«Божа мой! Божа мой!»
Адчайным і пудкім позіркам ён углядаўся ў самога сябе і ўсведамляў, што яго пачуццё, з якім ён абыходзіўся заўсёды так пяшчотна, так лагодна і разумна, цяпер было разняволена, яно завіхрылася, раскалашмацілася… І раптам, у палоне гвалту, у стане непрытомнасці, ап’янення, палу і пакутаў, ён прыхіліўся да ліхтарнага слупа і, дрыжучы ўсім целам, прашаптаў:
«Герда!»
Ціха. Нідзе не было бачна ніводнага чалавека. Маленькі пан Фрыдэман схамянуўся і пайшоў далей. Ён прайшоў уверх па вуліцы, на якой знаходзіўся тэатр і якая даволі стромка збягала да ракі, а цяпер накіраваўся ў бок галоўнай вуліцы на поўнач, да свайго жытла.
Як яна паглядзела на яго! Як? Яна змусіла яго апусціць вочы? Яна прынізіла яго адным позіркам? Ці ж не была яна жанчынаю, а ён мужчынам? І ці не задрыжэлі яе карыя вочы пры гэтым проста ад радасці?
Ён яшчэ раз адчуў, як у сярэдзіне зноў зараджаецца гэтая бяссільная пажадлівая нянавісць, але потым згадаў той момант, калі яе галава даткнулася да ягонай, калі ён удыхнуў водар яе цела, і ён яшчэ раз спыніўся, адкінуў свой скалечаны корпус назад, уцягнуў паветра праз зубы і потым зноў прамармытаў у адчаі, не памятаючы сябе:
«Божа мой! Божа мой!»
І ён зноў механічна патупаў далей, павольна, праз задушлівае вечаровае паветра, па бязлюдных, з адгалоскамі крокаў вуліцах, аж пакуль не апынуўся перад сваім жытлом. У пярэднім пакоі ён на нейкі момант запыніўся і ўцягнуў у сябе прахалодны, склепавы пах, які панаваў там; потым ён увайшоў у «кабінет».
Ён сеў за пісьмовы стол каля адчыненага акна і ўтаропіўся проста перад сабою на вялікую жоўтую ружу, якую хтосьці паставіў яму ў шкляную вазу. Ён узяў яе і, заплюшчыўшы вочы, пачаў удыхаць яе водар; але потым адсунуў яе ад сябе са зняможанай, засмучонай мінай. Не, не, гэтаму – канец! Што яму цяпер гэты водар? Што яму было цяпер да ўсяго таго, што раней азначала «шчасце»?..
Ён павярнуўся ў другі бок і зірнуў на ціхую вуліцу за акном. Сяды-тады гучалі і заціхалі крокі. Свяцілі мігатлівыя зоркі. Як смяртэльна знямогся і саслабеў ён! Яго галава была пустая, а адчай пачаў растварацца ў вялікім, лагодным смутку. Некалькі радкоў з вершаў прамільгнулі ў ягонай памяці, музыка з «Лаэнгрына» загучала зноў у яго вушах, ён яшчэ раз убачыў перад сабою вобраз фрау фон Рынлінген, яе белую руку на чырвоным аксаміце, а потым ён зваліўся ў цяжкі, ліхаманкава тупы сон.
XI
Некалькі разоў ён ужо амаль прачынаўся, але баяўся явы і кожны раз зноў правальваўся ў непрытомнасць. Але калі ўжо зусім развіднела, ён расплюшчыў вочы і позіркам, усёабдымным і поўным болю, агледзеўся вакол сябе. Усё нерухома, як было, засталося ў яго душы, быццам сон і не перапыняў яго пакуты.
Яго галава была цяжкая, а вочы гарэлі; але калі ён памыўся і працёр лоб адэкалонам, адчуў сябе лепш і ціха прысеў зноў на сваё месца каля расчыненага акна. Яшчэ было вельмі рана, каля пятай гадзіны. Час ад часу паўз вокны праходзіў хлопчык з булачнай, больш нікога відаць не было. Насупраць усе аканіцы былі яшчэ зачыненыя. Але птушкі цвірчэлі, а неба было ярка-блакітным. Стаяла цудоўная нядзельная раніца.
Адчуванне ўтульнасці і даверу авалодала маленькім панам Фрыдэманам. Чаго ён баяўся? Ці не было ўсё, як заўсёды? Вядома, учора быў вельмі дрэнны прыпадак, што ж, але гэтаму трэба пакласці канец! Яшчэ было не запозна, ён яшчэ можа пазбегнуць навалы! Ён павінен ухіляцца ад любой нагоды, якая магла б паспрыяць новаму прыпадку; ён адчуваў сілу ў сабе. Ён адчуваў сілу пераадолець і цалкам знішчыць у сабе гэта…
Калі гадзіннік прабіў палову восьмай, увайшла Фрыдэрыка і паставіла каву на круглы столік, які стаяў перад скураною канапай каля задняй сцяны.
«Дабрыдзень, Ёганэс, – сказала яна, – вось твой сняданак».
«Дзякую», – сказаў пан Фрыдэман. А пасля дадаў: «Любая Фрыдэрыка, я вельмі шкадую, што візіт вам давядзецца рабіць без мяне. Я адчуваю сябе недастаткова добра, каб быць у змозе пайсці з вамі. Я дрэнна спаў, у мяне баліць галава, і, коратка кажучы, я прашу вас…»
Фрыдэрыка адказала:
«Шкада. Але табе не варта зусім адмаўляцца ад візіту. Бачу, ты сапраўды выглядаеш хворым. Пазычыць табе мой ментолавы аловак?»
