Силланпяя Франс Эмиль - Праведная галеча стр 4.

Шрифт
Фон

Аапелі ўжо каторы вечар майструе сані. Хлопчык Кустаа, пакуль няма даручэнняў, водзіць носам на лаўцы. А вось і сама гаспадыня Мая, прыходзіць, бярэ на рукі малога і, пакінуўшы астатні клопат, дае яму цыцку. Юсі ідзе ўжо трэці год, але ад матчыных грудзей яго пакуль што не адвучылі.

Мая ўмее гаспадарыць. Яна загадвае Кустаа і Марке чытаць. Кустаа адразу дастае свой катэхізіс, а Марке марудзіць. «Во пачакай, прыйдзе бацька», – пагражае Мая.

Толькі Кустаа пачаў: «Адказ: Каб вызваліцца ад састарэлага Адама, які штодзённа пасяляецца ў нас… а… а… а… і разам з тым раскаяцца… а… а… а… і ачысціцца ад кепскай пажадлівасці… а… а… а… і ўзняцца…», як Аапелі бесцырымонна перабіў яго: «Малец! Хадзі-тка пасвяці мне!»

Шуршыць гэблік, ціха гудзе калаўрот, аднастайна гучаць пытанні-адказы катэхізіса. А тут у хату ўвайшоў Пеньямі з абярэмкам дроў і моўчкі ўзяўся шчапаць лучыну. Сёння ён быў цвярозы цэлы дзень, і таму ў вачах усіх прысутных выглядаў больш прыстойна, чым заўсёды.

Праз некалькі гадзін усе гэтыя рознаўзроставыя чалавечыя істоты будуць спаць глыбокім сном. Бязмежная, непраглядна цёмная ноч цяжка дыхае вакол іх і, нібыта самая мудрая на свеце істота, глядзіць на гэтых неразумных людзей, якія бездапаможна боўтаюцца ў неабсяжным моры часу. Шасцідзесяцігоддзе, якое нясе з сабой грознае наканаванне лёсу, пачалося, але гэтыя людзі за стракатаннем цвыркуна не чуюць ягонага цяжкога поступу. Сямёра толькі ўдыхаюць і выдыхаюць паветра ў цеснай хаце.

Малы Юсі дыхае ледзь чутна. Ён нарэшце супакоіўся і заснуў каля матчыных грудзей, а потым яго паклалі ў смярдзючую калыску. Там і ляжыць ягонае маленькае цельца, і дзіця, само таго не ведаючы, ужо імкнецца па моры часу насустрач сваёй далёкай даросласці і яшчэ больш аддаленай старасці ды нікому не вядомай смерці, пасля якой усё будзе па-ранейшаму нязменным, а бераг мора часу так і застанецца нябачным і недасяжным. Гэта малое цельца з плоці, крыві, касцей. Але і яно ўжо на пачатку свайго нялёгкага шляху насустрач смерці.

У ягоных касцях ужо ідзе нейкае пакуль што нікому не бачнае пераўтварэнне, якое выяўляецца толькі ў скрыўленых нагах і бугрыстых нарасцях на галаве.

А калі цемра гусцее, з кутка калыскі вылазіць клоп і надзвычай спрытна пачынае поўзаць у прасцінах, пакуль не дабіраецца да мэты. Звесткі пра тое няспынна ідуць у чуйныя клеткі мозга. Калі ж паток звестак ускіпае, тады пачынае гучаць далёкі голас, абуджаючы сваімі хвалямі таемную дзейнасць у галовах заснулых людзей. Але толькі адзін з іх адгукаецца на гэты кліч.

Мая ўстае, працірае запаленыя вочы, пачухвае бок і, пакінуўшы храпучага Пеньямі, ідзе да малога. Маці гушкае дзіця, але той не супакойваецца, а крычыць яшчэ мацней. Тады Мая нахіляецца над калыскаю і раздражнёна дае сыну цыцку. Калі ж нарэшце ён адвучыцца ад матчыных грудзей? Пачуццё глыбокай абыякавасці ахоплівае Маю, калі яна скупа корміць сына пасярод глухой ночы. Цяжка ўсё гэта. Акрамя таго, яна ведае, што гаспадарка загразла ў пазыках.

На нейкі час хлопчык супакойваецца, а тысячы знешніх і ўнутраных акалічнасцей працягваюць сваю няспынную працу, ператвараючы гэтую малую істоту ў чалавечую асобу. Мая ўздыхае і зноў укладваецца побач з Пеньямі. Нешта мармыча ў сне Кустаа, потым зноў наступае цішыня. Цвыркун грызе вокладку пакінутага каля сцяны катэхізіса.

Ад тае пары ў памяці Юсі зберагліся толькі паасобныя ўрыўкі: пералівы сонечнага ці месячнага святла на падлозе, сярдзітыя воклічы, трэск запаленай лучыны. Надоўга запомнілася малому адна карціна: ярка асветленая свечкамі, упрыгожаная саламянымі вянкамі, з саломаю на падлозе і гучаннем псалмоў калядная хата. Аднак першы цвёрды ўспамін, які незалежна ад ягонага жадання збярогся ў памяці, застаўся ад наступнага выпадку.

