Папковіч Уладзімір Антонавіч - Смерць у Венецыі стр 6.

Шрифт
Фон

Для Ёганэса Фрыдэмана гэта было вялікім болем, які доўга не пакідаў яго. Ён упіваўся гэтым болем, аддаваўся яму цалкам, як цалкам аддаюцца вялікаму шчасцю; ён песціў яго тысячамі дзіцячых успамінаў і выкарыстоўваў яго як першае моцнае жыццёвае пачуццё.

А само па сабе жыццё ці не ёсць чымсьці добрым, незалежна ад таго, ці складваецца яно для нас так, каб яго можна было назваць «шчаслівым»? Ёганэс Фрыдэман верыў, што так і ёсць: ён любіў жыццё. Ніхто не разумее, з якой душэўнай дбайнасцю ён, які адмовіўся ад самага вялікага шчасця, якое толькі можа выпасці нам, умеў карыстацца радасцямі, даступнымі яму. Прагулка вясною па зялёных прысадах за горадам, пах кветкі, спевы птушкі – ці можна заставацца няўдзячным за ўсё гэта?

А тое, што асвета таксама здольная прыносіць задавальненне, нават сам працэс самаразвіцця прыносіць радасць, ён таксама разумеў – і ён развіваўся. Ён любіў музыку і наведваў усе канцэрты, якія праходзілі ў горадзе. Ён сам паступова пачаў нядрэнна іграць на скрыпцы, хоць выглядаў пры гэтым надта нязвыкла, і радаваўся кожнаму прыгожаму і лагоднаму тону, які ўдаваўся яму. Дзякуючы таму, што ён вельмі шмат чытаў, з часам у яго выпрацаваўся літаратурны густ, які, праўда, ніхто ў горадзе з ім не падзяляў. Ён ведаў навінкі ў сваёй краіне і за мяжою, ён адчуваў асалоду ад рытмічнай зграбнасці верша і быў здольны перажываць інтымны настрой тонка напісанай навелы…

О! Можна было нават сказаць, што ён быў эпікурэйцам.

Ён навучыўся разумець, што ўсё можа прыносіць асалоду і што амаль неразумна праводзіць розніцу паміж шчаслівымі і нешчаслівымі жыццёвымі падзеямі: ён успрымаў усе адчуванні і настроі з вялікай гатоўнасцю і песціў іх, як змрочныя, так і вясёлыя… і нават няспраўджаныя жаданні – жарсць. Ён любіў яе проста дзеля яе і гаварыў сабе, што са спраўджаннем прыходзіць канец самаму лепшаму… Ці не прыносяць салодкія, балючыя, адважныя жаданні і надзеі ў ціхія вясновыя вечары больш асалоды, чым усе спраўджанні, якія можа прынесці лета? – Ну так, ён быў эпікурэйцам, гэты маленькі пан Фрыдэман!

Гэта, мусіць, не было вядома людзям, якія віталі яго на вуліцы з той спачувальнай зычлівасцю, да якой ён прывык з даўняга часу. Яны не ведалі, што гэты няшчасны калека, які са смешнаватай важнасцю, у светлым плашчы і бліскучым цыліндры, – ён быў дзіўным чынам крыху пыхлівым – крочыў па вуліцах, пяшчотна любіў жыццё, якое лагодна наплывала на яго, без вялікіх афектаў, але напоўненае ціхім і пяшчотным шчасцем, якое ён мог сам сабе тварыць.

V

Але галоўнай прыхільнасцю пана Фрыдэмана, яго сапраўднай жарсцю, быў тэатр. Ён валодаў незвычайна тонкім адчуваннем драматызму, і пры магутным сцэнічным дзеянні, катастрофе ў трагедыі, усё яго маленькае цела магло пачаць калаціцца. У яго было сваё месца на першым ярусе гарадскога тэатра, які ён наведваў рэгулярна, а час ад часу яго суправаджалі туды і тры ягоныя сястры. З часу смерці маці яны адны займаліся ў старым доме гаспадаркай, валоданне якой яны дзялілі з ім.

На жаль, яны ўсё яшчэ не былі замужам; але ўжо даўно дасягнулі ўзросту, калі аддаеш сябе на волю лёсу, бо Фрыдэрыка, самая старэйшая, нарадзілася на 17 гадоў раней за пана Фрыдэмана. Яна і яе сястра Генрыэта былі крышку завысокія і худыя, у той час як Пфіфі, меншанькая, нарадзілася нізкарослай і таўставатай. У яе, між іншым, была смешная манера пры кожным слове ўздрыгваць, і пры гэтым у куточках рота ў яе збіралася слінка.

Маленькі пан Фрыдэман не шмат думаў пра сясцёр; яны ж трымаліся аддана разам, і меркаванні ў іх заўсёды былі аднолькавыя. Асабліва калі сярод іх знаёмых адбываліся заручыны, яны ў адзін голас падкрэслівалі, што гэта іх вельмі радуе.

Брат надалей жыў разам з імі, нават тады, калі пакінуў гандаль драўнінай у пана Шліфогта і распачаў самастойны бізнес, прыдбаўшы маленькае прадпрыемства, агенцтва ці нешта гэтага кшталту, што патрабавала не вельмі шмат часу. У яго ў доме на ніжнім паверсе мелася некалькі памяшканняў, і не трэба было падымацца сходамі, каб падсілкавацца, бо час ад часу ў яго надараліся невялікія прыступы астмы.