«Дзякуй, – сказаў пан Фрыдэман. – Само неяк пройдзе».
І Фрыдэрыка пайшла.
Стоячы каля стала, ён паволі выпіў каву і з’еў адзін рагалік. Ён быў задаволены сабою і ганарыўся сваёй рашучасцю. Справіўшыся з кавай, ён узяў цыгару і зноў сеў каля акна. Сняданак паправіў яго гумор, і ён адчуў сябе шчаслівым і прасякнутым надзеяй. Ён узяўся за кніжку, пачаў чытаць, запаліў і, міргаючы, пазіраў на сонца за акном.
Цяпер вуліца ўжо ажывілася: постук колаў, размовы і пазвоньванне конкі даносіліся да яго; акрамя ўсяго, чулася шчабятанне птушак; зверху, з ярка-сіняга неба павяваў лагодны, цёплы ветрык.
Недзе а дзясятай гадзіне ён пачуў, як цераз пярэдні пакой ідуць сёстры; пачуў, як зарыпелі дзверы, і ўбачыў, як паўз акно прайшлі тры дамы, на што ён не звярнуў асаблівай увагі. Прайшла гадзіна. Адчуванне шчасця ўсё больш авалодвала ім.
Яго пачало напаўняць штосьці накшталт самазадаволенасці. Што за паветра наўкола, як шчабечуць птушкі! А ці не пайсці яму крыху пашпацыраваць? – І тады, раптам, без іншай думкі, у ім з салодкім страхам мільганула ідэя: «А калі ўзяць ды пайсці да яе?» – І заглушаючы адным толькі напружваннем цягліцаў у сабе тое, што са страхам папярэджвала, ён са шчаслівай рашучасцю дадаў: «Я пайду да яе!»
І ён апрануў свой чорны выхадны гарнітур, узяў цыліндр ды кіёк і хутка, часта дыхаючы, пашыбаваў цераз увесь горад у паўднёвы прыгарад. Не заўважаючы ніводнага чалавека, ён старанна пры кожным кроку ўздымаў і апускаў галаву, ахоплены міжвольным, экзальтаваным станам, пакуль не апынуўся за горадам у каштанавай алеі перад чырвонай вілай, над уваходам у якую можна было прачытаць: «Падпалкоўнік фон Рынлінген».
XII
Тут яго прабралі дрыжыкі, а сэрца ў грудзях забілася сутаргава і цяжка. Але ён прайшоў калідорам і пазваніў. Рашэнне было прынята, і адступлення не было. Няхай будзе ўсё, як будзе, падумаў ён. У ім раптам усталяваўся смяртэльны спакой.
Дзверы штуршком адчыніліся, служка пайшоў яму насустрач цераз пярэдні пакой, узяў яго візітоўку і заспяшаўся з ёй наверх па лесвіцы, якая была засцелена чырвонай дарожкай. Пан Фрыдэман глядзеў на яе, утаропіўшыся, нерухома, увесь час, пакуль служка не вярнуўся і не абвясціў, што вяльможная пані просіць падымацца наверх.
Наверсе, побач з дзвярыма салона, дзе ён пакінуў кіёк, ён зазірнуў у люстэрка. Твар быў бледны, а над пачырванелымі вачыма да лба клеіліся валасы; рука, у якой ён трымаў цыліндр, нястрымна дрыжала.
Слуга адчыніў, і ён увайшоў. Ён убачыў сябе ў даволі вялікім, паўзмрочным памяшканні; вокны былі завешаны. Праваруч стаяў раяль, а ўсярэдзіне вакол круглага стала групаваліся крэслы з высокімі спінкамі ў карычневым шоўку. Над канапай на левай бакавой сцяне вісеў пейзаж у цяжкой пазалочанай раме. Шпалеры таксама былі цёмнымі. Ззаду ў эркеры стаялі пальмы.
Прайшла хвіліна, пакуль фрау фон Рынлінген расхінула справа парцьеры і моўчкі пайшла насустрач яму па тоўстым карычневым дыване. На ёй была проста вырабленая сукенка ў чырвоную і чорную клетку. З эркера якраз на яе цяжкія рыжыя валасы падаў пук святла, у якім кружыўся пыл, так што яны на нейкую хвілю загарэліся золатам. Яна дапытліва скіравала позірк сваіх дзіўных вачэй на яго і выставіла, як звычайна, ніжнюю губу наперад.
«Вяльможная пані, – пачаў пан Фрыдэман і глянуў на яе знізу ўверх, бо ён даставаў ёй толькі да грудзей, – я хацеў бы таксама з майго боку выказаць Вам сваю пашану. Я, на жаль, адсутнічаў, калі Вы зрабілі ласку маім сёстрам… і шкадую… шчыра…»
Ён абсалютна не ведаў, што яшчэ сказаць, але яна стаяла і глядзела няўмольна на яго, як быццам хацела прымусіць яго гаварыць яшчэ. Уся кроў раптам ударыла яму ў галаву. «Яна вырашыла памучыць і пакпіць з мяне, – падумаў ён, – і яна ж бачыць мяне наскрозь! Як дрыжаць яе вочы!» Нарэшце яна прамовіла вельмі высокім і выразным голасам: