Силланпяя Франс Эмиль - Праведная галеча стр 6.

Шрифт
Фон

Тым летам бесперапынна ішлі дажджы. Пасля св. Якуба ніводзін дзень не праходзіў без таго, каб вада не лілася на раздрузлыя ад гразі дарогі і раскіслыя палі. Старыя голасна бедавалі, маладыя маўчалі, а дзеці засмучана глядзелі ў пацямнелыя вокны і разумелі, што ім ужо болей ніколі не вярнуцца да былых гульняў. На двары пранізлівы халодны вецер, кроплі ледзяной імжы балюча шчыпаюць праз тонкую кашулю, босыя ногі дубянеюць – дык бягом назад, у цёплую хату.

Трывожныя думкі дарослых адбіваліся на іхніх тварах, і ад таго незразумелы трывожны смутак ахопліваў дзяцей, яны сумавалі па светлых днях сяўбы і жніва. Старэйшыя дзеці прыціхлі і моўчкі назіралі, як дарослыя, калі дождж на кароткі час пераставаў, звозяць у асеці прарослае зерне і выкапаную з гразі бульбу, як яны па калена ў ліпкай гліне робяць адчайныя спробы пасеяць азімае жыта. У тую восень на хутары Нікіля для Юсі і Маі выдаліся толькі два шчаслівыя дні, калі Пеньямі едзіў у Тамперэ. Ягонае зерне было непрыдатнае для ўсходаў, і Пеньямі прадаў амаль усю дамашнюю скаціну, каб купіць жыта на насенне. Ён і сапраўды вярнуўся з запасам зерня, праўда, крыху недастатковым, каб засеяць усё поле. Затое ён упершыню прывёз з Тамперэ сапраўднай гарадской гарэлкі і, залезшы ў даўгі, узяў пазыку ў гандляра. З гэтага і без таго невялікага насеннага запасу Мая ўпотай «запазычыла» крыху, каб памяняць на каву. Калі Пеньямі выявіў страту, у доме два дні лютавала жорсткая сварка, якая часам пераходзіла ў сапраўдную бойку.

Позняй восенню з’явіліся рэдкія ўсходы азімага жыта, слабыя і бляклыя. Большая частка палёў Нікілі засталася незасеянаю, і таму яшчэ да Калядаў у хлеб пачалі падмешваць мякіну. Пасля Усіх Святых на хутары засталося толькі двое мужчын: Юсі ды Пеньямі. Усе гаспадарчыя работы дасталіся двум торпарам.

Так і пакутавалі гэтыя людзі ў глухіх лясах, ім было не да размоў аб «народзе Суомі», а ўсё новыя і новыя нягоды абрыналіся на іх тыдзень за тыднем, месяц за месяцам. Чэрвень тым годам выдаўся такі, што а трэцяй гадзіне пад ранне ў мяккім святле з-за хмар можна было ўбачыць снег на схілах Свіной горкі, бліскучы лёд на возеры і палеглыя парасткі на нівах. Потым было Купалле, і на некалькі тыдняў пасля яго нечакана ўсталявалася цёплае надвор’е, але нічога добрага людзі не чакалі, бо ў тым было нешта падобнае да сітуацыі з хворым, які напралом ірвецца вон з лякарні, адчуўшы нязначную палёгку. Потым надышлі першыя дні верасня, светлыя ранкі якіх усміхаліся ўстрывожаным людзям, нібы кажучы:

– Чаго вы здзіўляецеся? Няўжо вы не бачыце, што гэта сапраўды святочныя ранні? Ідуць новыя часы!

Нібыта наўмысна дзеля свята прырода паслала тры дзівосныя заінелыя ранкі, хоць хапіла б і аднаго.

Людзі, якія хадзілі па вузкіх вясковых вулачках, здаваліся такімі маленькімі. Бачылі там і Пеньямі з хутара Нікіля, на дзіва чыстага і цвярозага. На ніве Хусары ён убачыў людзей, якія касілі рэдкую збажыну і зграбалі яе ў невялічкія капёшкі. Звычайна ён заўсёды спыняўся, каб пасмяяцца з гэткага здабытку, але гэтым разам ён прайшоў і ветліва павітаўся такім жаласным голасам, быццам хацеў заплакаць.

Нарэшце пасля доўгай падрыхтоўкі, пасля аддаленых пагроз, якія ўсё ж пакідалі пэўную надзею, заявіўся і сам вялікі госць, пазбавіўшы людзей ад пустых пакутлівых спадзеваў. У вёсцы Хар’якангас толькі тата Оліла сабраў сякі-такі ўраджай. Што праўда, ён не надта звяртаў увагу на тое, а толькі гучна абвяшчаў з-за сваёй густой барады:

– Горш за ўсё тое, што карá ад дрэў адстае толькі ўвесну!