Ён адзін у вялікім пакоі. І такая хвіліна, што не хочацца рабіць нічога. Ён толькі што быў у памяшканні, дзе пякуць хлеб, і маці пачаставала яго кавай. Кажуць, што яму ідзе ўжо шосты год. Ён хлопчык. Ён сядзіць на падлозе і разглядае вокны і аконныя вушакі. Яму здаецца, быццам штосьці спынілася і замёрла. А можа, ён толькі што заўважыў тое, што было заўсёды. Субота, нядзеля, аўторак…

У сенцах нешта грукае, і праз нейкую хвілю ў хату ўваходзіць Пеньямі – бацька. Стары Пеньямі і малы Юсі глядзяць адзін на аднаго, і на імгненне паміж імі ўзнікае нейкае страшнае невядомае пачуццё, асэнсаваць якое яны не ў змозе. Таямнічы, нікім не бачаны чалавек раптам заварушыўся ўнутры старога Пеньямі, нібыта ён убачыў з засады, як па лесе крадзецца нейкі дзіўны звер. Пеньямі хоча хоць што-небудзь зрабіць хлопчыку. Усміхаючыся, ён глядзіць на сына, потым падымае і садзіць на прыпечак. Стары дастае з кішэні пáраную бручку і загадвае малому есці. Хлопчык паслухмяна пачынае жаваць пачастунак, не ведаючы нават, ці смачна гэта, ці не. Ён чуе знаёмы пах гарэлкі і тытуню, незвычайна блізка, на ўзроўні са сваім тварам, бачыць барадаты бацькаў твар, ягоныя маленькія вочы. Бацька – гэта страшнаватая істота… А той усё ўсміхаецца і мітусліва штосьці шукае па кішэнях, вымае з-за шчакі кавалак зжаванага тытуню і ляніва, нібы гуляючы, запіхвае смярдзючую жвачку хлопчыку ў рот. Малы не адважваецца супраціўляцца, сілы на тое ў яго няма, ён толькі крывіць рот у надрыўным плачы. П’яны стары Пеньямі задаволены сваім паскудным жартам. Гэта ж Маін сын… Тут у п’янтоса прачынаецца дзікае жаданне ўчыніць што-небудзь кепскае і самой Маі. Ён ніяк не можа ўспомніць, ці лупцаваў ён калі як след гэтую Маю. Раней у яго былі дзве жонкі, і стары ўжо не памятае, чым ён «частаваў» кожную з іх.

Мая ўваходзіць у хату якраз тады, калі Пеньямі сілком спрабуе засунуць свой замазаны тытунём палец у рот малому. Яна падыходзіць, намерваючыся ўзяць хлопчыка і паставіць яго на падлогу. Жанчына бурчыць:

– Чаго ты зноў нажлукціўся…

У адказ Пеньямі раве старэчым голасам, знарок распальваючы сваю лютасць:

– Сціхні, баб’ё! – і адштурхоўвае жонку.

– Што ты будзеш жэрці налета, п’янюга ты паганы! Адчапіся ад хлопца!

– Замаўчы, праклятая карова! – крычыць Пеньямі і ў шаленстве паварочваецца да Маі.

Тады Юсі саскоквае з прыпечка так шпарка, ажно нешта хрусціць у пятцы, і, выціраючы запэцканы тытунём рот, выбягае на двор. Змяркаецца. Праз вароты ў двор заходзіць муж павітухі Тааветці з вялікім берасцяным куфэркам пад пахай.

– Ці дома бацька? – пытаецца ён сіпатым голасам.

Юсі не адказвае. Ён назаўсёды застанецца ў памяці Тааветці гэткім няветлым паскудным падшыванцам. Тааветці прынёс старому Пеньямі тытуню, бо ў таго самасад панішчылі замаразкі.

Счакаўшы кароткі час, Юсі ціхенька крадзецца ў хату.

– Добрая ў цябе баба, – кажа Пеньямі, заціснуўшы адкрытую табакерку паміж каленяў. – Хэ, я ж ведаю тваю бабу лепей, чым ты сам.

– Вядома, тут ты ў нас вялікі знаўца, – сіпіць Тааветці. – А ці ведае гаспадар, як зіму перажываць будзем?

– А мне напляваць на тое, я пра тваю бабу кажу. Ты яе хоць раз адлупцаваў як след ці не?

У хату зноў уваходзіць Мая. Пеньямі скоса глядзіць на яе і заўважае Юсі.

– А гэты паўшабэлак усё яшчэ тут? А во табе тытуню! – у строгім голасе чуюцца добразычлівыя ноткі, але Юсі на ўсялякі выпадак паціху адсоўваецца да дзвярэй. Мая выходзіць, гучна грукнуўшы дзвярыма.

– Што!!! Ды я цябе!!! – захліпваецца шалёным крыкам Пеньямі, ускаквае, але не кідаецца следам за жонкай, а бяссільна апускаецца на лаву.

А Тааветці зноў за сваё:

– А-а-а… Што ні кажы, а ліхая сёлета будзе зіма. Хоць у Нікілі яшчэ ёсць крыху жыта…

– Нечага тут скавытаць, хадзем лепей вып’ем, – сярдзіта перапыняе яго Пеньямі.

Тааветці ахвотна ідзе следам за гаспадаром, бо выпіўка – гэта куды лепей, чым скаргі на дрэнны ўраджай, шкада толькі, што стары нічога пра тое не кажа. Абодва падымаюцца ў каморку пад самым дахам.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3