На сваё трыццацігоддзе, у светлы і цёплы чэрвеньскі дзень, ён, папалуднаваўшы, сядзеў пад шэрым садовым тэнтам з новым падгалоўнікам, зробленым для яго Генрыэтай, з добрай цыгарай у зубах і добрай кніжкай у руцэ. Час ад часу ён адводзіў яе ўбок, прыслухоўваўся да задаволенага шчабятання вераб’ёў, якія атайбаваліся ў старой арэшыне, і пазіраў на чыстую сцяжыну, пасыпаную жвірам, якая вяла да дома, ды на газон з маляўнічымі градкамі.

У маленькага пана Фрыдэмана не было барады, і яго твар амаль зусім не змяніўся, толькі рысы крыху абвастрыліся. Яго мяккія русыя валасы былі гладка зачасаныя набок.

Калі ён апусціў кніжку на самыя калені і, міргаючы, зірнуў у сонечнае неба, ён сказаў самому сабе: «Вось і трыццаць гадоў мінула. Магчыма, пройдуць яшчэ дзесяць ці нават дваццаць. Толькі Бог ведае. Яны прыплывуць і праплывуць ціха і бясшумна міма, як і былыя; я чакаю іх з душэўным спакоем».

VI

У ліпені таго самага года адбылася змена ў акруговай камендатуры, якая ўстрывожыла ўсё і ўсіх. Мажны, зычлівы пан, які на працягу гадоў займаў гэтую пасаду, карыстаўся ў грамадскіх колах папулярнасцю, і людзі не адчувалі радасці праз тое, што ён сыходзіць. Толькі Бог ведае, з якой прычыны сюды са сталіцы трапіў пан фон Рынлінген. Замена, зрэшты, атрымалася, здаецца, неблагая, бо новы падпалкоўнік, жанаты, але без дзяцей, арандаваў у паўднёвым прыгарадзе вельмі прасторную вілу, з чаго зрабілі выснову, што ён меў намер атабарыцца тут надоўга. Ва ўсякім разе, чуткі, што ён надзвычай багаты, пацвярджаліся і тым, што ён прывёз з сабою чатырох пасыльных, пяць верхавых ды запражных коней, ландо і лёгкую карэту.

Муж з жонкай неўзабаве пасля свайго прыезду пачалі наносіць візіты паважаным сем’ям, і іх імя было ва ўсіх на языку; але галоўную цікавасць выклікаў зусім не сам гер фон Рынлінген, а яго жонка. Паны-мужчыны разгубіліся і спачатку не маглі нічога выказаць; а вось дамы якраз не засталіся абыякавымі наконт такой з’явы, як Герда фон Рынлінген.

«Сталічная штучка, – выказалася фрау Хагенштром, жонка адваката, у размове з Генрыэтай Фрыдэман, – ну, вядома. Яна паліць, яна ездзіць конна – згодна! Але яе паводзіны не толькі вольныя – яны бесцырымонныя, і гэта яшчэ не зусім тое слова… Паглядзіце, непрыгожай яе на назавеш, пра яе нават можна было б сказаць: мілая… І ўсё-такі ў ёй адсутнічае жаночая прывабнасць, і ў яе позірку, яе смеху, яе рухах няма ўсяго таго, што любяць мужчыны. Яна не какетка, і я, Бог за сведку, ніколі не скажу, што гэта кепска; але ці можа такая маладая жанчына – ёй дваццаць чатыры гады – абсалютна бесклапотна не ўлічваць натуральную прыцягальную сілу жаноцкасці? Шаноўная, я не люблю лухты, я ведаю, што кажу. Нашы мужчыны пакуль што ашаломленыя: Вы ўбачыце, што праз некалькі тыдняў яны, цалкам расчараваныя, адвернуцца ад яе».

«Што ж, – сказала фройляйн Фрыдэман, – яна выдатна забяспечаная».

«Так, яе муж! – усклікнула фрау Хагенштром. – Як яна абыходзіцца з ім? Вам варта было б убачыць! Вы ўбачыце! Я першая, хто настойвае на тым, што замужняя жанчына ў дачыненні да супрацьлеглага полу павінна ставіцца да пэўнай ступені стрымана. А як яна паводзіць сябе ў дачыненні да ўласнага мужа? У яе такая завядзёнка – холадна пазіраць на яго і звяртацца са спачувальным тонам „любы сябра“; гэта выклікае ў мяне шаленства! Але ж трэба бачыць яго – карэктны, з рыцарскай выпраўкай, саракагадовы мужчына, які выдатна збярог сябе, бліскучы афіцэр! Яны чатыры гады ўжо жанатыя… Даражэнькая…»

VII

Месцам, дзе маленькаму пану Фрыдэману пашчасціла ўпершыню ўбачыць фрау Рынлінген, была галоўная вуліца, абапал якой месціліся амаль выключна гандлёвыя дамы, і сустрэча здарылася апоўдні, калі ён якраз ішоў з біржы, дзе таксама прамовіў сваё важкае слова.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора