Па-першае, iстоты памiралi ў час перанясення, па-другое, мы не ўлiчвалi таго, што яны маюць штучную скуру, ад якой яны лёгка могуць пазбавiцца. Таму, як толькi мы апускалi iх на зямлю, мы адразу гублялi iх з вачэй. Калi ж мы паспрабавалi зрываць гэтую штучную скуру i ставiць меткi непасрэдна на целе, то i тут нас чакала няўдача, бо, апынуўшыся на Зямлi, iстота тут жа набывала новую скуру.
З цягам часу мае вучнi ўсё ж навучылiся сачыць за iстотамi i трымаць iх пад кантролем. Мы высветлiлi, што ў 99 выпадках з 100 iстота вярталася менавiта туды, адкуль мы яе бралi. Я вырашыў перанесцi дзве iстоты з Хаатычнага мурашнiка ў Геаметрычны, якiя знаходзяцца далёка адзiн ад аднаго.
Праз 10 зямных дзён мой верны вучань Е.Х.-33, якi сачыў за iмi дзень i ноч, паказаў мне, як тыя вярталiся назад. Яны знайшлi дарогу дамоў, нягледзячы на тое, што мясцовасць, куды я iх апусцiў, была iм зусiм невядомая. Да таго ж абедзве iстоты былi зацятымi дамаседамi (гэта мы ведалi, бо даўно сачылi за iмi). Якiм жа чынам знайшлi яны дарогу? Я пераносiў iх так хутка, што заўважыць маршрут яны не маглi. Чым жа яны кiравалiся? Вядома, не памяццю, а нейкай спецыфiчнай якасцю, пра якую мы можам толькi гаварыць, не могучы яе вытлумачыць, бо гэта выходзiць за межы нашай уласнай псiхалогii.
Тут жа паўстала i другая праблема. Цi пазнаюць астатнiя iстоты вяртальца? Здаецца, што так яно i ёсць. Звычайна калi ён вяртаўся ў сваёй гняздо, там узнiкала вялiкае ўзбуджэнне. Iншыя iстоты пры гэтым прыкладалi да яго рукi, а часам нават губы. Разам з гэтым у некаторых выпадках, як нам падалося, вяртанне выклiкала злосць i незадаволенасць.
Такiм чынам, першыя эксперыменты паказалi, што бяскрылыя двухногiя маюць нейкi iнстынкт, дзякуючы якому яны пазнаюць свае мурашнiкi.
Потым мы вырашылi даведацца, цi iснуюць на Зямлi, як у нас на Ўране, такiя пачуццi, як каханне, мацярынская любоў i г.д. Такое меркаванне мне здавалася абсурдным, бо да гэтых чыстых пачуццяў уранцы прыйшлi толькi праз мiльёны гадоў цывiлiзацыi. Аднак абавязак даследчыка - працаваць над праблемай непрадузята i не загадваць вынiкаў, якiя могуць прынесцi эксперыменты.
Ноччу iстота-самец звычайна адпачывае каля сваёй самкi. Я папрасiў сваiх вучняў разрэзаць папалам гнёзды, каб аддзялiць самца ад самкi, безумоўна, стараючыся не паранiць нiводнага, а потым узяць i склеiць адну палову "А" з паловай "Б" i паглядзець, цi здагадаюцца яны пра якую-небудзь перамену. Пры гэтым мы iмкнулiся ствараць нармальныя ўмовы для эксперыментаў i таму падабралi падобныя гнёзды. Я раiў таксама сваiм вучням падабраць менавiта такiя гнёзды, дзе б колькасць дзяцей была аднолькавая, а памеры пакояў супадалi.
Нарэшце Е.Х.-33 радасна паказаў мне два гнязды, дзе было па чацвёра дзяцей. Адно гняздо было ў Хаатычным мурашнiку, другое - у Строгiм. Н.Х.-33 з дзiвоснай далiкатнасцю разрэзаў i перанёс паловы гнёздаў. Нiякiх сумненняў вынiкi не выклiкалi. У абодвух выпадках штучна падабраныя намi пары, прачнуўшыся, выявiлi толькi лёгкае здзiўленне. Гэта, мусiць, ад пералёту i прызямлення. Потым усе яны заставалiся на месцы, захоўваючы пры гэтым самыя звычайныя ўзаемаадносiны.
Факт амаль неверагодны: адразу ж абедзве самкi без нiякага жаху цi агiды пачыналi клапацiцца аб жытле i дзецях, вiдаць, не разумеючы, што ўсё гэта чужое.
Мы паўтарылi эксперымент многа разоў. У 93 выпадках са 100 паводзiны самак былi аднолькавыя. Самкi маюць устойлiвую прывычку да сваiх абавязкаў i зусiм не думаюць, дзеля каго яны iх выконваюць. Незалежна ад таго, з чыiмi дзецьмi iм даводзiцца апынуцца, яны клапоцяцца пра iх аднолькава старанна. Можна было дапусцiць, што гэтая блытанiна звязана з тым, што мы падбiралi вельмi ўжо падобныя гнёзды. Аднак паступова мы ўскладнялi эксперымент i бралi, напрыклад, адну палову ад беднага, другую - ад багатага гнязда. Вынiк быў той самы: чалавек не можа адрознiваць свайго жытла ад чужога.