Напраўду, ён быў адчужаны ад усяго. Свет вакол яго праваліўся ў бяздонне, а сярод незлічоных ружовых воблачкаў і барочных амурчыкаў, якія гралі на скрыпачках, ён лунаў праз тыдні – лёгка, светла, душэўна! Калі б яму толькі можна было ў той час, калі гадзіны незаўважна знікалі, ляжаць каля яе ног і, закінуўшы галаву, піць водар яе дыхання… А ў іншым жыццё ўжо для яго не існавала, прайшло канчаткова. Цяпер заставалася толькі адно гэта… Тое, у дачыненні да чаго ў кніжках ўжывалася толькі вартае жалю слова "каханне"…
Згаданае знаходжанне каля яе ног было, дарэчы, характэрным у стасунках дзвюх маладых асоб. У гэтым вельмі хутка выявілася ўся вонкавая перавага дваццацігадовае жанчыны перад равеснікам-мужчынам. Ён заўсёды быў тым, хто ў інстынктыўным імкненні падабацца ёй меўся быць як мага больш уважлівым у словах і рухах, каб сапраўды дагадзіць ёй. За выключэннем поўнай самаадданасці падчас саміх любоўных сцэн, ён пры іх публічных зносінах не заўсёды мог паводзіць сябе нязмушана: яму дрэнна давалася поўная раскаванасць. Ён, вядома, часткова з прычыны свайго самаадданага кахання, але ў большай ступені, мусіць, таму, што ў грамадстве стаяў ніжэй, быў слабейшы, дазваляў ёй, як дзіця, лаяць сябе, каб потым пакорліва і маркотна прасіць выбачыць, пакуль яму зноў не дазвалялася прыціснуцца галавою да яе каленяў, а яна не пачынала пяшчотна гладзіць яму валасы з мацярынскай, амаль спачувальнай пяшчотаю. А ён пазіраў, лежачы каля яе ног, на яе знізу ўверх, ён прыходзіў і адыходзіў толькі паводле яе жадання, ён быў паслухмяны адносна кожнага яе капрызу, а капрызы ў яе былі.
"Малы, – казаў Ролінг, – я думаю, што ты трапіў пад абцас. Мне здаецца, што ты занадта свойскі для дзікага шлюбу!"
"Ролінг, ты – асёл. Ты гэтага не разумееш. Табе гэта незнаёма. Я кахаю яе. Гэта – усё. Я кахаю яе не проста так… так, а кахаю яе якраз… я… ах… гэта ніяк немагчыма выказаць…"
"Ты проста казачна цудоўны хлопец", – казаў Ролінг.
"Ды кінь ты, лухта!"
Лухта! Гэтыя неразумныя выразы пра "абцас" ды "занадта свойскі" зноў-такі мог выказваць толькі Ролінг. Ён сапраўды нічога не цяміў у гэтым? А што ён сапраўды ўяўляў сабою?! Стасункі ж былі такімі простымі і правільнымі. Ён жа ў любы момант мог узяць яе рукі ў свае і ўвесь час паўтараць ёй: "Ах, няўжо ты мяне кахаеш, няўжо хоць кропельку кахаеш… Як я ўдзячны табе за гэта!"
Аднойчы цудоўным, лагодным вечарам, калі ён самотна блукаў па вуліцах, ён зноў прыдумаў верш, які вельмі крануў яго. Вось такое нешта:
Але верш натхніў яго не таму, што ён сапраўды і па-сур’ёзнаму ўявіў сабе мажлівасць канца. Гэта была б абсалютна вар’яцкая думка. Ад шчырага сэрца з’явіліся толькі апошнія радкі, дзе сумная манатоннасць інтанацыі хвалявання ад цяперашняга шчасця была парушана хуткімі, вольнымі рытмамі. Астатняе было толькі музычным настроем, з якога ён выціскаў з вачэй незразумелыя слёзы.
Потым ён зноў напісаў сваім родным дадому некалькі лістоў, якіх, напэўна, не зразумеў бы ніводзін чалавек. Там, шчыра кажучы, нічога не было напісана; наадварот, у іх самым хвалюючым чынам былі расстаўленыя знакі прыпынку, і яшчэ яны кішэлі мноствам зусім неабгрунтавана скарыстаных клічнікаў. Але ж нейкім чынам яму патрэбна было выказаць усё сваё шчасце і даць знаць пра сябе, а з той прычыны, што, добра падумаўшы, ён не мог быць зусім шчырым у гэтых варунках, то ён і трымаўся за шматзначныя клічнікі. Ён мог часта моўчкі і шчыра сам сабе пасмейвацца, уяўляючы, што нават яго вучоны тата не зможа расшыфраваць гэтыя іерогліфы, якія абсалютна больш нічога не азначалі, як прыблізна: "Я бяз-меж-на шчаслівы!"
Так праходзіў час да сярэдзіны ліпеня – у гэтым мілым, бяздумным, салодкім, бурлівым шчасці, і ўся гэтая гісторыя зрабілася сумнай, калі б потым не здарылася б вясёлая, смешная раніца.
Раніца сапраўды была цудоўная. Было яшчэ даволі рана, каля дзевяці гадзін. Сонца толькі пяшчотна гладзіла скуру, а ў паветры стаяў такі прыемны пах – менавіта такі, здавалася, як тады, той раніцай пасля першай чароўнай ночы.
Ён быў вельмі задаволены і стукаў увесь час сваім кійком па беласнежным тратуары. Ён захацеў пайсці да яе.
Яна яго зусім не чакала. Гэта было якраз вельмі міла. У яго напачатку быў намер пайсці гэтай раніцай на лекцыі, але з гэтага, вядома, нічога не атрымалася… сёння. Гэтага яшчэ не хапала! У такое надвор’е сядзець у аўдыторыі! Калі б ішоў дождж – іншая рэч! Але ў гэтых варунках, пад такім небам з яго светлай, лагоднай усмешкай… да яе! да яе! Рашэнне прывяло яго ў самы ружовы настрой. Ён, ідучы ўжо ўніз Сянною вуліцай, насвістваў сабе самыя моцныя рытмы застольнай песні з "Cavalleria rusticana".
Перад яе домам ён спыніўся і пэўны час паўдыхаў водар бэзу. З кустом ён паступова наладзіў самае шчырае сяброўства: заўсёды, прыходзячы сюды, ён спыняўся перад ім і вёў з ім невялічкі, бясслоўны, вельмі шчыры дыялог. Тады бэз распавядаў яму ціхімі пяшчотнымі прарочымі словамі пра ўсё тое салодкае, што яго зноў чакала і ён разглядаў так, як бывае, адчуваючы вялікае шчасце ці боль, пры расповедзе пра якія нейкаму чалавеку цябе ахоплівае адчай, і, перапоўнены пачуццямі, ты звяртаешся да велічнай ціхай прыроды, як быццам яна штосьці ў гэтым разумее… Ён даўно разглядаў яго як нешта належнае да справы, спачувальнае, блізкае і бачыў у ім з прычыны сваёй перманентнай паэтычнай аддаленасці ад рэальнага жыцця нашмат больш, чым дэкаратыўны дадатак у сваім рамане.
Калі ён дастаткова наслухаўся ад бэзавага паху аповедаў і абяцанняў, то пайшоў па лесвіцы наверх і, паставіўшы свой кіёк у калідоры, без стуку ўвайшоў у пакой, у дзёрзкай радасці засунуўшы рукі ў кішэні штаноў свайго светлага летняга касцюма ды збіўшы капялюш на патыліцу, бо ведаў, што ў такім выглядзе ёй ён падабаецца найбольш.
"Добрай раніцы, Ірма! А-а… ты, мусіць… ашаломленая" – хацеў ён сказаць, але сам быў ашаломлены. Уваходзячы ў пакой, ён убачыў, што яна рыўком узнялася ад стала, быццам хацела хуценька нешта забраць, але не ведала што. Яна толькі бездапаможна правяла сурвэткай па вуснах, стоячы на месцы і дзіўнавата паглядаючы на яго вялікімі вачыма. На стале былі кава і печыва. З аднаго боку сядзеў стары, пачцівы пан з беласнежнай вострай бародкай, апрануты вельмі прыстойна, і жаваў; ён зірнуў на яго з вялікім здзіўленнем.
Студэнт хуценька сцягнуў з галавы свой капялюш і пачаў сарамліва круціць яго ў руках.
"О, пардон, – сказаў ён, – я не ведаў, што ў цябе госці".
Пачуўшы "цябе", пан перастаў жаваць і ўтаропіўся ў твар дзяўчыны.
Наш небарака не на жарт спужаўся, бо яна проста спалатнела і ўсё яшчэ стаяла нерухома. А стары выглядаў яшчэ горш! Як нябожчык! Валасы, якія яшчэ засталіся ў яго, здавалася, былі непрычасаныя. Хто ж гэта мог быць? Ён паспешліва ламаў сабе галаву. Яе сваяк? Але ж яна яму нічога не казала?.. Ва ўсякім разе, ён з’явіўся тут не ў час… Як шкада! А ён так радаваўся! Цяпер нічога не заставалася, як пайсці! Гэта было агідна! І ніхто яму нічога не сказаў! І як цяпер паводзіць сябе з ёю?
"Што гэта?" – раптам прамовіў стары і азірнуўся вакол сябе сваімі маленькімі, заглыбленымі шэрымі вачыма, нібы чакаючы адказу на гэтае загадкавае пытанне. У яго галаве, відаць, усё пераблыталася. Грымаса, якая з’явілася на яго твары, выглядала досыць недарэчнай. Ніжняя губа бязвольна і недарэчна адтапырылася.
Нашаму герою раптам прыйшло ў галаву назваць сябе. Ён зрабіў гэта даволі няўпэўнена.
"Мяне завуць ***. Я толькі хацеў… я хацеў толькі выказаць маё шанаванне…"
"Якое дачыненне гэта мае да мяне?! – раззлаваўся раптам ганарысты стары. – Што Вам увогуле трэба?"
"Прабачце, я…"
"Ах, што там! Зрабіце ласку пайсці адсюль. Вы ж тут абсалютна лішні. Што, Маўзі?" – пры гэтым ён ласкава падміргнуў Ірме.