадзкія памяшканьні. Жыхары спадзяваліся, што там адчыняць булачную, аднак высьветлілася, што ўсё значна весялей. З новага году пад спачывальняй сям’і члена парткому зборачнага цэху матацыклетнага заводу тав. Грышука, на адзін цагляна-бэтонны мэтр уніз ад ножак шлюбнага ложку, пачала працаваць кіназаля.