Бахаревич Ольгерд Иванович - Праклятыя госці сталіцы стр 9.

Шрифт
Фон

“Усё зразумела”, – падумаў ён, падыходзячы. “Усё, усё зразумеленька. Людзі-коткі. Галівуд. Мне, як заўжды, не пашанцавала”. Аднак катоў ён болей не спаткаў. Мэтро было прахалодным, Даражок атрымаў па левым калене, калі паспрабаваў прайсьці бясплатна – ён абыйшоў турнікеты бясьпечным шляхам і прысеў на лаўку у цэнтры плятформы. У яго было такое адчуваньне, што цяпер ноч і ён чакае апошняга цягніка. Аднак была раніца, і калі ён і мог куды-небудзь адсюль зьехаць, то толькі з глузду. Гадзіньнік добрасумленна паказваў час. Калі Даражок хацеў пасьпець на сустрэчу, яму трэба было сьпяшацца.

Ён вярнуўся наверх, прайшоў па Абрыкосавай, зьвярнуў на Вінаградную, пастаяў у ценю на Цяністай. На вуліцах былі прыпаркаваныя машыны, блішчэла шкло, віселі расклады працы крамаў і прадпрыемстваў. Зьнерухомеў тралейбус у тралейбусным парку (мэханік, гад, пераблытаў правады). Застыў з раскрытымі абдымкамі перад школай экскаватар. Імкнуліся ўкусіць сябе за хвост сьцягі на афіцыйных установах. Паўзла кудысьці рака. Абурана азіраліся вакол помнікі. У горадзе гаспадарылі сонер і ветра. Плястмасавыя крэслы стаялі на століках у непрыстойных позах. І толькі вучоны хамяк Сапіенс кудысьці падзеўся.

Ад станцыі да плошчы пешшу – тры гадзіны. Даражок ішоў, зусім ужо вар’яцеючы, прысаджваўся на лаўкі, прыпальваў, карыстаючыся чырвонай запальнічкай, скрадзенай у прыватнага прадпрымальніка Губанава, крочыў па тратуары, строга выконваючы правілы дарожнага руху. І толькі на мосьце ня вытрымаў, спыніўся, стаў на бэтонную тумбу й закрычаў у горад:

– Аўтара! – як быццам ён так ужо хацеў аўтара. На скрыжаваньні Даражок павярнуў туды, дзе месьцілася кантора – ён зьбіраўся сёньня быць там, гаварыць, дыхаць, пакідаць сьляды на падробным паркеце. Каля пад’езда стаяла раскошная, як маладая афрыканка, машына. Даражок асьцярожна ўвайшоў, нават пагрукаў перад тым як увайсьці ў прыёмны пакой. Але нарвацца на вокрык у гэтым горадзе было ўжо немагчыма. Па прыёмным пакоі кружляла звонкая муха. Ён, парыпваючы падэшвамі, прайшоў у кабінэт. На стале ляжаў адгорнуты блякнот, і ў ім, сярод мноства выдуманых, няісных прозьвішчаў і імёнаў, аптэкарскім почыркам было выдрапанае і імя Даражка. Спазьніўся на дзьве з паловай гадзіны. Аднак гэта было ўжо няважна. Толькі цяпер ён зразумеў, што застаўся ў горадзе абсалютна адзін.

33

Сто разоў уяўляў сабе тэрарыст Ягорка, як кідае бомбу ў царскі экіпаж, аднак у вырашальны момант разгубіўся, зьняў капялюш ды пакланіўся па-рабску ў пояс танаванаму шклу вокнаў – і пашыбаваў прэч, праклінаючы сябе; утапіў пякельную машынку ў ставе на Патрыяршых, вярнуўся ў свой стылы пакойчык на Мойцы ды павесіўся на кальсонах. Тысячу разоў думаў калісьці Даражок пра тое, што ён зробіць, калі патрапіць у рай адзіноты, а цяпер усё пайшло неяк наперакасяк, і зьдзяйсьненьне самага важнага, здавалася, можна лёгка пакінуць на бясконцае потым – пасьпеецца – а цяпер дазволю сабе адпачыць. І былі ягоныя дні занятыя дзіўнымі й дробязнымі справамі, і горад быў вялікі, пакорлівы й паслужлівы; і Даражок марнатраўнічаў, як хацеў. Пра тое, што Яны могуць раптам вярнуцца, думаць неяк не хацелася; гэтак ня хочацца ў выходны дапускаць існаваньне панядзелка, гэтак у ложку з жанчынай ня верыш, што яна можа ад цябе калі-небудзь сысьці. Вечная нядзеля, пэрманэнтнае сьвята; вясельны абед на адну пэрсону.

