Силланпяя Франс Эмиль - Праведная галеча стр 2.

Шрифт
Фон

Мая ўсёю душой хацела і чакала родаў, бо да гэтай пары яе жыццё нагадвала блуканне ў цемры і стаць поўнай гаспадыняй хутара не было цвёрдых спадзеваў, а таму, хоць і мела невялічкі розум, яна даўмелася, што дасягнуць усяго можна, толькі нарадзіўшы дзіця. Нічога яна так не хацела, як замацавацца ў жыцці, стаць на ногі, а калі гэта не ўдавалася, дык чым яна вінаватая, што жыццё пайшло зусім не так, як павінна ісці ў звычайных сялянскіх дзяўчат? Пяць гадоў яна прабыла парабчанкай, але ніколі не лічыла сябе знядоленай і прыніжанай, бо ўсё гэта было часова, а неўзабаве пачнецца сапраўднае жыццё. Таму яна адразу ж паддалася дамаганням гаспадара. Мая была нават задаволена, што ён такі стары, зжаўцелы ад тытуню, удовы п’янтос. Усё гэта было толькі да лепшага, і зусім не таму, што яна думала аб сваім прыніжэнні, а таму што як гаспадар і гаспадыня яны выдатна падышлі б адзін аднаму.

Так думала Мая ў поўнай упэўненасці, што хутка стане гаспадыняй, і кожны дзень на працягу ўсяго тыдня ёй салодка мроіўся голас пастара: «Удовы селянін Пеньямі, Пеньямінаў сын, і сялянская дзяўчына Мая Ёсэфіна, Стэфанава дачка…» Аднак пастар у царкве абвясціў толькі «парабчанка з таго ж хутара» – і ні слова аб маладой дзяўчыне. А неўзабаве і сама Мая заўважыла, што пачатак новага жыцця застаўся недасяжным, нічога ў яе жыцці не змянілася пасля вянчання. І цяпер яна не магла называць мужа іначай як «гаспадар» і толькі на вы. І абедзве дачкі гаспадара называлі яе па-ранейшаму – Мая. Гаспадар жа, калі казаў пра жанчын, называў іх толькі баб’ём, а калі быў у асабліва добрым гуморы – бабамі. Той жа самы безыменны страх, які валодаў ёю, калі яна жыла спадзевамі і мроямі, так і не пакінуў яе пасля таго, калі мары збыліся. Пачатак новага жыцця адкладваўся. Яна займалася і тым, і гэтым, і Бог ведае чым яшчэ, а ўсё астатняе заставалася толькі яе ўяўленнем. Толькі адзін раз Мая зрабіла бездапаможную спробу паставіць сябе гаспадыняй: груба і рэзка абышлася з Ловісай, каб адлучыць яе ад дому. А ў выніку гаспадар, вярнуўшыся дамоў у шале, заявіў, што «калі вы, баб’ё, паганыя вы каровы, зараз жа не разбежыцеся па сваіх стойлах, дык тады…» Так Пеньямі высоўваў напаказ сваю застрашальна грубую існасць састарэлага мужчыны, нібыта хацеў давесці, што ён стаіць нашмат вышэй за ўсялякае там баб’ё. Пеньямі ніколі не меў патрэбы думаць пра тое, як уладкавацца ў жыцці, яму патрабавалася толькі пашана. Выявілася, што павітуха Ловіса не такі ўжо і дрэнны чалавек, бо пасля ўсяго яна пачала ставіцца да Маі лепей, чым раней.

Больш удала жыццё ў Маі не складвалася. Часам, калі выдавалася вольная ад гаспадарчых клопатаў хвіліна, яна казала сама сабе, што гады ідуць, яна старэе, трапіўшы ў гэты дом, дзе над усім валадараць счырванелы старэчы твар Пеньямі і ягоныя п’яныя воклічы. Так і цягнецца жыццё, якое складвалася такім чынам на працягу дзесяцігоддзяў, – панылае, непахіснае і нязменнае. Апроч таго, павітуха і дочкі гаспадара клапоцяцца толькі пра сябе, а збоку за ўсім назірае замшэлая вёска. Напэўна, так яно і будзе цягнуцца далей… У такія хвіліны роздуму Маін нос яшчэ больш выцягваўвася; два пярэднія зубы ўжо выпалі. А калі Пеньямі памрэ, што з ёю будзе, калі няма спадкаемца і яна наўрад ці зможа нарадзіць яму нашчадка?

Але потым з’явілася надзея. І тады ў вачах Маі, што свяціліся над бяскроўнымі шчокамі, часам з’яўляўся летуценны выраз. Яна народзіць Пеньямі спадкаемца! Але гэтая акалічнасць патрабавала ад яе дакладнага разліку, памяркоўнасці і прадбачлівасці. Давядзецца выхоўваць і гадаваць дзіця, ды яшчэ і глядзець за тым, каб ягоная доля ў спадчыне не памяншалася, а павялічвалася. І заўсёды, калі гэтыя неадчэпныя думкі апаноўвалі Маю, яна спасцігала ўсю складанасць свайго становішча. Усе памкненні і намаганні дасягнуць чаго-небудзь у будучым палохалі, стамлялі і прыгняталі яе. Хоць у сваіх самотных летуценнях яна прадбачыла такі пажаданы і такі патрэбны ёй вынік, але пры гэтым разумела, што дасягнуць яго нельга без загадзя складзенага плана і дзейнай энергіі. Тысячы і тысячы дробязных перашкод і цяжкасцей перажыла Мая ў сваім жыцці, а нічога так і не ўдавалася давесці да канца. А цяпер такімі перашкодамі былі дочкі гаспадара Ева і Марке, ягоная старасць ды шмат чаго іншага. Чаму яе шлюб быў зусім не такі, як у іншых дзяўчат? Замуж вось жа ідуць менавіта дзеля таго, каб потым болей ніколі не пакутаваць ад розных непатрэбных памкненняў.

