Гарэцкі Максім Іванавіч - На імперыялістычнай вайне стр 6.

Шрифт
Фон

Як тут зацішна і прыгожа на ўлонні ў прыроды: лог, травы, кусты, ручай. Берагі рову хаваюць нас ад вока з бакоў, над намі – сіняе жнівеньскае неба. Але зараз – бой! Таварышам маім, тэлефаністам, прыкра, што я ў такі момант запісваю ў сваю кніжку. Не лайцеся, чорт вас дзяры!

* * *

5 жніўня, ранне.

Ізноў ранне, ізноў дзень… Мы наступілі і адступілі. Крыўда і здзіўленне. Ах, як ірваліся снарады па баках таго рову! Раненыя пехацінцы паўзлі а паўзлі з кустоў к ручаю. «Паганая вайна!» – з адчаем стогне адзін. «Чаму? Што ты?» – пытаецца другі з абпэцканаю ў кроў шапкаю. «Як жа, калі наша артылерыя з левага флангу палажыла сваіх казакоў і пяхоту». – «Няпраўда… Не кажы так», – сцішаў яго наш артылерыст.

Батарэя, пастраляўшы з рову, пераязджала потым на другую пазіцыю. Няслася па нямецкай зямлі наўскачка. Я бег, бег – і застаўся. Цагляныя хаты і будынкі нямецкіх хутароў, брукаваныя, абсаджаныя дрэвамі дарогі, напісы на ростанях кінуліся мне ў вочы як нешта дзіўнае, панскае. Бягу шыбчэй: збоку ад дарогі рвуцца чорным смярдзючым дымам гранаты. Спярша я не чуў страху. Джжж!!! – над самым вухам асколак. Тады я надта спужаўся, упацеў, ногі саслаблі. Прытуліўся ў канаўцы. Заўважыў у траве курапатку. Узяў яе ў рукі, бо яна не ўцякала. Сэрца яе тукае на ўсю сілу, воле цяжкое, бы камень. Здалёк прабеглі два зайчыкі. А высака-высака круціўся бусел і нічога не баяўся. Я знайшоў батарэю, калі страляніна сціхла. Ніхто не ведаў, што я быў застаўся; думалі, што я ўвесь час быў з усімі разам. Калі я сказаў, агледзеліся, што няма яшчэ двух тэлефаністаў. Неўзабаве батарэя знялася з гэтае пазіцыі, выехала на дарогу і пацягнулася назад, на граніцу. Паказалася ля нас разбітая, маленькая рота; я думаў: адзін узвод. Людзі засмучоныя, змораныя, запэцканыя. Доўга-доўга едзем назад, але ўсё яшчэ па нямецкай зямлі, – мусіць, убок куды-небудзь. Не, во той гранічны роў. Знаёмы пераезд. Ізноў у Расіі. Лягчэй зрабілася на сэрцы. Але што гэта: незадача? Адступаем?

«Тады лічыць мы сталі раны…» У нашай батарэі ўсе цэлы, толькі адзін конь падбіт – яго павялі ў роў прыстраліць. Шкада яго, як чалавека. У другіх батарэях ёсць забітыя і раненыя.

Быў позны вечар, калі мы вярнуліся на ранейшую стаянку. Гаспадар вярнуўся таксама. «Хай заб'юць усіх, нікуды не выеду», – бурчыць гэты ўпорчывы жмогус.

Афіцэры ўжо вячэраюць. «Дай каньяку!» – чуем мы скрозь акно іхную гутарку. «Калі ласка», – адказвае капітан Смірноў; потым нездаволена некаму даводзіць: «Няможна ж без патрэбы пасылаць людзей на смерць». Голасу камандзіра не чутно; ён, пэўна, маўчыць і думае сам сабе.

Вячэра наша… Порцый не хапіла. Запаснікі бурчаць, абураны. Галодны Яхімчык злосна калоціць па рэбрах свайго тэлефоннага каня і ўспамінае на прыстрэленага: «Такій гарный буў коняка, а ты… шоб ты околіў!»

Ізноў начлег на ячменных асцюльках. Сцюдзёна было страшэнна. Устаўшы яшчэ ўдосвета, я калаціўся, як у трасцы; зубы: тр-тр-тр…

Балазе ізноў вось сонейка, цеплыня, светла, прыгожа. Напіўся гарбаты і пішу. Учорашні дзень, наш першы бой – як ува сне, як у тумане.

Думкі ляцяць дамоў, да родных. А перад боем я сніў сон… Нейкія столікі, палаткі, людзі, падводы, коні. Мама крышыць мяса дробнае, чырвонае, сырое – і з гурком. I я хачу адысці ўбок і купіць ёй гуркоў. Не купіў… Не купіў дзеля свае прост недараванае неадважнасці. Мама кажа некаму: «Хваліць бога, прыждала ўжо і я помачы ад дзетак». А мне сорамна-сорамна і жаль жаль. Паводле нашых народных забабонаў, сніць сырое мяса і гуркі – дужа дрэнны знак. I я думаю: як незразумела сплятаецца ў чалавеку гэтая спадчына вякоў, перажыванні многіх пакаленняў.


5 жніўня па абедзе.

Абедалі хапаўшыся і зараз выступілі, каля першае гадзіны, у паход. 3 намі і першая батарэя ідзе разам. Сонца паліць – дождж будзе. Ідзём у Нямеччыну ізноў па той жа самай дарозе.