Што ён рабіў у першы тыдзень сваёй доўгачаканай адзіноты, ён, Даражок, шчасьлівы й трохі зьбянтэжаны ўладальнік уласнага гораду, нібы незабыўны ад самага дзяцінства Кармадзі з кнігі “Прадаецца плянэта”? Сьнедаў у “Італьянскім куточку”, на адкрытай тэрасе, абедаў у малой залі рэстарацыі “Патсдам”, вячэраў у “Таджыцкай кухні” – сам сабе кухар, сам афіцыянт, сам кліент. За першыя два дні паглядзеў усё тое модна-жорсткае кіно, на якое калісьці не ставала грошай. Пераспрабаваў мора цыгарэтаў і ўрэшце спыніўся на “Лакі страйку”; адзін дзень Даражок не паліў зусім – абкурыўся паганымі й дарагімі цыгарамі. Пасядзеў у прэзыдэнцкай ложы на стадыёне. Лянотна пагартаў шыкоўныя выданьні ў “Сьвеце кніг”, аднак жаданьне чытаць, дагэтуль дастаткова моцнае, зьнікла як і не было, і Даражок, пазяхнуўшы, падумаў: “Потым”. Нічога не чапаючы, пахадзіў па некалькіх незачыненых кватэрах у цэнтры, неўзабаве ўсё ж ня вытрымаў: пакахаўся зь нечымі ачмуральна-кужэльнымі майткамі, асьцярожна выцершы за сабой; сунуў у кішэню суворага выгляду пісталет, аглушыўшы вечарам таго ж дня ў парку сям’ю разамлелых ад цішыні качак (страляў ён, натуральна, не па птахах, а па піўных келіхах, выстаўленых на каменны парапэт – сем стрэлаў, і ўсё міма); пасадзіў на плячо зусім нерэальнага нават у гэтай казцы ручнога ворана, які еў асірацелых прусакоў у трохпакаёўцы каля цырку; ахайна, строга захоўваючы пасьлядоўнасьць, праз роўныя прамежкі часу перакалаціў малатком дваццаць восем гліняных галоваў, раскіданых па нечай майстэрні; у другой майстэрні натрапіў на надзіманага чалавека, фігуру якога складалі штук дваццаць вялізных поліэтыленавых пакецішчаў: усьмешка, рот, вочы, нос, рукі й гэтак далей; гуляў у нейкае падабенства сквошу сам з сабой на могілках, прайграўшы ўсе партыі; зрабіў на цэнтральнай плошчы вогнішча з газэтаў (думаў, атрымаецца вялікае), падняўся на трыбуну й доўга стаяў, выкінуўшы руку ў фашыстоўскім прывітаньні (з трыбуны вогнішча выглядала убога); накарміў нейкага зусім ужо лядашчага ката дэлікатэсамі й ледзь уцёк ад зграі ягоных суродзічаў, якім заставалася, відаць, няшмат часу, каб навучыцца самім пранікаць у запаветныя сховы; патрынькаў трохі на “Фэндэры”; перапіў абсэнту і глупым чынам заснуў на падлозе ў адзьдзеле цацак самага буйнога супэрмаркету.

34

Спачатку Даражку было жудкавата адчуваць сьпінай гэтыя скіраваныя штохвіліны толькі на яго н і ч ы е позіркі – можа, таму ён гэтак імкнуўся рабіць як мага болей шуму, можа, таму ён стараўся ні на імгненьне не заставацца цалкам цьвярозым.

Жыў ён цяпер у сьціплым, але чыстым, як правінцыйны бардэль, гатэлі “Пераможца” – і ўсё таму, што тут некалі, падчас ягонай вучобы ва ўнівэрсытэце, спыняўся сам Эліс Найтмар, ужо ў тыя дні занадта стары й незапатрабаваны, каб граць дзе-небудзь яшчэ, апрача як у гэтым горадзе; Дзядзьку Найтмара ў сталіцы памяталі хіба што толькі саракагадовыя пярдуны, а вось у Неглыбокім яго круцілі на кожнай дыскатэцы. Дзядзька Найтмар даў тады адзін канцэрт у Палацы спорту, на які Даражок хадзіў з Драпковічам і ягонай сяброўкай, але ў памяці засталося газэтнае: “Эліс Найтмар, рок-зорка 70-ых, будзе начаваць у нумары 79 гасьцініцы “Пераможца”. Цяпер Даражок спаў на тым жа ложку, на якім дрых калісьці СупэрАнкл. Калі гэта было? Піць абсэнт, глядзець зь сёмага паверху на тое, як Даражокбург падстаўляе плечы травеньскім маланкам, уварочвацца ад пранізьлівага погляду ворана. Яны ня вернуцца. Ніколі.

35

У сераду Даражок напісаў першую карціну, адшукаўшы патрэбныя прылады ў адным сьмярдзючым падвале: свой аўтапартрэт – атрымаўся нехта падобны да маладога Ганібала Лектара. Ён павесіў карціну ў пакоі, дзе калісьці жыў Драпковіч, – палова дня была патрачаная Даражком, каб узламаць дзьверы. Раніцай наступнага дня Даражок сабраў па некалькіх буціках стос рэклямных картонных хлопцаў з дэзадарантавымі ўсьмешкамі й расставіў па ўсёй вуліцы Молатава – узьняўся вецер, некаторыя пападалі, зьбіваючы астатніх. Увечары ён паглядзеў тэлевізар: Арафат быў хутчэй жывы, чым мёртвы, вёска адраджалася, а апазыцыя занепадала, і людзі адзначалі свае маленькія перамогі, і горад, гаспадаром якога быў цяпер Даражок, здаваўся на экране больш рэальным, чым насамрэч. У інтэрнэце спрачаліся, каму быць трэнэрам сборнай краіны па футболе. На наступны дзень Даражок патэлефанаваў бацькам у Неглыбокае. Слухаўку ўзяла маці: сам зьдзіўляючыся, ён пачаў вярзьці нешта пра падвышэньне заробку, а тая, нібы адчуўшы перагар з сынавага роту, завяла вечную сваю песьню: ня пі, ня пі. У суботу Даражок загрузіў тое-сёе ў новенькі пікап і паехаў да кальцавой дарогі. Сонца імчала наўздагон; воран безуважна паглядаў у люстэрка задняга агляду. Зьлева зьявіліся аграмадзіны шклозаводу – Даражок не зьмяншаючы хуткасьці разьвярнуўся й паехаў назад да гораду. Указальнік на ўзбочыне выглядаў дзіка, яшчэ глупей – бэтонныя літары “Сардэчна запрашаем!”, што стоўнхэнджам грувасьціліся на ўзгорку.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3