Змяркалася. Апошні раз сямейнікі Нікіля сустракалі свята Нараджэння Хрыстова ўсе разам. Але нават у такі час людзей гэтак апаноўвалі тысячы дробязных турбот, што пра Каляды ўспаміналі толькі тады, калі сутонне заганяе ўсіх у хату. Але гэтым разам іхнія душы не паддаюцца святочнаму настрою і людзі не спяшаюцца сысціся за калядным сталом. У гэтых грубых звонку людзей на працягу тысячагоддзяў прырода нейкім таямнічым чынам стварыла чулую душу, і таямніцу гэтую разгадаць не ўдаецца. І не адзін з іх сярод усяго клопату і ўсёй мітусні раптам запаволіць хаду, нібы пачуўшы знаёмы з дзяцінства шолах крылаў каляднага анёлка ў змроку напярэдадні Калядаў, быццам у прадчуванні галоднага года. Таму лепей не спяшацца ў хату, а як мага даўжэй пабыць у двары… Напэўна, іншыя таксама заўважылі, як пралятае той анёлак, і праз гэта ў іхнія душы патхнула цяжкім злавесным прадчуваннем, але ніхто не хоча паказаць гэта сваім позіркам.

А і тае восені калядны вечар усё набліжаўся, бо ніякія замаразкі не могуць спыніць няўмольную плынь часу.

У цьмяным святле кароткага дня на лаўцы каля акна сядзіць стары Пеньямі. Ён стаміўся і глядзіць на двор згаслымі вачыма, сілы не засталося нават на сварку. Жахлівыя прадчуванні яго не трывожаць, бо не бачыў ён аніякага каляднага анёлка. Нічога не робячы, ён сядзіць у пустой хаце, і злосць перапаўняе ягоную душу.

Каляды… Стары Пеньямі перажыў шмат шыкоўных калядных свят. Калядны настрой, абуджаны лішкам гарэлкі, дамашняга піва і свініны, бурна струменіў па жылах. На тыя даўнія калядныя святы мужчына адчуваў сябе сапраўдным гаспадаром у сваёй сядзібе. Баб’ё і ўсе шчаняты затрэсліся ад страху, калі ён каляднай ноччу, нешта з усяе сілы гарлаючы, выправіўся на суседні хутар Хусары, з гаспадаром якога ён тады судзіўся. Спачатку яны пабіліся, потым старгаваліся наконт каня і ўрэшце заснулі ў хлебапякарным пакоі на хутары Хусары. Аднак спалі яны нядоўга і на досвітку пад звон званочкаў паляцелі ў царкву. На ўсю шырыню душы спраўлялі тады Каляды! А следам за каляднай ноччу ішла ноч св. Стэфана, і шмат яшчэ якіх начэй, аж да Вадохрышча. Шалёныя былі Каляды, дый бабы былі маладзейшыя.

У змроку пад надыход Калядаў, якія папярэднічаюць галоднаму году, сядзіць стары Пеньямі ў пустой хаце і знясілена ўспамінае старыя добрыя часы. Ён пачувае сябе такім самотным ва ўсім свеце. Да тых істот, якія цяпер мітусяцца ў гасподзе, ён адчувае толькі млявую агіду. Яны існуюць толькі дзеля таго, каб засведчыць ягонае прыніжэнне, бо цяпер і ён амаль параўнаўся з імі. Павітуха Ловіса пакуль што жывая, але яна ўжо старая, а старыя бабы нічога не вартыя і ні да чога не прыдатныя.

Пеньямі ведае аднаго чалавека, які нават гэтым часам мае гарэлку. Пеньямі думае пра тату Олілу. Ён куды старэйшы за Пеньямі, аднак не належыць да таго кола людзей, у якое ўваходзіць стары Пеньямі: ён наогул не ўваходзіць ні ў якае кола, ён – сам па сабе. Ён да прыкрасці самастойны, ён вышэйшы за Пеньямі і за ўсіх астатніх. Пеньямі ведае, што тата Оліла глушыць гарэлку больш за яго, аднак ён здаравейшы і багацейшы. Часцей за ўсё ў таты Олілы ядуць чысты, без мякіны, хлеб, і замаразкі пабілі не ўсе ягоныя пасевы, дый з Кокемякаў яму падвезлі тры вялікія вазы корму. І ў дадатак да ўсяго Пеньямі вінаваты яму шэсцьсот рублёў… З такім не паблазнуеш на Каляды.

Пеньямі ўстае і хісткімі крокамі выходзіць на двор, не ведаючы, куды яму падацца. Ён заўважае, што на пагорку тырчыць і мерзне Юсі, і хоча даць яму дыхту, як раптам з-за саўны з’яўляецца стракатая купка людзей, якія валакуць за сабой вялікія сані. Гэта агульнавядомае відовішча, і дух Пеньямі ажыўляецца і поўніцца ўсведамленнем таго, што для гэтых людзей ён усё яшчэ гаспадар.

– Добрых Калядаў! – кажуць жабракі з паўночным акцэнтам.

– Добрых, ды не тут. Тут вам, паўночнікі, гэтым разам не будзе прытулку. Ідзіце ў Оравайнен, там і будзе вам начлег. А тут нічога не будзе, ідзіце, я вам кажу!

Пеньямі ідзе ў Олілу, і малы Юсі можа спакойна паглядзець, як адыходзяць жабракі з поўначы. Пабірахаў са свайго прыхода мясцовыя жыхары не называюць жабракамі. Нават праз пяцьдзясят гадоў, у час вайны, калі гаворка пачынался аб людзях з поўначы, іх і тады Юха Тойвала лічыў страшэнна чужымі – так глыбока запала яму ў душу тое каляднае ўражанне.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3