Вольныя людзі прапускалі нас на станцыях як на вайну. Апраненыя бедна жанчыны вынасілі вёдры вады, бегалі па колькі раз, не шкадуючы турбацыі, каб толькі мы ўсе напіліся. Беленькія паненкі, калі такія, што гаманілі па-расійску ці па-яўрэйску, а не па-польску, кідалі нам у вагоны краскі, а як цягнік адыходзіў, махалі хустачкамі і крычалі нешта вясёлае.
Начою ў вагоне пісары нашы і з пару «гарохаў» ізноў пілі гарэлку – быццам бы гарбату, з кацялкоў, – але ў вайну ўжо не мелі веры, казалі, што вайны напэўна не будзе, і шкадавалі, што без пары скончыўся лагер. Страшэнна лаялі за гэта як немцаў, так і сербаў.
А газет я так і не мог нідзе дастаць.
Прыехалі мы на другі дзень раніцаю. Цяпер ужо я станцыю не разглядаў, і яна не была нудная, апаленая сонцам… Пачалося выкладанне рэчаў, пераезд і ў казармы, і ў склады, і ў арудзійны парк. А быў пыл, а бруд, а лаянка! Куды ні сунься – крыкі, громазд, куламеса…
На мяне ўсе забыліся, і я быў рад, што магу не лезці ў вочы без патрэбы.
Кінуў я ўвесь клопат і пайшоў на бераг Нёмну. Шчыпаў там у кустах арэхі, знайшоў колькі ягадзінак, спозненых сунічак, любаваўся з высокага берагу на прыгожую Нёмнаву вадзіцу. Было тут ціха і супакойна – і не хацелася ні аб чым думаць.
Па абедзе загадалі мне схадзіць у акалодак – больніцу для хворых салдат – на медыцынскі агляд, што бывае кожнаму новапрыбыламу ў батарэі.
Ідучы туды, я разважаў, як малое дзіця: «А вось знойдуць у мяне якую-небудзь загану ў грудзёх – і забракуюць… Паеду назад! Якое шчасце!»
Там я доўга чакаў у невялікім пакоі, дзе на жалезных ложках, на голых сенніках і на падушках з сена, без посцілак і наўлачак, ляжала чалавек пяць нядужых. Пад ложкамі валяліся кінутыя боты і ўсякія транты, а на шафках, што служылі і заместа столікаў, я ўбачыў у адной кучы і шапку, і паяс, і кубак піць, і пляшачкі з лякарствамі. Мухі так ліплі; рамы былі падвойныя, з дужа пыльнымі шыбамі, і яны ляцелі адтуль, абнялі крошачкі цукру, садзіліся хворым на нос і ў вочы. Хворыя ляжалі моўчкі, заплюшчыўшы вочы, – спалі, ці што.
Жаль агарнуў мяне.
Недзе пабегаўшы, з'явіўся салдат-прыслужнік. Ён ні слова не сказаў мне, прыткнуўся на табурэтку, дастаў з кішэні пушачку ад ваксы, дзе меў махорку, і стаў круціць цыгарку. Круціў і пяяў сабе пад нос з самым тупым выглядам:
Потым курыў, а курачы, мыском боту пароў у ражку бліжэйшага сенніка… Пільна разглядаў, як сыплецца адтуль дробная, пацёртая саломка. Курыў доўга, а дакурыўшы, паклаў недакурачак на падлогу, напляваў на яго, старанна лучаючы, і расцёр падэшваю аж да чорных шнуроў на брудным цэменце. Тады крыкнуў:
– Сурай, а Сурай! Перавярніся ты на другі бок: зараз камісія прыйдзе аглядаць цябе.
Хворы татарчук скасіў мутныя, пачырванелыя вочы на шырокім, замшэлым ад валосся твары, кінуў у наш бок безуважны погляд, нічога не прамовіў і з трудам лёг на другі бок.
Другі хворы, даўгі і сохлы, збялелы насмерць, нечакана злез з ложка і на маёй роднай мове сказаў прыслужніку:
– Мулка… I пасунь ты сюды…
Ён паказаў, каб пасунулі ложак. Гэта, відаць, былі яго хворыя верадаванні. Ужо насілу стаяў, узяўшыся за край століка; ногі ў яго дрыжэлі.
Прыслужнік слухмяна ўзбіў сяннік, нарабіўшы пылу, тады страсануў убогую салдацкую коўдру, пасунуў дзеля віду ложак, пасобіў яму легчы і ласкава пакрыў яго коўдраю. Калі ўсё ізноў сціхла, прыслужнік падміргнуў мне, ухмыльнуўся і даволі голасна шапнуў:
– Во каму вайна не страшна…
Я нічога не адказаў, і горкі жаль яшчэ гаршы ахапіў мяне.
Аж нарэшце прыйшоў фельчар – лысы рыжавусы і з мяжджэрыстым, але добрым тварам немалады салдат. Першым чынам ён накрычаў на прыслужніка:
– Якога чорта, самдзеле, ты нічога тут не робіш? Прыбраў бы хоць троху… Бяры мятлу, мяці!
Потым запісаў мяне ў больнічную кнігу і сказаў мне:
– Ну і ўсё. Можаце ісці.
Ніякага мне агляду так і не было. Я ішоў назад збянтэжаны і ў брыдкім настроі.
Мост
16 ліпеня ўвечары батарэя наша (гарматы і частка страявых людзей) выехала на пазіцыю: вартаваць ад нямецкіх аэрапланаў чыгуначны мост на Нёмне, вярсты за дзве ад казармаў.
У казармах не спынялася незвычайнае безгалоўе, не было дзе прытуліцца, і я выпрасіўся на пазіцыю.
Першы раз начаваў я з батарэяю ў полі. Але начаваць было добра, бо мы, тэлефаністы, паставілі сабе нанач маленькую будачку-палатку.
Я дзяжурыў пры тэлефоне і заснуў з тэлефоннаю трубкаю ў руцэ. Спаў… прахапіўся раптам: нехта дыргануў ад мяне апарат! Я спалохаўся, што ён сцягне апарат, і кінуўся бегчы шукаць… Бег, бег… дзе ж парваўся дрот? Быў я ў шынялі, з рэвальверам і кінжалам на паясе; цераз плячо вісела скураная каліта з прыладамі звязваць дрот і абкручваць яго ізаліроўкаю. Я замарыўся – і балазе угрэўся, бо спаць было трошку сцюдзёнавата.
Як ішоў ціха назад – агледзеўся. Месяц. Ядрана. Туман у доле. Шуміць цягнік. Машына: пых-пых! пых-пых! пых-пых! А колы грымяць: гру-ру-ру! гру-ру-ру! гру-ру-ру!.. Хораша! Супакой і хараство агарнулі мяне. Варта жыць на свеце!
Потым я ізноў лёг і смачна спаў, без усякіх перашкод і без трывогі ў сэрцы.
Прачнуўся дужа рана і быў рад добраму надвор'ю і харошай відалі, што раскінулася далёка вакол пазіцыі. Батарэя стаяла на высокай горцы. За ганей трое відаць быў жалезны мост на Нёмне, які мы вартавалі. На вялікай узгоркаватай раўніне – хутаркі, дарогі, Нёман, тырчэла вярхамі дамоў і высокімі касцельнымі вежамі мясцечка. Ад Нёмна ўгару, па равах і курганах – лес, лес, далёка, аж пакуль яго зялёная каёмка не ахоплівае ўсю відаль.
Тым часам ліха на свеце расло, і мы штодзень даведваліся што-што новенькае, што гнала думку ад навакольнага хараства ў зусім другі бок.
У той жа дзень, 17 ліпеня, па абедзе прыйшоў з батарэі пасланец і прынёс нам навіну, што абвешчана мабілізацыя.
Дзяжурыў якраз паручнік Пупскі – кароценькі, шчарбаты, насмешлівы і злы, самы нялюбы афіцэр у батарэі. Ён скамандаваў нам усім: «Сюды! Бягом!» Мы збегліся, і ён сказаў прамову аб мабілізацыі – з уласцівым яму чарнасоценным духам. Але салдаты мала чаго зразумелі з яго слоў.
– Дык мы на Сербію? – спытаўся адзін зусім ужо па-дурному.
– Не на Сербію, а на Берлін пойдзем! – не дужа здзівіўся на гэткую няцямлівасць паручнік Пупскі.
– Куды ж гэта, ваша благародзіе?
– На нямецкую сталіцу… разумееш ты, шляпа?
А той аж засмяяўся, што паручнік злаяў яго так па-вайсковаму ласкава: шляпа!
18-га ліпеня пачаўся пабор запасных, і Гірша Беленькі, які цяпер таксама быў тэлефаністам, пераказваў мне па тэлефоне з наглядальнага пункту ля мясцечка, што ён там чуе і бачыць. «Братачка! За Нёманам у мясцечку бабы плачуць, запасных прапускаюць. Першага ўзялі а пятай гадзіне раніцы. Жонка адарвацца не магла, людзі адарвалі…» – «Дрэнна!» – «Дрэнна, братачка! Але нічога! Цяпер, відаць, лягчэй пайшло: міма мяне многа запасных едзе ў павет на мабілізацыю, дык смяюцца, шапкамі мне махаюць… Ах, братачка, жывём?» – «Жывём!» – крычу і я яму ў тэлефон. I чую, смяецца ён, – смяюся і я. Беленькі з выгляду зусім не беленькі, а рыжы і незвычайна вяснушчаты. Галава, твар, нос, вочы – усё ў яго круглае і рыжа-вяснушчатае, але ўсё яно ў яго заўсёды смяецца, мілае і сімпатычнае. Беленькі любіць жартаваць і дружыць. Ён першы больш за ўсіх спадабаўся мне ў батарэі.
Потым прыехаў на дзяжурства капітан Смірноў – ціхі, спакойны і, здаецца, добры чалавек і начальнік. Ён дужа сціплы з выгляду, сярэдняга росту, сярэдняе моцы мужчына, непрыкметны, з тварам, якіх многа, з падстрыжанаю бародкаю, з шэрымі вачмі. Першым чынам ён загадаў схадзіць на дзве змены ў лес і насячы там хвоек, каб замаскаваць нашу пазіцыю, бо ўжо можна чакаць у госці нямецкіх летуноў. I я думаў: так проста і так патрэбна – захаваць гарматы на высокай горцы ад вока ворага… А дагэтуль не было зроблена, і ні Пупскаму, ні падпаручніку Іванову, якія дагэтуль дзяжурылі, і ў голаў, мусіць, тое не прыйшло. I чаму, напрыклад, я і сам не дадумаўся, што робяць падобныя хаванкі?