Аднак прырода не слухала такіх довадаў, а працягвала накіроўваць усё сваім чарадом. Безумоўная нязменнасць прыроды з аднаго боку і чалавечыя задумы ды турботы з другога – уся гэтая чалавечая трагедыя і развівалася ў гэтым выпадку – так, як кветка развіваецца ў гармоніі з законамі свайго віду нават у самых глухіх кутках лясных нетраў. Калі наблізіліся роды, Мая на нейкае імгненне вызвалілася ад усіх жыццёвых турбот і гароты. Ёй здавалася, што надышоў нейкі цудоўны стан, калі ўсе тыя Евы, Марке, Пеньямі ды бабы-павітухі ўжо ўспрымаюцца ёю з поўнай абыякавасцю.

Тры чалавекі сядзяць у пякарні Олілы, асветленай жоўтым агеньчыкам сальнай свечкі. Тата Оліла – сямідзесяцігадовы мужчына з гладка паголеным тварам, на падбароддзі ад вуха да вуха кучаравяцца бялявыя валасы. Ён гаворыць на дыялекце Кокемякаў, прытым ягоная шыя і ўся верхняя частка цела стынуць у здранцвенні. Чарку ён трымае беражліва і выпівае з належнаю годнасцю, а калі Пеньямі Нікіля пачынае занадта нецярпліва круціцца і злаваць яго, тата Оліла спакойна і бесцырымонна спыняе госця, і той нават не спрабуе пярэчыць. Побач з татам Олілам сядзіць ягоны сын Франсу, такі ж здранцвелы і нерухомы мужчына гадоў пад трыццаць з роўна падстрыжанымі валасамі. Час ад часу ён устаўляе ў размову колькі слоў; твар ягоны застаецца няўсмешліва абыякавым. Вядома ж, ён робіць свае заўвагі, але яны толькі пацвярджаюць сказанае бацькам. Абодва Олілы п’юць не п’янеючы. У сваім доме яны прымушаюць Пеньямі скакаць пад сваю дудку – вось жа, таго самага Пеньямі, што такі ўсеўладны ў сваім доме на хутары Нікіля.

Кокемякінцы нядаўна пачалі адзін за адным сяліцца ў гэтым прыходзе. Усе яны занадта фанабэрыстыя, каб шанаваць мясцовыя звычаі. Нават на пагорку каля царквы яны стаяць, закруціўшыся ў вялікія хусткі ды кажухі, і гучна размаўляюць між сабою сваёй мяккай немясцоваю гаворкай.

Свечка дагарае, запал Пеньямі Нікілі таксама аціхае. «Бадай што болей чым на адну свечку цябе не хопіць», – кажа тата Оліла. Ён толькі-толькі пачынае жвавець, а Пеньямі ўжо страціў імпэт. «Дарэмна ты злаваў на мяне, калі я не даў табе грошай… Адкуль жа я ведаў, што там у цябе творыцца… І скажы ты мне, на ліха ты звязаўся з гэтаю жаніцьбай?..»

Хоць Пеньямі і моцна зап’янеў, але нават праз хмель разумее, які чужы ён для гэтых людзей, як раздражняе яго іхняя невыносная фанабэрыстасць. Але ён сам і ягоны хутар цалкам залежаць ад гэтых людзей, хоча ён таго ці не хоча. У Пеньямі абуджаецца нейкая бяздумная злосць, ён устае, нібыта збіраючыся штосьці зрабіць. Але тата Оліла таксама ўстае і кажа:

– Давай, суседзе, ідзі-тка ты дамоў, наведай сваю бабу. Яна ўжо, напэўна, і радзіла.

Тата Оліла і Франсу выводзяць Пеньямі з хаты. Ён занурваецца ў цёмны завулак і, намацваючы дарогу нагамі, ідзе на другі канец вёскі. Ён павольна сунецца наперад, бяздумна ўтаропіўшы вочы ў цемру, а хмель тым часам выветрыў з галавы ўсё паўсядзённае, і Пеньямі бачыць сваё жыццё і цяперашняе сваё становішча ва ўсіх непрыглядных драбніцах. Гэтую зямлю, гэтае неба і гэтых людзей з Кокемякаў нельга ўзяць рознымі хітрыкамі. Каго іншага – можна. Нясцерпна брыдкае пачуццё ад таго, што ёсць на свеце нешта такое, чым завалодаць табе не пад сілу, але ад чаго ніяк не пазбавішся. Старога Пеньямі бязлітасна душыць думка пра тое, што на свеце існуе нешта такое, што абавязкова трэба прызнаваць больш моцным за сябе.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3