«Старыя» для нас месцы. Вёска завецца Плятэн. Бегаюць кіненыя гаспадарамі коні. Мы злавілі светла-гнядую кабылу на месца нашага забітага батарэйца. Яна не ўмее ісці вагам у гарматнай запрэжцы, дык яе паставілі везці кухню, а кухоннага рабога коніка запрэглі ў гарматную пару вынасам. I неяк дзіўна: злавілі чужую, сялянскую, кабылу па дарозе, і зрабілася яна нашаю.

Пажарышча з краю вёскі. У пагарэлым садзе засталася зялёная дулька з багатым ураджаем фруктаў. Казакі ў часе прывалу, нягледзячы на адданую нам раней забарону, зараз абтрэслі і нас яшчэ пачаставалі, назваўшы за нясмеласць «шляпамі».

Прыкра глядзець на чорныя дымныя галавешкі – балазе выязджаем у поле. Прастор, наўпрэкі цеснай нямецкай культуры, шырокі. Тут, кажуць, і адбыўся самы бой. Поле цяпер пустое, голае, нуднае. У канаўках, з бакоў добрай брукаванай дарогі, там-а-там валяецца ўбогае шкумаццё нашых салдат, быўшых у баі. Вось нейкая ніклая кучачка ля тэлеграфнага стаўпа… Першы бачаны мною труп. Наш забіты. Ляжыць ніц. Чэрап знесены – жах!..

Ізноў кучка дамкоў пад узгоркам, захаваная здалёку ад падарожнага дрэвамі. Завецца тож – Плятэн. Дзядок-немец сядзіць на лавачцы пад домам, друзленькі, беленькі, слязлівы. Болей – ні душы ўва ўсім пасёлку. Вось – нямецкая школа. Слаўны мураваны дом. У гародзе – процьма трусікаў. Ніхто на іх, нават з казакоў, не галіцца. У сенцах валяецца паламаны веласіпед. У кватэры ўсё кінута так, як было ў звычайным жыцці. На стале стаіць недаедзены абед. На белым блюдзе многа катлет. Так хочацца іх з'есці. А што, як атручаны? Выходзім… У чародным доме чарапковая страха разварочана снарадам. У гародзе на дарожцы забітая качка, а ў кустах шныхараць белыя пушыстыя, як камочак бялюсенькай лёгкай воўны, трусікі; колькі іх тут – а-ёй! Пакажа чырвонае вока – і ўцячэ, схаваецца. На градах шмат буйных гуркоў. Не ўцерпелі – і нашчыпалі.

Направа за пасёлкам, убок ад нашае дарогі, дагарвае пуня. У ёй пагарэлі цяжкараненыя, бо там быў лекарскі прыпынак немцаў. Пагарэлі толькі нашы палонныя, бо сваіх немцы паспелі вывезці. Аб гэтым кажуць паўзучыя ракам па канаве два нашы раненыя. I яны былі ў палоне і ляжалі ў той пуні. Яны рады, што не змёрзлі і не памёрлі, кінутыя адны, за мінушчую ноч. Цяпер, калі іх падабралі на насілкі, адзін зараз самлеў, а другі, белы, як з таго свету, усё намагаецца пераказаць сваім аб мінушчай страшнай начы. Хваліць немцаў, што пакуль не кінулі, дужа добра даглядалі. «А мы думалі: прыкончаць нас, – слаба ўсміхаецца ён. Але зараз іх паклалі ў фургон з чырвоным крыжам на белым палатне і павезлі. «У Расеюшку на пабыўку!» – жартуюць нашы батарэйцы.

Тым часам спераду пад'язджае разведка, і батарэя цягнецца далей.

Толькі ўзабраліся на курганок… Груды светла-сініх нямецкіх трупаў! Расшарпаныя вопраткі, прадаўленыя каскі, паломаныя карабіны і вінтоўкі, а ля кожнага забітага – цэлыя горкі гільзаў ад выстраленых патронаў. Самыя розныя, страшней адна за адну, позы мёртвых: скручаныя, ніц, наўзнак з выстаўленымі ўгару, сціснутымі кулакамі. Вось адзін скручаны, як корч, з пышнымі вусамі, абтыканы веццем, – відаць, раненага загарадзілі таварышы ад сонца, і ён памёр у страшных муках. Ці, можа, сам закрыў сябе, страляючы. Дыханне сцінае мне ў горле, не магу глядзець… Можа, работа нашае батарэі!

Я знайшоў новенькі нямецкі бінокль; узяў, пачапіў сабе цераз плячо. Тут жа ў добрай, бліскучай, з вялікім залатым арлом, афіцэрскай касцы знайшоў я недапісаны ліст забітага… Мне запякло каля сэрца, зрабілася сорамна, цяжка. Я ўлажыў ліст у каску і скарэй кінуў яе, але абдумаўся і палажыў на грудзі трупу. I тады яшчэ бачыў, што наш батарэец Талстоў, слаўны хлопец, узяў аднаго забітага немца за руку, патрымаў яе, адубелую, і ціханька палажыў. Нашто ён гэта рабіў? Мусіць, цікавіўся, што такое мёртвы.

Другія салдаты пруць рыжыя, касматыя нямецкія ранцы, поркаюцца ў іх. Цягнуць адтуль, з нейкай радаснай прагавітасцю і быццам небяспекаю, алавяную лыжку, мыла, ручнічок, кавалачак белага хлеба. Відэльцы і сталовыя нажы выкідаюць набок, як непатрэбшчыну для салдата. Нехта знайшоў у нямецкім ранцы салодкія жоўтыя сухарыкі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3